Видео реклама

 

Сведкi часу

Вішчанскі скарб

Вішчанскі скарб

Паміж вёскамі Вішчын і Кісцяні ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці размешчаны ўнікальны археалагічны помнік – Вішчанскае замчышча. Калісьці тут быў магутны драўляны замак. Нават у наш час гэтае месца ўражвае сваёй прыгажосцю і непрыступнасцю. З усходняга боку – высачэзны абрыў, ля ўзножжа якога нясе свае воды Днепр. З паўднёвага і паўночнага бакоў колішні замак прыкрывалі глыбокія яры. А з заходняга ўзвышаліся тры магутныя штучныя валы з ровамі. На адным з іх, унутраным, былі ўзведзены драўляныя сцены з вежамі.

Сценаў гэтых даўно няма, як і ўнутранай забудовы замка. Але захаваліся зарослыя густой травой валы. І сеяў на гэтым месцы селянін з Кісцянёў бульбу. А ў 1977 годзе навукоўцы аблюбавалі яго для археалагічнай практыкі студэнтаў гістфака БДУ. І ў першы ж сезон раскопак атрымалі мноства каштоўных знаходак: шыферныя прасліцы, кавалкі шкляных бранзалетаў, наканечнік стралы… Знаходкі гэтыя дапамаглі высветліць час існавання замка – сярэдзіна ХІ – сярэдзіна ХII стагоддзя. Стала зразумела і тое, што замак быў спалены пад час варожага нападу і больш не адрадзіўся.

Замчышча настолькі зацікавіла археолагаў, што вырашана было працягваць раскопкі і ў далейшым. Радавала даследчыкаў замчышча знаходкамі і ў 1978 годзе. А праз год, за некалькі дзён да заканчэння сезонных раскопак, адбылася сенсацыя. Некалькім студэнтам даручылі даследванне аснаванняў унутранага вала. У тым месцы знаходзілася скопішча вялікіх камянёў. І вось на плоскай паверхні аднаго з іх заблішчэла на сонцы залатая лілеяпадобная падвеска. А між камянёў было і яшчэ штосьці. Рыдлёўкі паляцелі ў бок. Цяпер праца вялася нажамі ды кістачкамі. Час ад часу даводзілася адкладваць нават іх, каб не пашкодзіць каштоўную знаходку. Ачышчалі тое, што паўставала з зямлі, уласным дзьмуханнем. І ўрэшце, гэта сапраўды ювелірная праца была скончана. Дастаяннем навукі стаў унікальны скарб. Належаў ён, хутчэй за ўсё, жанчыне, бо складаўся цалкам з жаночых упрыгажэнняў. Прычым жанчыне багатай, бо яе ўпрыгажэнні былі залатымі і срэбранымі, тонкай ювелірнай работы і незвычайна прыгожыя. Падвескаў у форме лілеі аказалася не адна, а цэлых тры. Іх звычайна вешалі на ланцужок і атрымліваліся каралі. У старажытнай Беларусі модніцам невядомы былі завушніцы. Яны насілі колты – вельмі падобныя па выглядзе да завушніц упрыгажэнні, якія прымацоўваліся да галаўнога ўбору, а не да вушэй. «Камплект» такіх колтаў – залатых, упрыгожаных эмалямі з выявай дзіўных птушак (сірын? фенікс?), – аказаўся і сярод вішчанскіх знаходак. Былі таксама два колты срэбраных, але няпарных. Схавала ад бяды вішчанская гаспадынька і раскошныя срэбраныя бранзалеты. Адзін – віты са змяінымі галоўкамі. Другі – шырокі, плоскі, з зацейлівым узорам. Але найбольш уразіла ўсіх пара падвесак-бразготак. Філігранныя, разныя, як у казачных усходніх прыгажунь. Зрэшты, гаспадыня прыхавала і тагачасную «валюту» – срэбраныя зліткі-грыўны (агульнай вагай амаль два кілаграмы).

Археолагаў здзівіла тое, што скарб не быў закапаны глыбока ў зямлі, як гэта звачайна рабілася. А засунулі мяшэчак з каштоўнасцямі паміж камянёў ды ледзь-ледзь прысыпалі зямлёй. Пэўна, гаспадыня вымушана была прыхоўваць свае каштоўнасці ў спешцы. Схавала, але так і не вярнулася на папялішча за сваімі ўпрыгажэннямі. Каштоўнасці ж шмат стагоддзяў чакалі яе. І ўрэшце патрапілі ў рукі археолагаў. А пасля – і ў экспазіцыю нумізматычнага музея, які здаўна існуе на гістарычным факультэце БДУ.

Вішчанскі скарб, як адзін з самых каштоўных (на думку спецыялістаў, ён каштуе больш за 250 тысяч долараў), патрапіў ва ўсе даведачныя выданні па археалогіі. І пакінуў даследчыкам шэраг пытанняў, на якія няма адказу. Кім была гаспадыня скарбу? Што сапраўды з ёю здарылася? Хто знішчыў замак? І чаму ў летапісах не захаваліся сведчанні пра тыя падзеі?

Згодна археалагічным доследам, землі гэтыя ў ХІ–ХII стагоддзях належалі Смаленскаму княству, якое як раз тады пазбавілася ад улады Кіева і пачало набываць магутнасць. Смаленскі князь Расціслаў, кажуць, жыў у міры з суседзямі, і гарады яго не ведалі разбурэнняў і войнаў. Там развіваліся рамёствы і будаваліся храмы. Толькі ў канцы ХII стагоддзя сын Расціслава Давыд меў нейкія крыўды з падданымі. Аднак замак на гэты час ужо быў спалены. Можа, летапісы нешта не дагаворваюць пра час Расціслава? Каб бранзалеткі ды колты маглі размаўляць, яны б, пэўна, распавялі нам пра тыя драматычныя падзеі. Але не дадзена ўпрыгажэнням плакаць пра лёс сваёй гаспадыні ўголас.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.