Видео реклама

 

Сведкi часу

Цар i царыца з Фарнага касцёла

Цар i царыца з Фарнага касцёла

245 гадоў назад мастак Ксаверый Дамінік Гескі выканаў роспіс скляпення трансепта езуіцкага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, упрыгожыўшы яго фрэскай «Цар Саламон і царыца Саўская».

Калі Ксаверый атрымаў ад пана Караля Станіслава Радзівіла заказ на аздабленне Фарнага касцёла, ён разумеў: храм трэба зрабіць такім, каб нават каралю Рэчы Паспалітай, калі ён выпадкова патрапіць сюды на імшу, зводзіла скулы ад зайздрасці. Караль Станіслаў па мянушцы Пане Каханку любіў кінуць пылу ў вочы. Грошай меў ён велізарную колькасць, каштоўнасцяў у Нясвіжскім палацы сваім сабраў, нібыта ў скарбніцы ўсходняга правіцеля. Таму лічыў дазволеным смяяцца нават з свайго манарха, караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, які паходзіў з небагатага і нязнатнага шляхетнага роду. Панятоўскі быў абраны каралём Рэчы Паспалітай менавіта ў той час, калі па загаду Радзівіла вялася рэстаўрацыя Нясвіжскага храма.

Безумоўна, Гескаму заказалі традыцыйныя выявы евангельскіх сцэн – эпізодаў з жыцця панны Марыі і Ісуса Хрыста. Але пачэснае месца мусілі заняць таксама выявы святых патронаў сямейства Радзівілаў, тых, у гонар каго яны атрымоўвалі імёны на працягу трох стагоддзяў, калі Нясвіж быў іх рэзідэнцыяй. Меркаваліся таксама найбольш яркія сцэны са Старога Запавету. Іх адабранне і размяшчэнне даверылі густу мастака. І нечакана, пэўна, нават для заказчыка, Гескі зрабіў акцэнт на Саламоне і царыцы Саўскай. Выбар такі быў невыпадковым. Цар Іерусаліма Саламон на фрэсцы знешне нагадвае фундатара касцёла Мікалая Крыштафа Радзівіла, які праславіўся тым, што здзейсніў поўнае небяспекі паломніцтва менавіта ў Іерусалім, ды пасля яшчэ і напісаў пра сваё падарожжа цікавую і пазнавальную кнігу. А царыца – вельмі падобная да жонкі Мікалая Крыштафа, Альжбэты Эўфіміі Вішнявецкай, якую яшчэ пры жыцці безымянны паэт параўноўваў з біблейскай царыцай, бо розумам сваім і чалавечымі вартасцямі некалі перамагла яна ў спаборніцтве за сэрца князя Радзівіла славутую францужанку – каралеву Марго.

Маргарыта Валуа ніколі не ведала недахопу ў палкіх прыхільніках. Кажуць, нават яе родныя браты доўгі час адчувалі да яе штосьці вельмі падобнае да мужчынскай закаханасці. З-за Марго кавалеры біліся на дуэлях і складалі галовы на плахах. Яна ж, казалі, хладнакроўна збірала сэрцы сваіх загінуўшых каханкаў і, забальзаміраваўшы іх, захоўвала ў спецыяльных скляначках у патаемных кішэнях адной са сваіх сукенак, якую, зрэшты, ніколі не апранала, але заўжды трымала ў шафе ў спальні...

Набыць у дадатак да сваіх «амантаў» такога экзатычнага прыхільніка, як ліцвінскі князь, Марго, канешне, не адмовілася б. Але нешта перашкодзіла Радзівілу аддацца ласкам гэтай незвычайнай жанчыны, хаця не ацаніць яе вабнасцяў ён не мог. Радзівіл пакінуў Парыж, не пераступіўшы апошняга бар’еру, які аддзяляў яго ад спакуслівай і жаданай жанчыны, але і не пазбавіўшыся грахоўных думак пра яе. Перамену ў паводзінах князя, які раней славіўся як галантны кавалер, адразу ж заўважылі. Нявесты Рэчы Паспалітай аплаквалі тое, што найбагацейшы з жаніхоў краіны стаў раптам абыякавым да іхніх знакаў увагі. А мужчыны і наогул сумняваліся, што пасля сустрэчы з ракавой Марго хтосьці з паннаў падасца Радзівілу вартай кахання, – ён быў не першы і не апошні, хто губляў галаву, злавіўшы на сабе зацікаўлены позірк наварскай каралевы.

Альжбэта Эўфімія была поўная, выглядала значна больш старэйшай, чым была на самой справе. Лоб яе быў надта высокім, нос – вялікім, падбародак – цяжкім. Яна нават не была абаяльнай...

Праз год пасля першай сустрэчы з Марго князю давялося пабачыцца з ёю другі раз. Кароль-француз, абраны панствам Рэчы Паспалітай, збег з Кракава, каб прыняць французскі прастол пасля смерці свайго брата Карла ІХ. Радзівіл быў адным з тых, каго накіравалі ў Парыж, каб прывезці няўдзячнаму манарху ўльтыматум: або ён вяртаецца, або прастол Рэчы Паспалітай дастанецца іншаму.

Кароль не вярнуўся. А Мікалай Крыштаф прыехаў дамоў з жорсткім галаўным болем, які не праходзіў. Абвастрыліся і іншыя хваробы, на якія князь пакутаваў яшчэ з юнацтва. Спалохаўшыся, што гэткая бяда паслана яму за ягоныя грахі (з якіх самым галоўным, пэўна, было непераможнае жаданне ўпасці ў абдымкі страснай Марго), князь даў зарок, што калі Бог даруе яму і дазволіць устаць з ложка, ён здзейсніць паломніцтва ў Іерусалім.

Цуд, калі гэта сапраўды быў цуд, адбыўся. Радзівіл ачуняў. Але абяцанае выканаць не спяшаўся. Выправіўся замест Іерусаліма на Лівонскую вайну. У выніку – раненне ў тую ж галаву, і – зноў ложак. Вандроўка стала непазбежнай. Пад час яе Мікалай Крыштаф вёў дзённік, які аказаўся такім цікавым па стылю, форме і зместу, што калі яго выдалі ў нясвіжскай друкарні, ён ператварыўся ў бэстселер свайго часу.

Кніга трапіла ў рукі маладзенькай панне Вішнявецкай. І князёўна загарэлася пазнаёміцца з «разумным і высакародным» панам, які напісаў такі твор. У выніку ў 1584 годзе трыццаціпяцігадовы Радзівіл абвясціў пра свой намер узяць шлюб з пятнаццацігадовай Альжбэтай Эўфіміяй Вішнявецкай.

Гэткі выбар мог здзівіць тых, хто ведаў вытанчаную натуру нясвіжскага князя. Ды і нам, параўноўваючы сёння партрэты вабнай, непераможна-жаноцкай Маргарыты Валуа і Альжбэты Эўфіміі, цяжка зразумець, як удалося гэтай нязграбнай дзяўчынцы вытрымаць спаборніцтва з каралевай Наварскай.

Альжбэта Эўфімія была поўная, выглядала значна больш старэйшай, чым была на самой справе. Лоб яе быў надта высокім, нос – вялікім, падбародак – цяжкім. Яна нават не была абаяльнай. Але, можа, разгадка прыцягальнасці Вішнявецкай для князя – зусім не ў яе знешнасці, а ў духоўнасці, якая багата аздабляла панну і якой бракавала славутай красуні Марго.

Радзівіл не памыліўся ў выбары і ніколі пасля не шкадаваў аб гэтым. Вішнявецкая стала не толькі жонкай, але і сябрам, і дарадчыкам князя. Нараджаючы амаль кожны год па дзіцяці, яна не дазваляла сабе апускацца да ўзроўня шэрай самачкі, якую не цікавіць нічога акрамя свайго вывадку. Разам з мужам, што задумаў пераўтварыць радавы Нясвіж у буйны культурны і навуковы цэнтр, жонка прымала ўдзел у карэннай рэканструкцыі горада. Каменны палац на месцы старога драўлянага, раскошны езуіцкі касцёл і кляштар пры ім, ратуша – усё тое, што ў першую чаргу прыцягвае ўвагу турыстаў сёння, было пабудавана князем са згоды і ў парадзе з сужэнкай.

Яна падтрымлівала ў мужы любую прагрэсіўную ініцыятыву. Будучы набожнай каталічкай, Альжбэта Эўфімія атаесамляла чалавечую мудрасць перш за ўсё з храмамі і кляштарамі. Яна заснавала ў Нясвіжы абіцель бенедыктынак – і гэта быў першы на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага жаночы каталіцкі кляштар. Княгіня прагна цягнулася да ведаў. Мноства кніг прачытала яна ў замкавай і кляштарнай бібліятэках. Напэўна з часам яна і сама магла б стаць аўтаркай нейкай палемічнай багаслоўскай працы. Але лёс яе склаўся інакш – княгіня Радзівіл памерла дваццаці сямі гадоў ад роду. Яе раптоўная смерць уразіла Мікалая Крыштафа. Усё астатняе жыццё ён насіў жалобу ў сэрцы. Ён больш не ажаніўся і не здрадзіў памяці сваёй «царыцы Саўскай» ні з якой іншай жанчынай.

Князь Радзівіл даў сабе слова самастойна вырасціць і выхаваць дзевяцерых дзяцей, падораных яму Альжбэтай Эўфіміяй. Гэта было нялёгка нават для мужчыны-магната, які меў у падпарадкаванні сотню верных слуг. Таму што старэйшай яго дачцэ, калі маці памерла, было толькі адзінаццаць гадоў. Тым не менш Радзівіл справіўся. І нават рашыўся на большае: у памяць пра жонку ўзяў на выхаванне яшчэ чацвярых асірацелых пляменнікаў – дваіх хлопчыкаў і дваіх дзяўчынак.

Даследчыкі часта ўзгадваюць пра князя Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіротку. Па-першае, у сувязі з будаўніцтвам нясвіжскіх помнікаў архітэктуры. Па-другое, як пра аўтара цікавай кнігі падарожжаў. Па-трэцяе, як пра палітычную фігуру. Роспіс нясвіжскага Фарнага касцёла захаваў вобраз князя для нас іншым. Дзякуючы таленту мастака Гескага ён назаўжды застанецца тым самым мудрым царом Саламонам, які здолеў убачыць сапраўдную прыгажосць і вартасць жанчыны ў яе розуме і духоўнасці.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.