Видео реклама

 

Асоба

З пакалення «знесеных ветрам»

З пакалення «знесеных ветрам»

Прыдуманы амерыканскай пісьменніцай вобраз надзвычайна падыходзіць да нашых землякоў, якія жылі, кахалі, радаваліся і пакутавалі ў апошнія дзесяцігоддзі перад рэвалюцыяй. Кажуць, у перыяды, якія папярэднічаюць вялікім узрушэнням, як нiколi часта з’яўляюцца асобы, што робяць справай свайго жыцця асветніцтва і становяцца бескарыслівымі настаўнікамі для свайго народа. Сярод такіх асоб – княгіня Марыя Магдалена Радзівіл.

Яна нарадзілася 8 ліпеня 1861 года ў Варшаве. Дзяцінства яе прайшло ў родавых маёнтках на Беларусі – Жарноўцы і Куцічы ў Ігуменскім павеце. Бацька асветніцы, граф Ян Завіша-Кежгайла, які паходзіў са старадаўняга беларуска- літоўскага роду, быў шырока вядомы як археолаг і этнограф. Ён імкнуўся прывіць сваім дзецям любоў да роднай зямлі, і сам быў для іх у гэтым прыкладам. А вось маці, графіня Марыя, была тыповай полькай.

Вызначалася касмапалітызмам, які выражаўся ў захапленні ўсім французскім і англійскім. Яна дабілася, каб дзяцей выхоўвалi гувернанткi-іншаземкi, якія прывілі падапечным цікавасць да французскай літаратуры і культуры і бездакорныя свецкія манеры. Па сведчаннях сучаснікаў, у юнацтве Марыя Магдалена прыцягвала ўвагу сваёй арыстакратычнай вытанчанасцю. У яе былі залацістыя валасы, прыгожы авал твару, глыбокія шэрыя вочы, надзвычай белая скура і грацыёзная хада. У 1881 годзе дваццацігадовая прыгажуня ўзяла шлюб з закаханым у яе 49-гадовым графам Людвікам Красінскім. Яе муж быў асобай неардынарнай, меў славу ўзорнага гаспадара. У сваіх уладаннях ён пабудаваў і абсталяваў самай новай тагачаснай тэхнікай цукроўні, цагельні, млыны, правёў да іх вузкакалейную чыгунку, але найбольшую вядомасць набыў дзякуючы свайму захапленню конегадоўляй. Яго конезавод лічыўся лепшым у Польшчы. Захапляўся граф і мастацтвам. У сваім маёнтку ён меў вялікую калекцыю антыкварыяту. На другі год замужжа ў Марыі Магдалены і графа Людвіка нарадзілася дачка. У гонар бацькі названа яна была Людвікай. Дзяўчынка паспела парадаваць сваім з’яўленнем і старога графа Завішу-Кежгайлу. Адчуваючы хуткую канчыну, бацька Марыі Магдалены паклапаціўся, каб у тэстамент былі ўключаны імёны яго любімай дачкі і ўнучкі. Ім ён завяшчаў маёнткі Жарноўцы і Кухцічы, дзе прайшло маленства Марыі Магдалены, а таксама некалькі вёсак на Вялікапольшчы. Граф Завіша-Кежгайла памёр у 1882 годзе. А праз трынаццаць гадоў, у сакавіку 1895 года, Марыя Магдалена страціла і мужа. Дзякуючы спадчыне, якая засталася ёй пасля двух самых дарагіх для яе сэрца мужчын, Марыя Магдалена стала адной з найбагацейшых землеўладальніц краю. Зразумела, што да яе амаль адразу пачалі заляцацца з прапановамі рукі і сэрца. Але яна не спяшалася зрабіць выбар, бо слушна меркавала, што прэтэндэнтаў цікавіць не столькі яна сама, колькі яе багацце. Графіня палічыла за лепшае накіраваць грошы на філантрапічную дзейнасць і фундатарства. Выбраўшы месцам пастаяннага жыцця Кухцічы, маладая ўдава зрабіла ўсё, каб тутэйшыя сяляне жылі заможна і не ведалі бяды. Яна давала грошы пагарэльцам, выпрацавала цэлую сістэму пенсій для сваіх падданых, клапацілася пра навучанне сельскіх дзяцей. За сваімі вялікімі клопатамі Марыя Магдалена не
забывала папаўняць веды і ўзнімаць эмацыянальны тонус паездкамі за межы Беларусі. Яна рэгулярна наведвала Варшаву, падарожнічала па Італіі, гасцявала ў Францыі. Імкненне пабачыць новае закінула яе ў Англію. На Туманным Альбіёне лёс звёў яе з земляком – князем Мікалаем Радзівілам. Новы знаёмы прывабіў жанчыну незвычайнасцю свайго характару і жыцця. Сапраўдны авантурыст – у лепшым сэнсе слова. Стагоддзі з два таму ён мог стаць славутым першаадкрывальнікам або заваёўнікам заморскіх краін. Радзівіл значна вылучаўся з таго асяроддзя, што атачала Марыю Магдалену і дабівалася яе рукі ўжо не адзін год. Знаёмства хутка перарасло ва ўзаемнае каханне. Вянчанне адбылося 30 красавіка 1906 года ў Лондане, у каралеўскай Баварскай капліцы, і выклікала ў польскім грамадстве сапраўдны шок. Бо жаніх быў маладзейшым за нявесту… на дзевятнаццаць гадоў і быў варты хутчэй у спадарожнікі жыцця яе дачцэ. Марыя Магдалена парвала з польскім вялікасвецкім грамадствам. Дэманстратыўна пакінуўшы Варшаву, яна павезла мужа ў Кухцічы. Тут, у сядзібе жонкі, шчаслівы князь Радзівіл нечакана для сябе захапіўся збіраннем беларускага фальклору. Проста і сціпла апрануты, ён вандраваў па наваколлі, запісваючы народныя песні, казкі, паданні, занатоўваючы сцэнарыі старажытных народных абрадаў. Свае запісы адсылаў у Пецярбург у Геаграфічнае таварыства. Сямейную ідылію абарвала першая сусветная вайна. З першых яе дзён князь Радзівіл уступіў у армію Расіі. 30 лістапада 1914 года ён загінуў ва Усходняй Прусіі. Марыя Магдалена глыбока смуткавала, але ніколі не заставалася сам-на-сам з сваімі горкімі думкамі. Вакол яе заўжды былі ўдзячныя ёй прагрэсіўныя дзеячы беларускай палітыкі, навукі, культуры. Яе сэрца перастала біцца 6 студзеня 1945 года. Марыя Магдалена памерла. Аднак засталіся кнігі, што былі выдадзены на яе грошы, касцёлы, фундаваныя ёю, нашы землякі, якія з яе дапамогай атрымалі адукацыю і прысвяцілі сваё жыццё служэнню роднай зямлі. Засталася памяць.

 
Iрына Маслянiцына, Мiкола Багадзяж

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.