Видео реклама

 

Асоба

Подзвіг кахання

Подзвіг кахання

Гэтая жанчына была адной з самых яркіх і цікавых асоб XIV–XV стагоддзяў, часу, які вядомы беларускі паэт эпохі Адраджэння Мікалай Гусоўскі назваў «Часам Вітаўта». Гісторыя захавала вобраз вялікай княгіні літоўскай Анны. Святаслаўны, другой Вітаўтавай жонкі, светлым і чыстым.

Князёўна Анна нарадзілася каля 1365 года ў Смаленску, таму ў хроніках яе часта называюць Аннай Смаленскай. Жонкай удоваго Вітаўта, удзельнага гарадзенскага князя, сына вялікага князя літоўскага Кейстута, яна стала ў трынаццаць гадоў. Самому князю тады было дваццаць сем. Вітаўт быў гарачым і страсным. Аматар жаночай прыгажосці, ён хутка захапляўся і нават гатовы быў дзеля чарговай красуні пакінуць на некалькі дзён войска пад час паходу. Ён не захоўваў вернасці сваёй першай жонцы Марыі Лукомскай і, канешне ж, здраджваў таксама Анне. Але з тых часін як юная блакітнавокая і светлакосая смаленская князёўна была названа ім ля святога алтару жонкай, яго малайцоўская бесшабашнасць змянілася на стойкую прывязанасць да сужэнкі.

Толькі пяць гадоў адносна спакойнага жыцця падараваў лёс Вітаўту і Анне. За гэты час у іх з’явіліся двое сыноў – Іван і Юрый. Муж і жонка знаходзілі асаблівую радасць у тым, каб самім займацца іх выхаваннем. У Вітаўта ад першага шлюбу была яшчэ дачка Соф’я. Анна зрабіла ўсё магчымае, каб стаць для дзяўчынкі не мачахай, а другой маці. Дабрыня і чуллівасць дапамаглі ёй у гэтым.

Але сям’і Вітаўта былі наканаваныя цяжкія выпрабаванні… Бацька Вітаўта Кейстут кіраваў Вялікім княствам разам з братам Альгердам. Перад смерцю Альгерд прызначыў сваім пераемнікам сына Ягайлу. Але ўзаемаразуменне, якое было ў Кейстута з братам, не ўзнікла ў яго з пляменнікам. Ягайла наблізіў да сябе авантурыста Вайдылу, які стаў усяляк падбухторваць маладога вялікага князя супраць дзядзькі. Урэшце, дайшло да таго, што Ягайла звярнуўся да крыжаносцаў з просьбай дапамагчы яму пазбавіць Кейстута ўлады. Кейстут, даведаўшыся пра змову, хутка сабраў войска і разам з Вітаўтам павёў яго супраць Ягайлы. Момант нечаканасці спрацаваў на іх карысць. Уся сям’я Ягайлы, ён сам, а таксама Вайдыла трапілі ў палон. Не жадаючы крыві сваіх родзічаў, Кейстут і Вітаўт пакаралі смерцю толькі Вайдылу, а з іншых патрабавалі клятвы, што яны больш не будуць шкодзіць ім, і адпусцілі з мірам.

Аднак Ягайла неўзабаве парушыў клятву. У самы непадыходзячы для Кейстута момант пляменнік разам з крыжаносцамі выступіў супраць яго. Кейстут і Вітаўт хацелі дамовіцца з Ягайлам дабром, каб не губіць ва ўсобіцы лепшых воінаў Вялікага княства Літоўскага. Яны з’явіліся бяззбройнымі ў лагер Ягайлы на перамовы. Там іх па-здрадніцку схапілі. Бацька і сын адразу ж былі разлучаны. Сівога Кейстута зачынілі ў Крэўскім замку, а Вітаўта кінулі ў вязніцу Віленскага замка. Гэта адбылося ў жніўні 1382 года.

Калі вестка пра тое дайшла да Анны, свёкра ўжо не было ў жывых – па загаду Ягайлы Кейстут на пяты дзень пасля паланення быў задушаны турэмшчыкамі. А пасля ў турэмную вежу Крэва быў перавезены і Вітаўт.

Ад пастаяннага чакання смерці з Вітаўтам зрабіўся нервовы зрыў, і гэта дало магчымасць Анне дабіцца ад Ягайлы дазволу наведваць мужа ў вязніцы і даглядаць хворага. Некалькі дзён яе дапускалі да Вітаўта адну, пасля Ягайла злітаваўся і дазволіў служанкам Анны суправаджаць яе ў вязніцу.

Тады ў яе галаве ўзнік дзёрзкі план. Мяркуючы, што безбароды і бязвусы Вітаўт у адзенні служанкі змог бы пакінуць сваю вязніцу і пазбегнуць немінучай пагібелі, Анна стала шукаць дабраахвотную ахвяру, жанчыну, якая згадзілася б абмяняцца адзеннем з паланёным князем і застацца замест яго ў вежы. І такая жанчына знайшлася.

У дзень забойства старога Кейстута загінуў таксама яго верны слуга Рыгор Амуліч, які да апошняга абараняў свайго гаспадара. У Амуліча засталася нявеста, няўцешная Алена. Менавіта яна захацела ўратаваць Вітаўта. Пэўна, Алена верыла, што, атрымаўшы волю, князь адпомсціць Ягайле, які зламаў таксама і яе жыццё.

Доўга вагаўся Вітаўт, перш чым рашыцца абмяняцца з Аленай адзеннем і пакінуць дзяўчыну замест сябе на верную смерць. Прага помсты і пачуццё рыцарскай годнасці вялі паміж сабой барацьбу ў яго душы. Але Алена здолела знайсці патрэбныя словы. «Ведаю, што мяне чакае, – сказала яна, – але маёй смерці ніхто не адчуе, а твая смерць была б няшчасцем для Літвы…»

Калі на небе засерабрыўся месяц, ахоўнікі пабачылі, як дзве жанчыны, сумна схіліўшы галовы і хаваючы твары пад капялюшамі сваіх плашчоў, выйшлі з турэмнай вежы. Іх постаці былі ўвасабленнем суму і адчаю. І, ведаючы ўжо аб хуткай і непазбежнай смерці Вітаўта, крэўскія воі спачувальна ўздыхалі, праводзячы паглядам княгіню Анну Святаслаўну, што пакідала Крэва са сваімі служанкамі і атрадам ашмянскай шляхты, які ахоўваў яе ў дарозе…

А як жа вязень? Тры дні і тры ночы ляжаў ён на ложку, захутаўшыся ў коўдру і адвярнуўшыся да сцяны. На чацвёртыя суткі турэмшчыкі западозрылі няладнае. Яны адкінулі коўдру з твара таго, хто знаходзіўся ў вязніцы. І пабачылі служанку Анны.

– Навошта ты тое зрабіла? – спытаўся Ягайла.

– Успомні пра Амуліча! – адказала Алена.

Гэта былі яе апошнія словы. З адважнай дзяўчынай жорстка расправіліся. Але Вітаўт з вернай Аннай на гэты час ужо быў за межамі княства. Яны знайшлі прытулак у Мазовіі, дзе замужам за мясцовым князем была родная сястра Вітаўта Дайнітэ.

Подзвіг Алены, якая ахвяравала сабою дзеля ўратавання Вітаўта, быў апеты і ўслаўлены многімі літаратарамі. Подзвіг Анны Смаленскай, якая засталася ў жывых і падзяліла з мужам яго нялёгкі лёс, аказаўся не менш слаўным. Трыццаць наступных гадоў Анна знаходзілася побач з мужам, жыла яго неспакойным жыццём, удзельнічала разам з ім у палітычнай барацьбе, ахвяравала сваім асабістым «я» дзеля яго. Яна сапраўды кахала Вітаўта. Але наколькі вялікім можа быць жаночае каханне?

Нейкі антычны філосаф прапаноўваў выпрабоўваць яго наступным жорсткім спосабам: паставіць перад жанчынай яе мужа і яе дзіця і прапанаваць зрабіць выбар паміж імі, заявіўшы, што іншы будзе неадкладна прынесены ў ахвяру багам. Варварскае выпрабаванне, нявартае таго, каб было яно нават апісана пяром адукаванага эліна. Але менавіта такое было прыгатавана лёсам для Анны Святаслаўны…

Пасля вяртання Вітаўта на радзіму Анна падтрымала яго ў змаганні з Ягайлам за права на вялікакняжаскую карону. У 1390 годзе з мэтай дамагчыся ваеннай і грашовай дапамогі ад крыжаносцаў (сваімі сіламі складана было супрацьстаяць Ягайлу) княгіня добраахвотна згадзілася стаць заложніцай магістра Конрада Цольнэра і пакінула ў Ордэне заложнікамі таксама сваіх сыноў Івана і Юрыя. Яна была разлучана з дзецьмі і зняволена рыцарамі ў Крэмітэнскім замку.

У 1392 годзе Анна Святаслаўна атрымала, дзякуючы епіскапу Плоцкаму Генрыку ад магістра літасцівы дазвол аб’яднацца з мужам, якога ёй раней не дазвалялася нават бачыць. Але сустрэча пасля першых жа мінут радасці прынесла Анне сум. Вітаўт паведаміў жонцы, што прыняў рашэнне адмовіцца ад саюзу з крыжаносцамі, спыніць барацьбу з Ягайлам і вярнуцца ў Вялікае княства Літоўскае. Ягайла, які стаў да гэтых часоў каралём Польшчы, праз Генрыка Плоцкага абяцаў стрыечнаму брату мір, любоў і ўладу ў Вялікім княстве Літоўскім. Дзеля гэтага давядзецца парушыць клятву вернасці Ордэну, якую ён прыносіў перад магістрам.

Анна не магла не разумець, што гэта значыць. Крыжаносцы, даўшы ёй магчымасць жыць побач з мужам, тым не менш не аддалі ёй сыноў. Можа, сам Вітаўт наіўна разлічваў на «рыцарскі гонар» свайго былога саюзніка, але Анна матчыным сэрцам адчула немінучасць расправы над бязвіннымі яе дзецьмі. Лёс паставіў яе перад нялёгкім выбарам. Анна разумела, што для яе мужа галоўнае вярнуць бацькоўскі прастол. Адмовіўшыся ад прапанаванага Ягайлам міра, Вітаўт пазбавіў бы сябе назаўжды такой магчымасці, бо кароль Польскі быў надта моцным супраціўнікам, каб крыжаносцы маглі адваяваць у яго для князя-ізгоя вялікакняжаскі прастол. Адзінае, што магло ўратаваць яе дзяцей, – зварот да магістра з патрабаваннем вярнуць сыноў узамен выдачы планаў мужа. Але тады немінучая смерць пагражала бы Вітаўту.

Храністы не пакінулі нам апавядання аб пакутах жанчыны, душа якой да апошняга супрацівілася падобнаму выбару. Мы толькі ведаем, што ў рэшце рэшт Анна Святаслаўна выбрала мужа… 

У язычніцкіае свята Купалле верныя Вітаўту воіны захапілі арсенал крыжаносцаў з Рытэрсвердэра, падпалілі сам замак і накіраваліся ў Гродна, дзе ў гэты час таксама знаходзіліся крыжаносцы. Пасля кароткай сутычкі горад быў узяты. Вітаўт папоўніў свой атрад гараджанамі, якія віталі яго. З імі пайшоў мяцежны князь да Метэмбэрга і Нейгартэна і завалодаў імі. Гэта мусіла стаць своеасаблівай рэабілітацыяй Вітаўта перад сваім народам, які ўспрымаў яго, саюзніка крыжакоў, амаль як ворага. І літвіны сапраўды даравалі князю. І палюбілі яго.

У жніўні гэтага ж года Анна прысутнічала на прымірэнні Вітаўта з Ягайлам у Астраўцы, а потым і на ўрачыстым вянчанні мужа ў Вільні на вялікакняжаскі прастол. А ўсяго праз некалькі тыдняў пасля гэтага ганцы прывезлі ёй сумную вестку: крыжаносцы атруцілі яе сыноў. Больш дзяцей Бог ёй не паслаў… 

Анна Святаслаўна памерла ў 53-гадовым узросце. Да канца жыцця яна заставалася вернай саратніцай мужа, падзяляючы з ім небяспеку праўлення ва ўмовах пастаянных набегаў крыжакоў, удзельнічаючы ў палітычных рашэннях і дыпламатычных сустрэчах і марачы пра тое, каб назаўжды скончыць з жорсткім тэўтонскім ордэнам. Усё лепшае, што было ў характары Вітаўта, выкрыла і развіла княгіня Анна. Гэта разумеў і сам Вітаўт, і яго саюзнікі, і нават ворагі. «Якая жанчына! – усклікалі крыжаносцы ў шчырым захапленні. – Рэдкасць і вялікая рэдкасць сярод Евіных дачок… Ён знайшоў у ёй анёла-ахоўніка…»

Мара княгіні Анны збылася ў 1410 годзе, калі Вітаўт і Ягайла павялі войскі свае на Грунвальдскае поле, каб вярнуцца адтуль з трыумфам і вялікай славай. Праз восем гадоў яе не стала. Вітаўт горка аплаквай сваю Анну. Ён завяшчаў пасля смерці пахаваць яго побач з жанчынай, якая прысвяціла яму ўсё сваё жыццё. 

І цяпер яны ляжаць побач у каменных саркафагах у віленскім саборы святога Станіслава.
Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.