Видео реклама

 

Асоба

Гусарская баллада

Гусарская баллада

На першы погляд гэты партрэт не ўяўляе нічога асаблівага. Паясная выява маладога карнэта Аляксандрава. Хай сабе і ўзнагароджанага Георгіеўскім крыжам. Ці ж мала выяў прадстаўнікоў войск Расійскай імперыі захоўваюцца ў шматлікіх музеях і прыватных зборах? Між тым асоба, знешнасць якой захаваў для нас невядомы мастак, унікальная. Бо гэты карнэт – жанчына. Тая самая славутая Надзея Дурава, якая стала правобразам галоўнай гераіні вядомага савецкага кінафільма «Гусарская баллада» – Шурачкі Азаравай.


Ваенная слава напаткала Дураву на беларускай зямлі. Да пачатку баявых дзеянняў служыла яна ў складзе Конна-Польскага ўланскага палку, што базаваўся ў Гродне і Вільні. Гераіня беларускай гісторыі? Можна палічыць і гэтак. Але – усё па парадку.


Дзяцінства Надзі было нялёгкім. Яна нарадзілася ў 1783 годзе ў сям’і гусарскага афіцэра Андрэя Васільевіча Дурава. Бацька валодаў толькі адной вёсачкай у Сарапульскім павеце Вяцкай губерні. Аднак, гледзячы па ўсім, з’яўляўся натурай харызматычнай. Таму што здолеў закахаць у сябе багатую ўкраінскую панну – прыгажуню Надзею Александровіч. Бацькі панны не зразумелі такога кахання, і калі маладыя таемна абвянчаліся, Александровіч пракляў дачку і абвясціў, што не згадае яе імя ў сваім тэстаменце.


Маладая жанчына, звыклая да шыкоўнага жыцця, сваё новае становішча ўспрымала ледзь не як жабрацтва. Вельмі спадзявалася, што бацька зменіць свае адносіны да яе шлюбу, калі яна народзіць прыгажуна-сына. Але на свет з’явілася дзяўчынка, Надзея-малодшая. Прымірэння не адбылося. І маці ўзненавідзела сваю дачку. Дайшло да таго, што, знаходзячыся на мяжы нервовага зрыву, жанчына выкінула крыклівае немаўля з вакна карэты. На шчасце, гэта заўважылі гусары з эскадрону Дурава. Яны падабралі акрываўленую Надзю і перадалі бацьку. Ён даручыў догляд дачкі дзеншчыку Астахаву, чалавеку добраму і вернаму, які нічога акрамя ваеннай справы не ведаў. Астахаў вазіў дзяўчынку на сваім кані, навучаў яе камандным словам і прывіў любоў да ваенных маршаў.


Паходнае жыццё Надзеі доўжылася шэсць гадоў і скончылася пасля таго, як бацька яе выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Сарапуле, атрымаўшы пасаду гараднічага. Тым часам у сям’і ўжо было тры дзяўчынкі і хлопчык. І маці ўрэшце вырашыла звярнуць увагу да выхавання першынкі. Паспрабавала зрабіць з яе «кісейную барышню». Але намаганні былі марнымі. Барышні з Надзеі не атрымалася. У дванаццаць гадоў дзяўчынка атрымала ад бацькі ў падарунак раскошнага чаркескага жарабца Алкіда, які ператварыўся ў адзінага яе сябра. Па начах таемна ад маці Надзея выводзіла Алкіда са стайні ў поле і імчалася на ім, падобная да ваяўнічай амазонкі. У майстэрстве кіраваць канём з ёй не мог паспаборнічаць ніводны хлопчык яе гадоў, гэтаксама, як і ў трапнасці стральбы, і ў валоданні шабляй.
Аднак, даведаўшыся пра доччыны свавольствы, маці паспяшалася адабраць у яе каня і саслаць да бабулі ў Маларосію. Гэта аказалася не такім ужо і дрэнным рашэннем. Ва ўсялякім разе дзяўчынка перастала апасацца пакаранняў за любы ўчынак. Бабуля была добрая і амаль што здолела «адагрэць» заледзянелае сэрца Надзеі. Тут жа здарылася і першае каханне юнай Дуравай. Сын памешчыцы-суседкі адказаў узаемнасцю, аднак бацькі яго не адобрылі такі выбар, а юнак аказаўся не такім рашучым і ліхім, як некалі Надзеін бацька. Рамэа адмовіўся ад Джульеты. І Джульета, пэўна, з гора і ад расчараванняў зрабіла памылку: дала згоду на шлюб дробнаму сарапульскаму чыноўніку Васілію Чарнову. Праз год яна нарадзіла сына, якога ў гонар уласнага бацькі назвала Іванам. А хутка пасля гэтага, у верасні 1806 года, пакінуўшы дзіця на руках у старога Дурава, збегла з сям’і. Ужо пагаворвалі пра вялікага Напалеона, які рыхтуецца ваяваць з Расіяй. І няшчасная, скалечаная абыякавасцю самых блізкіх людзей дваццацітрохгадовая жанчына раптам пабачыла той адзіны шлях, крочыць па якому ёй было б свабодна, камфортна і лёгка. «Ваяўнічы жар з немагчымай сілай запалаў у душы маёй, – пісала яна пазней, – я цвёрда вырашыла зрабіцца воінам, быць сынам для бацькі свайго і назаўжды адмовіцца ад пола майго».


Але, пішучы гэтыя радкі, аўтарка наўрад ці была шчырай да канца. Бо пакідаючы дом у верасні 1806 года, яна яшчэ памятала пра свой пол. І, пэўна, яшчэ ў глыбіні душы сваёй спадзявалася на звычайнае жаночае шчасце. Бо здзейсніць пабег дапамагаў ёй нейкі казацкі есаул, які на некаторы час стаўся яе каханкам.
Адзенне пані Чарновай знайшлі на беразе ракі і вырашылі, што жанчына ўтапілася пад час купання.

Праўда, адначасова з пані знік і верны конь Алкід. Але тыя, хто расследаваў здарэнне, меркавалі, што каня маглі звесці выпадковыя людзі. Надзея ж тым часам, пераапрануўшыся мужчынам, ехала разам з казакамі ў месца дыслакацыі расійскай арміі. Спадарожнікі лічылі, што разам з імі едзе малады дваранін Аляксандр Сакалоў, які збіраецца паступіць на вайсковую службу, а пакуль выконвае абавязкі дзеншчыка пры есауле. Хто гэты дзеншчык на самой справе, ведаў толькі сам есаул. Але і ён у прысутнасці іншых называў Надзею Аляксандрам Сакаловым і звяртаўся да яе як да мужчыны.


Пад гэтым імем, дайшоўшы з казакамі да Гродна, Дурава паступіла юнкерам у конна-польскі ўланскі полк. Развітанне з каханкам прайшло без асаблівых эмоцый. Пэўна, той, хто умеў быць добрым таварышам, у якасці мужчыны і спадарожніка жыцця расчараваў Дураву. Даволі хутка ўланам давялося прыняць удзел у баявых дзеяннях. Пад час гэтак званай прускай кампаніі Дурава вызначылася ў бітвах пры Гудштадце, пад Гельсбэргам, ля Фрыланда. У першай бітве выратавала параненага афіцэра, у апошняй – радавога ўлана, свайго таварыша па зброі. За подзвігі свае заслужыла Надзея знак Ваеннага ордэна. І тут яе выклікалі ў Пецярбург.


Справа ў тым, што Надзея, яшчэ да таго як полк накіравалі да месца баявых дзеянняў, выпадкова даведалася, што маці яе памерла, і вырашыла хоць неяк суцешыць бацьку. Дачка даслала яму ліст, у якім паведаміла, што яна жывая, напісала, дзе знаходзіцца і што носіць імя юнкера Сакалова. Яна маліла дараваць уцёкі, «даць добраславенне і дазволіць ісці шляхам, неабходным для шчасця». Аднак бацька, верагодна, спалохаўшыся за лёс дачкі, якая мусіла твар у твар сустрэцца з узброеным і бязлітасным супраціўнікам, не знайшоў нічога лепшага, як накіраваць ліст да імператара з прашэннем адшукаць дачку і вярнуць яе дадому.


Дураву са спецыяльным кур’ерам спешна даставілі ў Пецярбург. Аляксандр І асабіста азнаёміўся з рапартам галоўнакамандуючага рускай арміяй Буксгевена, у якім генерал характарызаваў улана Сакалова самымі лепшымі словамі. Даведаўшыся, што Надзея выратавала на полі бітвы афіцэра, уласнаручна ўзнагародзіў яе Георгіеўскім крыжам і дазволіў застацца ў арміі. З высачайшага дазвалення Дурава ў далейшым стала афіцыйна называцца Аляксандравым, атрымаўшы званне карнэта, і па загаду Аляксандра І была залічана ў Марыупальскі гусарскі полк – прывілеяваную вайсковую адзінку, у якой служыла шмат прадстаўнікоў арыстакратычных колаў Расіі.


Карнэт Аляксандраў праслужыў у гэтым палку тры гады. А пасля ў сімпатычнага і чамусьці бязвусага (гусары жартавалі, называючы з-за гэтага Аляксандрава лапландцам) карнэта мела няшчасце закахацца дачка палкоўніка. Дуравай трэба было тэрмінова ратавацца ўцёкамі, каб не зрабіць усеагульным дастаяннем сваю таямніцу.


Яе перавялі ў Літоўскі ўланскі полк, у якім Дурава ваявала пад час Айчыннай вайны 1812 года. Пасля Барадзінскай бітвы яна атрымала званне паручніка і была прызначана ардынарцам да самога Кутузава. Міхаіл Іларыёнавіч быў уражаны не толькі баявымі подзвігамі паручніка Аляксандрава, але і яе самаадданай любоўю да ваеннай справы. «Я люблю воінскае майстэрства, – казала Дурава, – з дня майго нараджэння і лічу званне воіна самым высакародным з усіх і адзіным, у якім нельга меркаваць ніякіх заган».


У 1816 годзе па просьбе бацькі Дурава, нарэшце, выйшла ў адстаўку ў чыне штабс-ротмістра. Просьба гэтая не была капрызам. У войску пачалі распаўсюджвацца плёткі пра жанчыну-афіцэра. І Андрэй Дураў, і сама Надзея разумелі: далейшая служба будзе немагчымай. Але пераапрануцца зноў у жаночае адзенне Надзея не змагла. Ужо звыклася да таго, што яна – мужчына. «Я люблю глядзець на дамскія строі, але ні за якія скарбы не надзела б іх на сябе, – прызнавалася яна. – Мой уланскі калет лепшы. Ва ўсялякім разе, ён мне больш пасуе, а гэта ж, кажуць, умова добрага густа: апранацца ў тое, што табе пасуе».
У адстаўцы ад няма чаго рабіць дзейсная па натуры сваёй Надзея Андрэеўна распачала пісаць мемуары. Брат Надзеі парэкамендаваў накіраваць іх для прачытання Пушкіну, з якім быў добра знаёмы. І той прыйшоў у непадробнае захапленне і выдаў мемуары ў сваім часопісе «Современник».


Раман «Кавалерыст-дзяўчына. Праісшэсце ў Расіі» – а менавіта гэтак Пушкін параіў назваць мемуары Дуравай – прынёс аўтару шырокую вядомасць. Аднак далейшыя спробы пяра поспеху не мелі. Надзея Андрэеўна сціпла дажывала свае гады ў Елабузе, у абкружэнні падабраных і ўратаваных ёю ад галоднай смерці вулічных катоў і сабак. З сынам сваім, якога яна не расціла і не ведала, узаемаадносіны складаліся цяжка, хаця ён неаднаразова спрабаваў «дастукацца» да сэрца маці і нават прыязджаў да яе за добраславеннем на шлюб.


Надзея Дурава памерла ў 1866 годзе, васьмідзесяцітрохгадовай. На смяротным ложку яна прасіла адпяваць яе пад мужчынскім іменем. Святар не рашыўся выканаць апошнюю волю гераіні, аднак у апошні шлях праводзілі Дураву ў вайсковым мундзіры і з воінскімі ўшанаваннямі.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.