Видео реклама

 

Сведкi часу

Полацкі летапіс

Полацкі летапіс

Летапісы – унікальная і адзіная на сённяшні дзень крыніца ведаў аб раннім перыядзе нашай гісторыі. Першыя запісы пачалі весціся адразу пасля хрышчання Русі. Суровыя манахі-аскеты ўзялі на сябе клопат пра захаванне для нашчадкаў разнастайных сведчанняў пра радасці і нягоды ўсходніх славян, пра дзеянні іх правіцеляў, войны і замірэнні з суседзямі.

Летапісанне вялося амаль ва ўсіх княствах Кіеўскай Русі. Аднак войны, разбурэнні, пажары загубілі многія з рукапісаў. Знік некуды без слядоў і адзін з самых першых гісторыка-літаратурных твораў на беларускіх землях – Полацкі летапіс. Пра тое, што ён быў, вядома па нешматлікіх звестках у розных пісьмовых крыніцах. І не толькі. Царкоўнае паданне сцвярджае, што да яго мела дачыненне сама святая Еўфрасіння Полацкая. Калі так, то летапіс гэты можна лічыць унікальным, бо ніводны іншы не вёўся пры жаночым манастыры.

Хаця зразумець, чаму магло гэтак адбыцца, няцяжка. У 1129 годзе вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч павёў вялікае войска на Полацкае княства, якое адмовілася падпарадкоўвацца яму. З боем былі ўзяты малыя полацкія гарады. Князі, якія кіравалі ў іх, трапілі ў палон. Потым на міласць Мсціслава здаўся і Полацк, дзе прастол займаў бацька святой Еўфрасінні – Святаслаў-Георгій Усяславіч. Вялікі князь Кіеўскі асудзіў мяцежных васалаў на выгнанне. І выправіў іх з сем’ямі на трох ладдзях у далёкі Царград, да базілеўса Іаанна Комніна. Базілеўс гэты не так даўно стаў родзічам Мсціслава Кіеўскага, узяўшы за сына свайго Андроніка дачку Мсціслававу Дабрадзею-Ірыну.

Іаанн Комнін абяцаў «строга трымаць» вязняў, што мусіла, верагодна, азначаць іх зачыненне ў вязніцы альбо манастырах. Аднак старэйшы сын базілеўса Алексій нечакана закахаўся ў полацкую князёўну Зою Усяслаўну, цётку Еўфрасінні Полацкай, і зрабіў яе сваёй жонкай. З гэтай нагоды стаўленне да полацкіх князёў стала ў Царградзе іншым. Жанчын прынялі пры двары, а мужчын у якасці страцігаў накіравалі ваяваць з сарацынамі.

Але як бы там ні было, пад час выгнання полацкіх князёў у вотчыне іх вакняжыўся сын іх ганіцеля Мсціслава. Цалкам магчыма, што менавіта ў гэты перыяд па волі Кіева быў знішчаны стары полацкі летапіс, у якім, безумоўна, гісторыя ўзаемаадносін паміж Кіевам і Полацкам была выкладзена зусім інакш, чым у кіеўскіх летапісах. Адзінай асобай, якая магла б, не баючыся гневу кіеўскага стаўленіка, зноў распачаць летапісанне, была ігумення Спаскага дзявочага манастыра Еўфрасіння, у мінулым князёўна Прадслава Святаслаўна. Нездарма ў гэты час яна разам з маці сваёй, княгіняй Соф’яй, якая таксама прыняла пострыг, каб пазбегнуць высылкі, вяла ажыўленую перапіску з іншымі гарадамі і княствамі, абмяркоўваючы справы дзяржаўныя і духоўныя. «Полацкім матрыярхатам» назваў расійскі даследчык В. Янін гэты перыяд, мяркуючы, што Еўфрасіння і Соф’я на самой справе і кіравалі Полацкам са сваіх манастыроў, пакуль не вярнуліся з высылкі іх родзічы-мужчыны.

Але звернемся да Полацкага летапісу. Якім быў ён па форме? Верагодна, традыцыйным. Пачынаўся легендарнымі звесткамі пра заснаванне Полацка, пра першых полацкіх князёў, і працягваў апавяданне ўжо датаванай гісторыяй княства. А па змесце? Змест, гледзячы па ўсім, трохі адрозніваўся ад зместа іншых летапісаў. З-за таго што Полацкі летапіс вялі жанчыны, прычым самага высокага саслоўя – княжаскага (акрамя князёўны Прадславы-Еўфрасінні, у Спаскай абіцелі падвізаліся таксама яе сёстры – родная Гардзіслава-Еўдакія і стрыечная Звеніслава-Еўпраксія; пэўна, летапісанне было іх справай), змест яго не абмяжоўваўся расказам пра дзеянні мужчын. Нямала радкоў было прысвечана жанчынам, княгіням, баярыням, манахіням, якія на паверку аказваліся не меньш дзейснымі, чым іх мужы, браты і сыны. Мова, якой быў пісаны летапіс, сталася яркая, вобразная, сапраўды мастацкая. Мы можам ацаніць яе толькі дзякуючы кавалкам, якія былі перапісаны ў больш познія часы кіеўскімі летапісцамі.

Адзін з іх – аповед пра Рагвалода і Рагнеду. Ён настолькі «вытыркае» з кантэксту Лаўрэнцьеўскага спісу «Аповесці мінулых гадоў» (змешчаны там пад 1128 годам у якасці прыгадвання пра больш раннія падзеі), што немагчыма не пабачыць – пісаны ён іншай рукой і проста ўстаўлены кіеўскім манахам без змяненняў у сваю работу. Урывак выражае негатыўнае стаўленне аўтара да Уладзіміра Кіеўскага як асобы. Гэта супярэчыць вобразу Уладзіміра, створанага кіеўскімі летапісцамі, – мудрага, моцнага, харызматычнага правіцеля. Рагнеда ж выглядае сапраўднай гераіняй, што не можа не ўказаць на тое, што пісаў урывак палачанін. Увесь аповед пра Рагнеду прапітаны ўзнёслай эпікай, падобнай па стылю да «Жыція Еўфрасінні Полацкай». Утрымлівае ён шмат падрабязнасцяў, якія летапісец-мужчына палічыў бы неістотнымі. Дзякуючы таму дае падставу меркаваць, что аўтарам была жанчына. Манахіня. Магчыма, Звеніслава Барысаўна, што напісала «Жыціе Еўфрасінні Полацкай.»

Другі кавалак з «Полацкага летапісу» збярогся ў складзе Іпацьеўскага спісу «Аповесці мінулых гадоў». Гэта аповед пра полацкага князя Рагвалода Барысавіча. Стрыечны брат святой Еўфрасінні і родны Звеніславы Барысаўны, князь Рагвалод аказаўся адным з нямногіх, хто здолеў вярнуцца пасля царградскай ссылкі на радзіму. Добры і міралюбівы князь заняў прастол у Полацку, прымірыўся з сынамі свайго ганіцеля Мсціслава, які на тот момант быў ужо нябожчыкам. Прымірыў Рагвалод таксама два варагуючых сямействы – Мсціславічаў і Ольгавічаў, заключыўшы паміж прадстаўнікамі родаў два шлюбных саюза. Вялікай усобіцы на Рус, дзякуючы намаганням полацкага князя удалося пазбегнуць.

Аднак полацкія баяры не ацанілі свайго правіцеля. Ім хацелася больш энергічнага і ваяўнічага князя. Таму яны схапілі Рагвалода і, звязніўшы яго ў Менску, аддалі княжую шапку Расціславу Глебавічу, сыну Глеба Менскага. Пра тое, як высакародны вязень быў вызвалены з зачынення, як шчыра прынялі яго жыхары Друцка, як раскаяліся ва ўчыненым полацкія мужы і «цалавалі крыж» Рагвалоду, што будуць вернымі яму надалей, і як, вярнуўшыся ў Полацк, Рагвалод год за годам заклікаў ваяўнічага Расціслава да прымірэння, – падрабязна апавядае кавалак з «Полацкага летапісу». І ў гэтым аповедзе ХII стагоддзя бачна рука таго ж аўтара, што пісаў пра Рагнеду і ствараў «Жыціе Еўфрасінні Полацкай.» Магчыма, «Жыціе» гэтае першапачаткова таксама было часткай «Полацкага летапісу».

Святая Еўфрасіння пайшла з жыцця пад час паломніцтва ў Іерусалім у 1173 годзе. Звеніслава Барысаўна – згодна летапісам, памерла ў 1202-м. Дата смерці Гардзіславы-Еўдакіі невядома. Але здарылася тое хутчэй за ўсё таксама ў першай чвэрці ХIII стагоддзя. Тым не менш летапіс пры Спаскім дзявочым манастыры вёўся, пэўна, да канца ХIII стагоддзя. Сведчыць пра тое вялікі рускі гісторык В. Тацішчаў. Волею лёса ён аказаўся апошнім, хто трымаў у руках каштоўны манускрыпт.

Паплечнік Пятра І, Тацішчаў вырашыў здзейсніць на дабро і славу Расіі вялікую працу – напісаць шматтомную «Гісторыю Расійскую», першы сістэматызаваны дослед мінулага рускага народа. Пры падрыхтоўцы гэтай працы гісторык карыстаўся многімі крыніцамі як айчыннага, так і замежнага паходжання. Уладальнікі прыватных бібліятэк ахвотна давалі даследчыку магчымасць працаваць з рэдкімі манускрыптамі. Але, даведаўшыся, што ў кнігазборы архітэктара П. Яропкіна ўтрымліваецца ўнікальны рукапіс, створаны ў сярэднявечным Полацку, Тацішчаў ледзь умаліў яго паказаць кнігу. Яропкін надта даражыў рукапісам і трымаў яго падалей ад цікаўных вачэй. Тое, што прачытаў даследчык нават пры хуткім знаёмстве з «Манускрыптам Яропкіна», уразіла яго. Ён прызнаваўся пазней, што такой вялікай колькасці цікавых сведчанняў пра полацкіх і віцебскіх князёў і, што яшчэ больш дзіўна, княгінь яму нідзе раней бачыць не даводзілася. З сабой «Полацкі летапіс» Тацішчаву архітэктар не даў. Але гісторык паспеў занатаваць адну асабліва цікавую гісторыю – пра князя Барыса і княгіню Святохну, якая марыла зжыць са свету сваіх дваіх пасербаў дзеля таго, каб яе сын стаў адзіным спадчыннікам бацькі.

У самым хуткім часе Яропкін быў абвінавачаны фаварытам імператрыцы Анны Іаанаўны Біронам у дзяржаўнай здрадзе і асуджаны на смерць. А бібліятэка яго загінула ў раптоўна ўзніклым пажары. Ці ўся? Невядома. Улічваючы цікавасць і прагнасць Бірона да любых, у тым ліку і кніжных каштоўнасцяў, можна меркаваць, што пажар быў зладжаны менавіта яго людзьмі з мэтай завалодання лепшымі экземплярамі бібліятэкі, якія інакш маглі не дастацца яму з-за ўпартасці спадчыннікаў.

Аднак, як бы там нi было, «Полацкі летапіс» у арыгінальным сваім выглядзе знік. І нам засталося толькі збіраць асколкі яго і дзівіцца прыгажосці стылю і дакладнасці слова гэтага страчанага артэфакта.
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.