Видео реклама

 

Падзея

Змагар і скульптар

Змагар і скульптар

Чалавек-легенда Генрык Дмахоўскі праславіў сваё імя ў далекай Амерыцы. Аднак нарадзіўся ён на беларускай зямлі ў маёнтку Заблуддзе Браслаўскага павета Віленскай губерні і ў гэтых жа мясцінах паклаў сваё жыццё на алтар Айчыны. У гэтым кастрычніку спаўняецца 200 гадоў з дня ягонага нараджэння.

Генрык належаў да шляхетнага саслоўя. Бацька яго рана стаў удаўцом, але расціў сына сам. Сям’я вяла даволі замкнёны лад жыцця, бавячы вольны час на ўлонні прыроды. Краявіды Паўночнай Беларусі, нездарма празванай краем азёр, абудзілі ў хлопчыка мастацкія здольнасці. Паступіўшы ў Віленскі ўніверсітэт на прыродазнаўчы факультэт, юны Дмахоўскі браў прыватныя ўрокі ў скульптара Казіміра Ельскага, а яшчэ вучыўся жывапісу.

Час навучання Генрыка супаў з хваляй рэвалюцыйных выступленняў, выкліканых Французскай рэвалюцыяй, – і малады чалавек ахвотна ўключыўся ў барацьбу, далучыўшыся да паўстанцаў. Гэты ўчынак вызначыў яго далейшы шлях – жаданне змагацца супраць царскае ўлады Генрык пранёс праз усё жыццё. Калі першае яго паўстанне скончылася паражэннем, Дмахоўскі вымушаны быў ратавацца за мяжой, у Францыі. У Парыжы ён пасябраваў з італьянскімі карбанарыямі. Відаць, менавіта яны падкінулі нашым землякам думку здейсніць партызанскую экспедыцыю на радзіму і ўзняць там новае паўстанне. Будучыя ўдзельнікі паўстання тайна перебраліся ў Расію. Дмахоўскі павінны быў узначаліць паўстанцкія сілы Віцебскай губерні. Партызанскія дзеянні распачаліся 19 сакавіка 1833 года, але спроба «прынесці паўстанне на штыках» правалілася. Інсургентаў не падтрымалі – Генрык са сваім атрадам не змог нават прарвацца на Віцебшчыну. Распусціўшы людзей, ён перабраўся ў Галіцыю, дзе пасяліўся пад імем Эмерыка Сандэрса. Паслаў некалькі пісьмаў бацьку. Не атрымаўшы адказу на іх (незадоўга да гэтых падзей бацьку з мэтай рабаўніцтва забілі ўласныя слугі), напісаў свайму дзядзьку, прэлату Віленкай катэдры, Казіміру Дмахоўскаму. Той не толькі не дапамог пляменніку, але нават данёс на яго ўладам, паведаміўшы новае імя Генрыка, яго месца жыхарства і даўшы падрабязнае апісанне яго знешняга выгляду.

Атрымаўшы такія дакладныя звесткі, аўстрыйскія ўлады арыштавалі Дмахоўскага. Суд прыгаварыў яго да пяці гадоў зняволення ў крэпасці Куфштайн. За яе мурамі Генрых адбыў з 1934-га па 1841 год. Каб забавіць час, ён ляпіў з хлебнага мякішу розныя фігуркі, сцэны турэмнага жыцця.

Пасля вызвалення з турмы Генрык зноў накіраваўся ў Францыю. Там вучыўся ў мастацкай школе. Яго часта можна было бачыць у майстэрнях вядучых скульптараў. Але такое жыццё не падабалася нашаму земляку. Ён прагнуў змагацца з самаўладдзем. І вось 1846 год. Полымя рэвалюцый пранеслася па ўсёй Еўропе. Дмахоўскі зноў уключыўся ў барацьбу, быў цяжка паранены. Пакуль лячыўся, рэвалюцыйны рух быў задушаны. Зноў Парыж, майстэрня, душная атмасфера рэакцыі… Генрык вырашае пакінуць Еўропу.

У 1852 годзе ў Злучаных Штатах Амерыкі з’яўляецца скульптар Генры Д. Сандэрс. Хутка ён становіцца настолькі вядомым, што яму заказваюць для будынка кангрэса ў Вашынгтоне бюсты Джорджа Вашынгтона, Томаса Джэферсана, Бенджаміна Франкліна, Тадэвуша Касцюшкі. У ЗША скульптар жэніцца, становіцца бацькам дваіх цудоўных малышоў.

Поспех. Прызнанне. Але душа скульптара не знаходзіць спакою. Час ад часу з-пад ягонага разца выходзяць працы, прысвечаныя памяці змагароў і барацьбітоў. Медальён з сілуэтамі пакараных смерцю дзекабрыстаў, бюст Л. Кошута, скульптурная група «Гарыбальдзі з воінамі»… Дмахоўскага ўсё больш і больш ахоплівае туга па радзіме, тым больш што з Еўропы прыходзяць чуткі пра новыя хваляванні ў Расіі.

Але, мабыць, гэтак бы і не здолеў далучыцца да яго Генрык, каб не асабістае няшчасце – раптоўная смерць жонкі і дзяцей. Уражаны Дмахоўскі пахаваў іх у Філадэльфіі, паставіўшы над іх магіламі помнік са снежна-белага мармуру. Сям’я была адзіным, што ўтрымлівала Генрыка ў Злучаных Штатах. Дмахоўскі падае прашэнне аб дазволе вярнуцца на радзіму, і праз чатыры гады атрымлівае яго. Неўзабаве пасля прыезда ў Вільню Дмахоўскі адкрывае скульптурнае атэлье. Сярод найлепшых твораў, зробленых ім у гэты час, можна назваць мадэль надмагільнага помніка Барбары Радзівіл, фігуру святога Уладзіслава для віленскай катэдры, помнік Уладзіміру Сыракомлю. Яго талент і веды атрымліваюць прызнанне сярод мясцовай інтэлігенцыі. Навуковае і творчае грамадства настолькі высока ставіцца да яго, што абірае правадзейным членам Віленскай археалагічнай камісіі.

І тут пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Генрык, пэўна, удзельнічаў у яго падрыхтоўцы, бо быў прызначаны камісарам Дзісненскага павета. Ён фарміруе атрад паўстанцаў. А калі па волі непрадбачаных абставін атрад гэты застаецца без камандзіра, рашуча бярэ на сябе кіраўніцтва. Генрык Дмахоўскі быў забіты ў адным з сражэнняў. Напэўна, ворагі апазналі ў ім кіраўніка, бо, па сведчанням відавочцаў, цела яго было зрашэчана кулямі…
Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.