Видео реклама

 

Паданне

Змяя на шчыце

Змяя на шчыце

Ніколі яшчэ рака Муха не была такой прыгожай. Расквечаная гірляндамі з аксамітных і жывых кветак і тысячай рознакаляровых агнёў, яна была падобна на нейкую райскую дарогу, па якой, мабыць, маюць права хадзіць толькі бессмяротныя душы праведнікаў.

Натоўп апранутых па-святочнаму мужчын і жанчын шуміць па абодвух берагах. Іх сагнаў сюды суровы наказ, але нават калі б не было яго, сустракаць каралеву выйшла б усё наваколле. Людзі з нецярпеннем углядаюцца ўдалечыню: вось-вось павінна бліснуць там у апошніх промнях сонца залачоная ладдзя.

На самым высокім месцы размясціліся музыкі. Здаецца, усіх іх зараз звядзе адчайная сутарга – ім першым належыць убачыць каралеву, каб пяшчотнай музыкай вітаць яе з’яўленне. Усё мусіць быць весела і бесклапотна, як у роднай краіне яе маці, каралевы-нябожчыцы Боны Сфорца. Італьянку Бону ў мінулыя часы тут бачылі часта. Не забывалася яна пра свае палескія ўладанні. Маладая, вясёлая, незвычайна прывабная, яна будавала тут масты і гаці, касцёлы і шпіталі. Палешчукі любілі яе.

Дачка Боны, каралева Ганна, пэўна, будзе вартая сваёй маці ва ўсім! Хаця, кажуць, апошні час, як Ганна аўдавела, яна вельмі сумуе. Але хіба вясёлы горад Дабучын не зможа развеяць сум сваёй гасударыні?

Вось празвінелі над ракою ціхія гукі лютні. Уразлівую, выпешчаную мелодыю падхапілі іншыя інструменты. Картэж каралевы паказаўся ўдалечыні…

А вось і сама каралева Ганна, апошняя з дынастыі Ягелонаў. Журботная немаладая жанчына з аплыўшай таліяй і вялікімі сумнымі вачыма. Заморскія румяны не робяць яе твар свяжэйшым і ўжо зусім не хаваюць непрыгожыя рубцы ад перанесенай воспы. Здаецца, нічога не вабіць яе тут, і сама яна не тут, але ў сваіх нікому не адкрытых думках. І тыя, хто знаходзіцца побач з ёй у ладдзі, адчуваюць, што непатрэбныя ёй, і збянтэжана маўчаць.

І толькі адна істота шчасліва і шчыра захапляецца і бляскам агнёў, і гукамі лютні – гэта маленькі паж каралевы, цудоўнае залатавалосае дзіця сямі гадоў. Толькі пазіраючы на яго раз-пораз, каралева як быццам вяртаецца на гэтую зямлю, напоўненую гукамі і фарбамі. Сумная маска знікае з яе твару – яна ажывае.

Паўгода назад гэтага хлопчыка прывёў да каралевы беларускі шляхціц з усмешлівым тварам і блакітнымі, як неба ў летні дзень, вачыма. Ён сказаў:

– Глянь, сынок, якая добрая і прыгожая ў цябе пані! Пакляніся ж стаць сапраўдным мужчынам і абараняць яе, пакуль хопіць жыцця!

І хлопчык усміхнуўся гэтак жа шырока і шчыра, як яго бацька.

Шляхціц родам быў з-пад Гародні. Верай і праўдай служыў ён мужу Ганны Ягелонкі, каралю Баторыю, і быў яго целаахоўнікам. Калі Баторыя не стала, ён пакінуў службу, каб не прысягаць камусьці іншаму. Але, ведаючы, якой адзінокай пасля смерці караля стала гасударыня, ён вырашыў аддаць ёй самае дарагое, што меў, – свайго сына.

Зрэшты, хутка бацька юнага пажа загінуў. Недарэчна, пад час бойкі задзірыстай шляхты на местачковым сейміке. І ў хлопчыка не засталося нікога з родных людзей. Толькі яго гаспадыня-каралева.

Залачоная ладдзя ўплывае ў горад – тут рака становіцца найбольш глыбокай і небяспечнай, і таму весляры замаруджваюць ход. Дабучынцы бягуць за картэжам каралевы і нешта крычаць. Гэта – пажаданні шчасця і здароўя на палескай гаворцы. Звычайныя словы – як жа часта даводзіцца ёй чуць іх! Яе шчасце пайшло ў нябыт разам з мужам яе, каралём Баторыем. А здароўя яна пазбавілася яшчэ ў трыццацігадовым узросце, пасля таго як спаткалася з воспай. Цяпер жа ёй – амаль шэсцьдзесят. Сухая галіна некалі раскідзістага дрэва… Але што гэта такое? Жадаючы, пэўна, зрабіць сваёй каралеве прыемнае, гараджане пачынаюць выкрыкваць імя яе маці – Бона! Кулакі каралевы міжволі сціскаюцца, ды гэтак, што касцяшкі пальцаў становяцца зусім белымі. Як могуць яны?! Толькі Бона, толькі яна, уладная і ганарлівая, зрабіла дачку сваю Ганну няшчаснай… Таксама, як і трох яе сёстраў, каралевен Ізабэлу, Зоф’ю і Катажыну.

Кожная дзяўчына марыць кахаць і быць каханай, выйсці замуж і нараджаць дзяцей. Аднак Боне казаліся нявартымі ўсе, хто сватаўся да яе дачок.

Вясёлыя і румяныя дзяўчаты-падлеткі ператвараліся ў пяшчотных, бы аранжарэйныя кветкі, дзяўчын-нявест, пасля – у пышных, спелых жанчын і, у рэшце рэшт, у нервовых кабет, з першай сівізной у косах і першымі зморшчынкамі на твары. Павольна яны адыходзілі ад вясёлага прыдворнага баўлення часу, замыкаліся ў сабе. І вось ужо сумнай чародкай каралеўны, старыя панны, суправаджаюць маці на набажэнства ў палацавую капліцу, сядзяць побач, на святах і ўрачыстых прыёмах самотныя, вянучыя. І сэрца кожнай салодка замірае, як толькі падаецца, што хтосьці з прыдворных кавалераў кінуў у яе бок зацікаўлены позірк.

Ганна была самай пакорлівай з сясцёр, яна свята верыла сваёй маці і не пераставала спадзявацца на магчымасць шчасця. Аднак пры жыцці Боны яна так і не апранула шлюбнага ўбора. Калі Бона памерла, Ганне было амаль сорак. А потым надышла хвароба. Пасля воспы каралеўна развіталася з надзеяй калі-небудзь наладзіць сваё асабістае жыццё.

Аднак, пэўна, для Госпада не была Ягелонка такой жа абыякавай, як для ўласнай маці. У пяцідзесяцігадовым узросце ён паслаў ёй мужа – трансільванскага князя Стэфана Баторыя, які разам з рукою Ганны прыняў польскі прастол. І Ганна была такой удзячнай!
Калі кароль і каралева выходзілі пасля вянчання з касцёла, народ, забыўшыся на ўзрост Ганны, сустракаў яе пажаданнямі: «Дзяцей вам, пані каралева! У год па аднаму!».

Але дзяцей у Ягелонкі быць ужо не магло. А каралю, як любому мужчыне, безумоўна, хацелася мець спадчынніка. Яна ведала гэта, адчувала сваю віну і раўнавала. Гэтак моцна, што Баторый урэшце не вытрымаў і з’ехаў з Польшчы ў Гродна, дзе і жыў некалькі гадоў. А пасля ён раптоўна памёр… І ў Ганны нікога не засталося ў гэтым свеце…

Каралева пачынае нервова круціць пярсцёнак на пальцы. Яна ўжо стамілася і сапраўды хоча, каб гэты прыём найхутчэй скончыўся. Дабучынцы ўсё нешта крычаць, Ягелонка ўздымае руку, каб вітаць іх. І раптам пярсцёнак, вялікі залаты пярсцёнак, шлюбны падарунак караля, злятае з рукі і падае ў ваду.

Не адразу зразумелі слугі, што здарылася, i недаравальна замарудзіліся. Таму што тут жа за пярсцёнкам у раку скочыў хлопчык-паж. Натоўп уздыхнуў, каралева ўскрыкнула. І вось ужо некалькі моцных усплёскаў сведчаць пра тое, што за хлопчыкам кінулася адразу некалькі чалавек з ладдзі і з берага. Некалькі хвілін здаліся вечнасцю… Потым хтосьці дужы, ухапіўшыся за край ладдзі, пераваліў мокрае, маленькае, але чамусьці цяжкое цела дзіцяці. Ганна Ягелонка кінулася да пажа. Ён быў мёртвым, але ў кулачку яго аказаўся заціснуты каралеўскі пярсцёнак.

Плывец тлумачыць нешта пра сутаргі ў халоднай вадзе, пра хуткасць плыні. Яго ніхто не слухае. Усе глядзяць на каралеву, якая, забыўшыся на ўсё, галосіць над маленькім тапельцам. І нічым не адрозніваецца яна ў гэты час ад некаранаванай жанчыны. Цяжка зразумець, што крычыць Ганна Ягелонка ў непрытомнасці. Чуецца толькі адно слова. Настойліва паўтарае яна: «Пружна!.. Пружна!..»

Здаецца, каралева праклінае раку, што забрала дзіця. Загадвае ёй ссохнуць, зрабіцца пустой, «пружнай». А можа, страціўшы маленькага пажа, аплаквае свой лёс, які навек пазбавіў яе права на мацярынства? Хто ведае?

Аднак кажуць, менавіта з таго часу стала мялець рака Муха, а горад Дабучын атрымаў другое імя – Пружаны.

Дзіўная гісторыя. Казкай можна было б лічыць яе, каб не выява на гербе Пружан, нададзеным гораду той жа Ганнай Ягелонкай. Каралева загадала выбіць на гербавым шчыце змяю, якая глынае дзіця.

Пэўна, змяя – знак фаміліі Сфорцаў. Уладная Бона зламала лёс сваёй дачкі, пазбавіла яе шчасця мацярынства і асудзіла на самотную старасць. Дык няхай жа, вырашыла Ягелонка, на гербе горада, дзе некалі ледзь не абагаўлялі Бону, красуецца ненажэрная змяя Сфорцаў, што глынае ненароджанае Ганнай дзіця!

А можа, змяя – гэта рака, на якой каралеве давялося зведаць самае жорсткае ўзрушэнне свайго жыцця. Тады Пружанскі герб – самы незвычайны помнік загінуламу дзіцяці. Магчыма, гэтак манархіня вырашыла захаваць памяць пра маленькага пажа, які коштам жыцця вярнуў сваёй гаспадыні пярсцёнак Баторыя.
Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.