Видео реклама

 

Слово и дело

Валерыя Кустава: «Шчасце – гэта любіць і рабіць сваю справу»

Валерыя Кустава: «Шчасце – гэта любіць і рабіць сваю справу»

«Шчаслівая жанчына вершы пісаць не будзе», – пачула я аднойчы з вуснаў паэта-мужчыны. Каб я ўбачыла цяпер таго паэта, то паказала б яму інтерв’ю з Валерыяй Куставай.

– Здаецца, гэта бясконцая спрэчка, але як, на вашу думку: вершы пішуць шчаслівыя людзі ці няшчасныя?

– Як вядома, першыя вершы звычайна з’яўляюцца ў перыяд першай закаханасці. Яна, як вядома, часцей стаецца няшчаснаю, таму і вершы ад яе нешчаслівыя, але надзвычай эмацыйна насычаныя. У хлопцаў, хоць яны і не прызнаюцца, з большага таксама так адбываецца, калі яны штосьці спрабуюць пісаць у юнацтве. Я пачала нават не пісаць, я пісаць яшчэ не ўмела, а прамаўляць вершы гады ў тры-чатыры. Гэта былі хутчэй белыя вершы, рытмізаваныя прамовы. Больш канкрэтныя пачуцці, такія як каханне ці сяброўства, мяне тады не надта цікавілі. Мяне вабілі рэчы, пра якія звычайна прынята задумвацца крыху пазней. Гэта дачыненні чалавека і Бога, светлай душы і чорных існасцяў, анёлаў, пазасветавага быцця. Такія былі мае першыя тэмы. Натуральна, маё натхненне не было лёгкакрылым. Гэта была пакута куды большая за няшчаснае каханне. Гэта была праверка пачуццяў, якія я адмыслова для сябе нават не прымала. Бо каханне – гэта тое, што ты сам прымаеш і потым пачынаеш перажываць. А тое, што давялося адчуваць мне, было дадзена хутчэй як абранасць і крыж за ўсё чалавецтва і без маёй згоды. Але па сілах. Бо больш, чым зможаш вынесці, не даецца. Па начах мне сніліся сюжэты з Бібліі, Страшны Суд, Пекла, Чысцец… Расколіна паміж чорным і светлым праходзіла ўнутры мяне, праз мае сны і бачанні... Што не давала спаць, падымала мяне пасярод ночы. І пакуль я не прамаўляла ўбачанае і пачутае – не адпускала. Калі браць беларускіх паэтаў, то для іх, я ведаю і ўжо амаль упэўнена, традыцыйным станам душы ў прадчуванні стварэння новага верша ёсць светлы сум, які акурат і яднае светлы боль, тугу і разам з тым радасць. Але я, як ні дзіва, не лічу сябе няшчасным чалавекам. Нават наадварот. Бо тое ўсё звыклася, зразумелася. І адкрылася ўва мне радасць іншага гатунку. Радасць імгненняў жыцця.

– А можаце сказаць, каму лепш жывецца – паэтам ці тым, хто імі не з’яўляецца? Я, канечне ж, не маю на ўвазе матэрыяльны бок жыцця.

– Паэт можа проста выказаць тое, што іншы адчувае, але выказаць не можа. З гэтага пункту гледжання паэтам лягчэй. Але і адказнасці ў іх у звязку з тым – больш. Я ў маленстве сябравала выключна з людзьмі, старэйшымі за мяне на трыццаць-сорак гадоў. У асноўным гэта былі філосафы, мастакі, пісьменнікі і журналісты. Мне было з імі надзвычай цікава, і, відаць, калі яны выдзялялі мне нейкі свой час, то ім было таксама са мною не сумна. Паступова я ў гэтую выключна інтэлектуальную хвалю заглыбілася настолькі, што пачала страчваць адчуванне рэчаіснасці. І з пэўнага часу, гадоў з дваццаці двух, надзвычайна палюбіла простых зямных людзей. Я маю на ўвазе перадусім людзей, здольных радавацца, здавалася б, простым рэчам – чалавечым усмешкам, сустрэчам… Звычайна гэта могуць цаніць людзі больш сталага ўзросту. Я шчаслівы чалавек, што ўжо цяпер магу адчуць шчасце проста быць, радасць ад таго, што ты ёсць на гэтым свеце, а гэты свет – вакол, а ў ім – людзі. І ты можаш усё гэта любіць. Праз усе перашкоды і цяжкасці. Больш за ўсё я люблю любіць.

– Што вы наогул лічыце шчасцем?

– Падаецца, што шчасце – гэта шлях да яго. Бо напраўду, што калі чалавек дасягае мэты, яго напоўненасць доўжыцца хвіліны, імгненні. І ён асэнсоўвае, што шчасцем быў сам шлях да тае мэты, хаця калі ішоў, ён пра гэта і не думаў, ён быў заклапочаны: колькі ўсяго трэба зрабіць, як паспець. А вось жа яно, жыццё, і шчасце. Перадусім, шчасце – гэта любіць і рабіць сваю справу.

– Вы называеце сябе паэтам, а не паэткай ці паэтэсай. Чаму?

– У мяне яшчэ ў юнацтве склаўся жарт, што ёсць нейкі ўзроўнева-стрыжневы ўнутраны падзел: спачатку – паэт, потым – паэтка, а пасля ўжо – зусім паэтэса. Гэта, вядома, жарт, але… Напачатку мая паэзія была зусім не лірычная. Нават жорсткая ў нечым. І калі старэйшыя калегі гаварылі, што я пішу, як мужык, я ўспрымала гэта як камплімент. У маёй паэзіі гадоў да дваццаці не было палётнасці, апісання шуму бяроз і ветрыкаў. А потым, натуральна, з першымі пачуццямі з’явіліся і эратызм, і лірыка, і нешта больш кранальнае, пачуццёвае. Але перад усім аснова паэзіі, мне хочацца спадзявацца і я знаходжу таму падцверджанне, – чалавечая. А чалавек – так ужо сталася ў нашай мове – мае мужчынскі род. Я заўсёды пісала свае вершы ад імя чалавека, а не мужчыны. Гэта стаўленне, відаць, і абумоўлівала часткова гэту і сам змест і форму падачы верша. Ці я расту да таго, каб быць паэтам, ці я ёсць паэт. Але хутчэй не паэтка. Гэта мой унутраны рэйтынг, маё самаадчуванне.

– У сувязі з гэтым скажыце: паэтамі нараджаюцца ці становяцца? Што пабудзіла асабіста вас у вашым дзяцінстве пачаць складаць вершы?

– Гэта пытанне хутчэй пра тое – можаш ты не пісаць ці не можаш. Мне здаецца, што ў чымсьці гэтае «быць паэтам» было закладзена. Бо засёды ў мяне такое адчуванне ўнутранае прысутнічала. Так яно ці не, даведаемся, калі мне будзе гадоў семдзесят. Тады я скажу, што ішла як трэба, сваім шляхам і зрабіла штосьці такое, дзеля чаго нарадзілася. А пакуль я адчуваю, што нікім іншым быць не магу. Думаю, што тут спрацаваў шэраг складнікаў. Мая бабуля заўсёды гаварыла, што песня – душа народа. Я выхоўвалася ў асяродку, дзе заўсёды спяваліся народныя песні, дзе шмат чыталі, дзе расказваліся розныя гісторыі – і адчуванне каранёў было вельмі моцнае. Мая бабуля вырасла ў леснічоўцы, вакол былі адны звяры і расліны, і яна нас з братам заўсёды вучыла любові да прыроды, да неба, вучыла нас браць у неба сілы і дараванне. Проста глядзець на неба. Не ўсе умеюць глядзець на нябёсы. А нас бабуля вучыла гэтаму гадзінамі. Такое выхаванне мае свае плюсы. Мы спачатку вучыліся разумець душу. Мяне наогул выхоўвалі па такой адмысловай сістэме, калі да 12 гадоў дзецям усё дазваляецца. Усё, што няшкодна для здароўя. Выхоўвалі тым, што вадзілі ў тэатры, шмат чыталі, спявалі і што слухалі мяне, прыслухоўваліся, шмат са мной размаўлялі. Думаю, што слухаць дзіця і спрабаваць яго зразумець – гэта вельмі істотны момант выхавання.

– Ёсць людзі, якім падаецца, што творы беларускіх празаікаў і паэтаў чытаюцца хіба толькі іншымі пісьменнікамі, а яшчэ рэдактарамі літаратурных часопісаў. Што вы можаце ім адказаць?

– Магу сказаць са свайго досведу. Я шмат выступаю ва універсітэтах, у школах, у розных установах, і ў Беларусі, і за мяжой. І я адчуваю водгук ад чытачоў і гледачоў. Я атрымліваю лісты ад людзей, якіх я не ведаю і якія не маюць прафесійна да літаратуры ніякага дачынення. Вялікая аўдыторыя, якая цікавіцца нашай літаратурай, – гэта студэнты. Таксама настаўнікі і шмат хто яшчэ. І ў школах дзеці цікавяцца беларускай літаратурай. Іншая справа, што яны могуць яшчэ гэта не паказваць, бо з-за падлеткавага ўзросту часам бываюць вельмі закрытыя. Але калі іх выцягнуць на размову, расказаць штосьці цікавае, падзяліцца сваім публічна-асабістым, яны ідуць насустрач, пачынаюць размаўляць, цікавіцца і давяраць. Я адчуваю аддачу. А калі ёсць аддача, нельга сказаць, што няма цікавасці. Я бачыла шмат жанчын абсалютна розных прафесій, якія, часам выпадкова трапіўшы на літаратурнае мерапрыемства, потым падыходзяць і кажуць: беларуская літаратура – гэта не толькі няшчасны мужык пасярод свайго надзелу зямлі, яна жывая і яна пра тое, што нам баліць і што нас радуе, што нас цікавіць. З-за аднаго лірычнага верша яны могуць набыць цэлую кнігу. Мне здаецца, што беларуская літаратура цяпер робіцца нечым нават модным.

– Я ведаю, што вы за тое, каб беларускай мовы ў нашым жыцці было больш. Як можна дапамагчы гэтаму працэсу? Друкаваць на беларускай мове глянцавыя часопісы пакуль страшнавата.

– Не бойцеся! Вы ж ведаеце, што беларусы – такія людзі, якія чамусьці любяць, каб ім сказалі, як і што трэба рабіць. Яны любяць, каб за іх прымалі рашэнні. Яны заўсёды змагаюцца за тое, каб іх выслухалі, але ў выніку прымаць рашэнне яны не хочуць. І я, абсалютна не прыхільнік ніякага гвалту, магу сказаць, што пачаць друкавацца на беларускай мове – карысная рэч і патрэбная. Магу сказаць, што ў стасунках са мной, прыкладам, 50 чалавек перайшлі на беларускую мову. Яны цяпер беларускамоўныя і ў сваім паўсядзённым жыцці. А калісьці казалі: «Беларускай літаратуры няма, не дуры галавы. І на мове ніхто не размаўляе». Я пачала вадзіць іх на розныя сустрэчы, паказваць сваіх найлепшых калегаў, расказвала, якія ёсць у нас творы. Проста гутарыць «за жыццё» . Прычым я не ставіла перад сабой у дачыненні да гэтых людзей ніякай пэўнай мэты, гэта была мая стыхійная, так бы мовіць, грамадская дзейнасць. І адчуваючы пазітыў, станоўчыя эмоцыі, яны самі зрабілі выбар. Канечне, калі прыйдзе сур’ёзны надзьмуты дзядзька і скажа: «Будзеш размаўляць на беларускай мове!», то гэта не тое. Першая рэакцыя якая будзе? «Чаго гэта я буду на ёй размаўляць? Ідзі лесам і сам там размаўляй!» Гэта павінна быць паступовым і агульна прыемным. Не варта казаць: «Не гаварыце па-руску». Лепей тым, хто гаворыць па-беларуску, рабіць некаторыя ўступкі, прывілеі. Як, скажам, тым, хто не паліць, і тым, хто гутарыць па-беларуску, даваць надбаўкі. Я, вядома, крыху ўтрырую. Але гэта магло б падзейнічаць. Канечне, такія меры крэатыўныя, але яны напраўду б спрацоўвалі – з цягам часу, і паспяхова. І потым усе гэта ўспаміналі б, усміхаліся, расказвалі б, як весела і добра перайшлі на родную мову. Бо беларуская мова ў пасіўным стане знаходзіцца ўнутры кожнага беларуса. Трэба толькі правільна зачапіць, каб усплыло, і тады ўжо не згасне.

– Што б вы яшчэ змянілі, калі б маглі?

– Я шмат падарожнічаю па розных краінах Еўропы ў звязку са сваёй літаратурнай дзейнасцю. І вось такi просты прыклад… Я вельмі люблю сядзець на газонах, адпачываць, гутарыць з сябрамі. Люблю адчуваць зямлю, траву – жывое. Мне здаецца, што такая магчымасць – гэта як адна з прыкметаў свабоды. Калі я саджуся на газон у нас, мне кажуць: «Нельга псаваць зялёныя насаджэнні, устаньце зараз жа!». Гэты прыклад шмат што паказвае. Хочацца, каб грамадства было для чалавека, а не для выгляду ці парадку. Я на супермагчымасці не прэтэндую, але ўсе раблю з любоўю да чалавека. І ўпэўнена: усе, што робіцца, павінна рабіцца для таго, каб было зручна, утульна, добра канкрэтна людзям. І тады людзі будуць шчаслівейшыя. Хачу, каб увесь свет быў – для людзей. Каб грамадства было – для людзей.

– Які ваш дзень? Як увогуле працуюць паэты?

– Няма ў паэтаў ні дня, ні ночы. Сёння мой дзень практычна доўжыцца ад учора. Паспаць асабліва не выпала. Увогуле я звычайна кажу, што паэты не спяць па начах. У мяне няма пэўнага плана на дзень. Я працавала ў выдавецтве паўтары гады і зразумела, што не магу сядзець на месцы. Ведаю, што ёсць людзі, якім гэта зручна і па тэмпераменту, і па светаўспрыманню. А мне цяжка. Я ў свой першы працоўны дзень на трэцюю гадзіну пачала хадзіць вакол сталоў, сцены разглядаць. Гэта пры тым, што я рабіла сваю працу. Проста мне ў замкнёнай прасторы няпроста. Я звыклая да руху, а тут мяне зачынілі ў пакоі. П’есы, апавяданні, вершы, паэмы – гэта ўсё я пішу па начах. Удзень – навучанне ў аспірантуры, хаджэнне па бібліятэках, напісанне дысертацыі, сустрэчы з сябрамі, выступы, гутаркі з журналістамі, запісы на радыё, сустрэчы са студэнтамі. Вечарам – звычайна канцэрты і вечарыны. У мяне дэдлайн на дэдлайне і дэдлайнам паганяе. Здаецца, толькі нешта скончылася, як пачынаецца нешта наступнае. І апошнім часам не бывае так, каб спыніцца і адпачыць.

– Хочацца даведацца, паміж чым і чым у вас сон?

– Недзе з паловы чацвёртай раніцы па восьмую.

– Такога часу вам фізіялагічна хапае?

– Не, мне трэба 12 гадзін. Я з маленства люблю доўга спаць. Ведаеце, у мяне ў мінулым годзе ў нататніку недзе ў верасні было запісана: у сакавіку выспацца. Я ведала, што недзе ў сакавіку ў мяне будзе вольны тыдзень. Не атрымалася. Не хапіла часу. Я перанесла гэта на лета. У нататніку маім ужо на лета было прызначана выспацца. І таксама не сталася. Але часам бывае, што прыйдзеш, двое сутак не паспаўшы, і на суткі выключышся. Нічога, і так добра. Я ведаю, што гэта не зусім слушны графік для арганізма, таму калі арганізм кажа «выключаемся», то мы выключаемся.

– А ёсць у вас нейкія сакрэты, як усё паспяваць?

– Я спрабавала пісаць планы на дзень. Аднойчы гляджу, што ў мяне 30 пунктаў пазначана. Страшна зрабілася. Сем сустрэч, два эсэ, тры канферэнцыі, выступ, яшчэ штосьці… Я адсунула гэты запіс і сказала сабе: «Зраблю, што ўспомню!». Таму што калі рэальна глядзець у мой нататнік, можна ашалець. Я стараюся туды не глядзець. Што цягам дня ўспамінаецца зрабіць, тое і робіцца. А наогул, каб зрабіць за дзень як мага больш, трэба запланаваць як мага больш. Гэта заўсёды спрацоўвае. Калі я прызначу адну сустрэчу на дзень, яна не адбудзецца – 95%. А калі сем сустрэч, то шэсць адбудзецца. А яшчэ выратоўваюць абяцанні і папярэднія дамоўленасці. Калі табе трэба здаць тэксты песень і ты ўжо дамовілася з кампазітарам, разумееш, што марудзіць нельга, і сам сябе гэтым абяцаннем прыспешваеш. Яшчэ вельмі істотна прачнуцца ў добрым настроі і паволі. У маім жыцці ўсё склалася так, што я сама імкнуся выбіраць, што і калі зрабіць. Усе працы, якія ў мяне ёсць, у большай ці меншай ступені, але звязаны з натхненнем. Калі не ідзе адно, я бяруся за іншае. Я выбіраю такія працы і такі стан для іх падбіраю, каб на гэта заўсёды былі і жаданне, і магчымасць. Каб быць шчаслівым чалавекам, трэба быць занятым чалавекам, прычым занятым любімай справай. Тады абавязкова знойдзецца тое, што захочацца зрабіць зараз жа, і гэта будзе рабіцца ў прыемнасць.

– Як вы ставіцеся да такой з’явы, як фемінізм?

– Я ў гэтыя шэрагі не ўваходжу, але паважаю як любую сацыяльную з’яву. У сэнсе, не асуджаю. Большасць беларускіх паэтак – феміністкі. Яны так пра сябе і кажуць. А я кажу: «Шукайце хлопца…». Не, гэта добрая штука, яна мае свае перадумовы і сваю перадгісторыю, цалкам абгрунтаваная і прынесла шмат карысці грамадству. І перадусім жанчынам. Але я вось калі падарожнічаю і пру валізку, мужыкі еўрапейскія, вымуштраваныя сваімі феміністкамі, ніяк мне ў гэтым не дапамагаюць. Глядзяць, і толькі. Думаюць, напэўна, што ўсе як адна феміністкі, а не што мне з валізкай гэтай цяжка. А я думаю: «Ну а чаго я яе цягну?! Я ж не феміністка».

Теги: слово и дело  
 
Гутарыла Святлана Дзянісава

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.