Видео реклама

 

Паданне

Белы адзінарог князя Слуцкага

Белы адзінарог князя Слуцкага

Пра тое пляткарыў ужо ўвесь Слуцк. Князь Юрый надта часта стаў наведваць дом яўрэя Шмуля. Пагаворвалі, князь Слуцкі хоча, каб Шмуль па старажытных яўрэйскіх світках пралічыў шлях зоркі, пад якой выпала нарадзіцца Юрыю, і прадказаў яго лёс. Іншыя лічылі, што князь цікавіцца ядамі і супрацьяддзямі, бо надта ж многа ў яго хітрых і каварных ворагаў. Праўда ж была іншай. Па просьбе князя стары Шмуль шукаў прыгадванні пра адзінарогаў.

І выходзіла, што істота гэтая зусім не была міфічнай. Вадзілася яна некалі ў густых беларускіх лясах. А знікла з-за таго, што бязлітасна палявала на яе ўладнае панства. Хто з-за каштоўнага рога, парашок з якога падаўжаў мужчыне маладосць на трыццаць тры гады. А хто і з-за надзвычай пяшчотнага, саладкаватага мяса, з якога рабілі вытанчаныя стравы.

Пад час вялікага палявання напярэдадні Грунвальдскай бітвы, калі па загадзе князя Вітаўта рабіліся буйныя нарыхтоўкі мяса для літвінскага войска, паляўнічым было наказана з асаблівай увагай ставіцца да адзінарогаў, калі тыя патрапяцца разам з іншым звяр’ём. Ведаючы, якія хуткія ногі ў гэтых жывёл, Вітаўт разлічваў прыручыць іх для патрэб сваёй конніцы. Аднак задума тая не ўдалася. Свабодалюбныя адзінарогі лічылі за лепшае прыняць смерць, чым хадзіць пад сядлом. Ні ласка, ні бізун не дапамагалі. Злоўленыя паляўнічымі, адзінарогі адмаўляліся ад ежы і пітва і хутка паміралі.

Лічылася, што адзінарогаў у лесе больше не засталося, аднак паляўнічыя князя Юрыя сцвярджалі, што бачылі ля Капыля белага адзінарога. Але як яго злавіць і прыручыць? Хітры Шмуль вышукаў у старадаўніх кнігах верны спосаб зрабіць адзінарога ручным. Так князь Юрый даведаўся, што каб прыдбать сабе такого скакуна, трэба звярнуцца па дапамогу да юнай і прыгожай дамы. Толькі нявінніца не старэйшая за васемнаццаць гадоў песняй сваёй зможа падманіць тую лясную істоту і прымусіць яе служыць мужчыну.

Але дзе было ўзяць князю такую панну? І зноў дапамог Шмуль:

– Ёсць у Слуцку дзяўчына, што безумоўна падыдзе князю. Ёй нядаўна споўнілася шаснаццаць гадоў, і яна – нявінніца.

– Хто ж яна?

– Мая дачка Сара.

Праз некалькі хвілін перад Юрыем Слуцкім паўстала танюткае, бы трасцінка, дзяўчо з вачыма, як чорныя віры. А калі яна заспявала, князь глядзеў на яе так, нібыта яму дазволілі назіраць за нараджэннем дзіўнай перлы ў нетрах ракавіны.

– Ну што, падыходзіць дачцэ маёй яе імя? – з лукавай усмешкай пытаецца Шмуль. – Сара – значыць «царыца».

Хітры Шмуль прагне багацця і ўзвышэння ў Слуцку, аднак, неразумны, нават не здагадваецца, на якія вар’яцтвы можа рашыцца мужчына, што гэтак прагна глядзіць на дзявочую красу. Не чуе Шмуль, не разумее…

Калі надышоў час везці Сару ў лес, князя Юрыя ахапіў незразумелы неспакой. Дачка Шмуля падавалася такой кволай і безабароннай! А яе ж трэба было пакінуць у гушчары адну на цэлую ноч. Калі раптам з Сарай у лесе здарыцца бяда і яна пакліча на дапамогу, ніхто не пачуе!

Аднак Сара была спакойная. Яна моўчкі аглядзела тое месца, дзе ёй належала чакаць сустрэчы з адзінарогам, і, абраўшы паваленае дрэва, прысела на яго. Да самай раніцы красуня глядзела на яркія зоркі, настройваючыся на подых леса. А калі першыя сонечныя промні пазалацілі вершаліны дрэў, яна заспявала. Моцны, прыгожы дзявочы голас на некалькі хвілін стаў адзіным гукам лесу. І тады ён выйшаў з гушчару і спыніўся ў нерашучасці. У сонечных промнях адзінарог падаваўся залатым, і юная спявачка ў захапленні ахнула, перапыніўшы свае спевы. А ён павольна падышоў да Сары і, цяжка ўздыхнуўшы, паклаў ёй галаву на калені. Так і засталі іх князь Юрый з кніжнікам Шмулем роўна праз гадзіну.

Але Юрый Слуцкі быў расчараваны. Сонца ўзышло ўжо пад лесам, зняўшы з таямнічай істоты ўсю пазалоту. І стала бачна, што жывёліна, якая прыйшла на кліч Сары, зусім старая, сівая да белізны. Вочы адзінарога слязіліся, адно з іх было з бяльмом. А рог амаль зусім сцёрся.

– Як жа шкада! – не стрымаў сваіх пачуццяў князь. – З гэтага адзінарога мала карысці. Яго варта пакінуць у лесе.
Аднак адзінарог пайшоў за Сарай, і яго не здолелі адагнаць ні крыкамі, ні стрэламі.
– Добра, – вырашыў князь, – няхай жыве ў мяне на стайні. Але дачцэ тваёй, Шмуль, давядзецца самой даглядаць яго. Ніхто з маіх людзей да гэтай істоты не дакранецца!

Случчакі не зразумелі, што за дзіўнага каня прывёў з лесу іхні князь. Гэтаксама, як не зразумелі яны і таго, чаму дачка Шмуля штодзень ходзіць на княскую стайню. І асабліва тое не падабалася адзінаверцам Шмуля.

– Вось пабачыш, з гэтага адна толькі бяда станецца ў тваім доме, – казалі яны кніжніку.

Задумаўся кніжнік Шмуль і аднойчы не пусціў Сару на княжы двор. Але тым жа вечарам у дом да Шмуля прыйшлі княжыя людзі і забралі дачку кніжніка сілком. Сара больш не вярнулася дадому. Шмуля загадалі гнаць прэч з княжага замка, а хутка папаўзлі чуткі, што князь пабудаваў для юнай яўрэйкі дом на востраве сярод возера і рыхтуецца з ёй павянчацца. Так яно і было.

Раз у тыдзень князь Юрый спяшаўся на востраў у абдымкі прыгожай Сары. Яны сядзелі побач, гледзячы то на азёрныя хвалі, то адзін аднаму ў вочы, і размаўлялі пра ўсё на свеце. Аднойчы Сара задумалася і раптам спытала:

– Ці ведаеш ты, любы пане, чаму возера гэтае называецца Князь-возерам?

Юрый Слуцкі не знайшоў адказу. І тады ён пачуў, што калісь адзін з тутэйшых уладароў пабудаваў на востраве турму для свайго роднага брата. Ён зачыніў няшчаснага тут, і толькі дзесяць вартавых, прыстаўленых да яго, ведалі пра вязня. Аднойчы затрэслася зямля, магутны вецер узняў азёрныя хвалі, і востраў разам з турмой стаўся затоплены. Вартавыя ўратаваліся, схапіўшыся за дошкі. А брат князя загінуў у сваёй вязніцы. З тых часоў возера і называюць Князь-возерам.

– Адкуль ты ведаеш гэта? – спытаў здзіўлены Юрый Слуцкі.

– Ад твайго белага адзінарога, – адказала Сара. – Не здзіўляйся, я пачала чуць і разумець яго думкі. Ён шмат жыў на свеце, можа, трыста гадоў. І ён шмат што памятае. Хутка тэрмін яго будзе скончаны, і ён пойдзе туды, куды ідуць усе адзінарогі па завяршэнні зямнога шляха. Ён кажа, што гэта станецца, калі Князь-возера зноў праглыне гэты востраў. Мне страшна, любы пане, заставацца тут адной. Я не хачу, каб мяне напаткаў лёс няшчаснага вязня, які загінуў тут.

І суцяшаў прыгожую яўрэйку Юрый Слуцкі. І абяцаў ёй:

– Пацярпі, каханая, зусім нядоўга засталося. Скончыцца Вялікі пост, адсвяткуем Вялікдзень – прыеду сюды са святаром. Ахрысціць ён цябе, і тут жа абвянчаемся!

Аднойчы ўладару Слуцкаму данеслі: Шмуль пакляўся перад усім яўрэйскім кагалам, што заб’е дачку, але не дасць ёй стаць хрысціянкай. Узмацніў князь ахову церама і строга загадаў: калі кніжнік Шмуль раптам прабярэцца на востраў – утапіць яго ў азёрных хвалях.

А хутка вартавыя злавілі злашчаснага Шмуля. Ды як злавілі! Познім вечарам з пакояў Сары данёсся адчайны крык. Кінуліся туды – бачаць, маладая яўрэйка ляжыць на падлозе як нежывая. А кніжнік Шмуль над ёю пагрозліва размахвае рукамі. Накінуліся вартавыя на яўрэя, выцягнулі яго з пакояў, на шыю велізарны камень павесілі ды і кінулі ў азёрную ваду. Толькі, мабыць, паспяшаліся княжыя людзі. Апрытомнела Сара, пачала слёзы ліць. Не есць, не п’е, ні з кім не размаўляе. Адно белага адзінарога абдымае, гладзіць сівую грыву. Зусім звар’яцела ад гора!

Данеслі пра тое князю. Адразу Юрый Слуцкі прыехаў на востраў. Сустрэла яго каханая ў суме вялікім.

– Нічога не кажы, любы пане. Таго, што здзейснілася, выправіць нельга. А разам нам усё роўна не суджана было быць. Бацька расказаў мне, што вылічыў ён лёс наш з табою па зорках. Калі пажэнімся, смерць спасцігне спачатку мяне – ад злога яду ці то ад кінжала, а потым і цябе – ад гора ды суму.

– Як жа мы цяпер станемся? – спытаўся ў разгубленасці князь Юрый.

– Белы адзінарог сказаў мне, што тэрмін яго надыдзе заўтра, – узняла галаву Сара. – Я пайду разам з ім у тыя далёкія і прывабныя мясціны, куды трапляюць толькі адзінарогі і тыя, хто злучаецца з імі сэрцам. Там – іншае жыццё, непадобнае да нашага. І там душы людскія вылечваюцца ад гора. Пакінь, княжа, востраў гэты сёння да заходу сонца. І людзі твае няхай з’едуць адсюль. І не спрабуйце ўтрымаць мяне, не трэба…

Тое пачалося апоўдні. Тучы раптоўна зацягнулі небасхіл. Немаведама адкуль узняўся вецер, па возеры пабеглі хвалі адна за адну вышэйшыя. Князь з людзьмі сваімі назіраў за надыходам буры з берагу. І раптам ён пабачыў Сару. Яна сядзела верхам на белым адзінарогу, які падаваўся цяпер маладым, стройным і моцным. Адзінарог са сваёй каштоўнай паклажай бясстрашна крочыў проста ў раз’юшаныя хвалі. Князь думаў, што жывёла паплыве, але гэтага не здарылася. Капыты адзінарога хутка перабіралі па паверхні вады, не паглыбляючыся ў яе. У небе з’явілася барвовае авальнае вакно, з усіх бакоў абрамленае хмарамі. Раптам адзінарог скочыў. Скачок гэты быў такім моцным, што людзям на беразе падалося: ён паляцеў... Паляцеў, як птушка, проста да барвовага вакна і раптоўна знік у ім разам са сваёй прыгожай вершніцай…

Доўга не мог суцешыцца князь Юрый. Аднойчы пачуў ён далёкую песню. І пазнаў голас каханай. Князь закінуў галаву ўверх і глядзеў у нябёсы, пакуль слёзы не высахлі ў яго на вачах і сэрца не стала біцца роўна.

– Што ж, каханая, бывай, – прамовіў тады князь. – Ведаю я цяпер, што і сапраўды патрапіла ты ў чароўную краіну адзінарогаў. І яшчэ я ведаю, што табе там добра. Будзь жа кожны дзень шчаслівай!

Юрый Слуцкі шмат гадоў яшчэ захоўваў вернасць сваёй Сары. І толькі потым, дзеля атрымання спадчыннікаў, ажаніўся. Князь-возера з тых часін, як там патапілі старога Шмуля, у народзе сталі называць Жыд-возерам. А выява белага адзінарога з часам з’явілася нават на гербе Слуцка. Толькі далёкі спадкаемца князя Юрыя, адлюстроўваючы палёт чароўнай істоты, намаляваў ёй крылы. І ўбраў рог, ператварыўшы проста ў лятучага белага каня. Але ж таго рога і сапраўды амаль што не было. Белы адзінарог князя Слуцкага быў надта старым…

Теги: архив  паденне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.