Видео реклама

 

Падзея

Тураўскі «Златавуст»

Тураўскі «Златавуст»

Прыкладна 880 гадоў назад на тураўскай зямлі нарадзіўся святы Кірыл, епіскап Тураўскі.
Хлопчык з’явіўся на свет у багатай сям’і. Пра тое распавядае «Жыціе Кірыла Тураўскага», помнік пісьменнасці канца ХII альбо пачатку ХIII стагоддзя. Бацькі паклапаціліся пра тое, каб сын іхні атрымаў шырокі доступ да кніжнай навукі. І, не задумваючыся, аддавалі грошы свае на такія дарагія ў тыя часы кнігі.

У ХII стагоддзі Тураў быў багаты на храмы Божыя. Здаецца, разам з манастырскімі цэрквамі іх налічвалася каля сарака. На царкоўныя святы спевы тураўскіх званоў разносіліся так далёка, што, паводле паданняў, чутныя былі нават у іншых гарадах княства. І ў сэрцы юнага тураўца гэты звон назаўжды атаясаміўся з паняткамі «святло» і «радасць». Вось і пайшоў ён да святла гэтага, адрынуўшы ўсе багацці сям’і сваёй, усе спакусы мірскога жыцця, прыхапіўшы з сабою толькі стос кніг, якія лічыў найвялікшай каштоўнасцю. Месцам пастрыжэння юнака, пэўна, стаў Тураўскі Свята-Нікольскі манастыр.

У абіцелі вылучыўся чарнец Кірыл сярод іншых манахаў сваёй непрымірымасцю да любога праяўлення ляноты і паборнікам дысцыпліны. Праславіўся, як постнік і лепшы псалмапевец (у «Жыціі» нават сказана, што Кірыл цела сваё знясільваў спевамі). І ўжо ў тыя часы гэтаму манаху было дадзена права павучаць братоў. Наступнай вехай на шляху духоўнага подзвігу чарнеца Кірыла стала «стоўпніцтва»: манах папрасіў брацію замураваць яго «ў слупе» – гэта значыць, у адной з манастырскіх вежаў, каб правесці там з малітвамі і кнігамі некалькі гадоў. «Стоўпніцтва» было надта рэдкім прыкладам духоўнай манаскай практыкі. На Русі Кірыл стаў першым «стоўпнікам». Сучаснікі дзівіліся сіле яго веры, цярпенню і мужнасці. А яшчэ больш таго дзівіліся, што менавіта тут, «у слупе», суровы аскет стаў ствараць свае яркія, жыццялюбівыя, красамоўныя словы-пропаведзі, пасля якіх так хацелася славіць Бога, любіць адно аднаго ўзнёслай братэрскай любоўю і ісці ў храмы Божыя дзеля мудрасці і ратавання душы.

Выйшаўшы з дабраахвотнага зачынення, Кірыла Тураўскі стаў настаяцелем свайго манастыра, а пасля і епіскапам Тураўскім. Гэта быў самы красамоўны з епіскапаў свайго часу. Нездарма называлі яго «другім златавустам». Пропаведзі святога Кірыла – яркія, насычаныя мастацкімі вобразамі, незвычайна пераканаўчыя. Ён заклікаў суайчыннікаў праводзіць дні святыя «не ў п’янстве, не ў абжорніцтве, але прыходзячы ў царкву, мілуючы сірот і жабракоў, дапамагаючы бедным, шануючы слуг Божых».

Наракаючы на тых, хто неахвотна наведваў царкву, заўпэўніваў: «Каб я казаў ад сябе, вы б зрабілі добра, не прыйшоўшы ў храм. Але я абвяшчаю слова Божае, якое лепш за золата і каштоўныя каменні, больш салодкае, чым мёд і сот, і вы пазбаўляецеся яго, не прыходзячы ў царкву».

Тураў набываў значэнне як вялікі духоўны цэнтр Старажытнай Русі. Археалагічныя доследы даюць магчымасць казаць пра тое, што ў часы епіскапства Кірыла тут нават быў пабудаваны свой Сафійскі сабор, аналагічны Кіеўскаму, Полацкаму і Наўгародскаму. Сам князь Суздальска-Уладзімірскі Андрэй Багалюбскі ліставаўся з тураўскім епіскапам. З князем гэтым быў звязаны не самы прыемны момант у жыцці златавустага манаха.

Андрэй Багалюбскі, на той час наймагутнейшы з князёў рускіх, ступіў на шлях граха і раздораў. І тады ж вырашыў стварыць новую мітрапалічую кафедру, прызначыўшы на яе папа Феодара. Феодар той, не паспеўшы зрабіцца ўладыкам, выклікаў непрыяцце рускага духавенства. Ён адмовіўся развітацца з жонкай і станавіцца манахам, як тое было прадпісана для царкоўных дзеячаў такога рангу, выказваўся супраць існавання манаства і манастыроў, а таксама не хаваў іншых ерэтычных по тых часах думак. У выніку духоўную ўладу Феодара ў княстве пересталі прызнаваць, а сам Багалюбскі пачаў губляць аднадумцаў і паплечнікаў. Тады ён выканаў патрабаванне Кіеўскага епіскапа і прывёз былого свайго мітрапаліта на суд. На спецыяльна скліканым царкоўным саборы з прамовай, як абвінаваўца, выступаў епіскап Тураўскі Кірыл. Феодара тады прыгаварылі да страты.

Аднак хаця і заслугоўваў смерці злашчасны Феодар, сум лёг на сэрца святога пасля выканання прысуда. Стаў цяжарыцца ён сваім епіскапствам. І ўрэшце адмовіўся ад яго, добраахвотна сышоў у Барысаглебскі манастыр, каб завяршыць там жыццёвы шлях простым манахам. Здарылася гэта да 1184 года. А пражыў пасля святы яшчэ, мабыць, да пачатку 1190-х гадоў. Вядома тое з ліставання Кірыла Тураўскага з пячэрскім ігуменам Васіліем.

Дзе магіла святога епіскапа Кірыла – дакладна невядома. Адны даследчыкі мяркуюць, што ён мог пад канец жыцця перабрацца ў той жа Пячэрскі манастыр і быў пахаваны недзе ў пячорах, нездалёк ад святога Іллі Мурамца. Але іншыя аспрэчваюць тое, сцвярджаючы, што вечнае супакаенне Кірыл Тураўскі знайшоў у родным горадзе сваім. Нездарма ж на Тураўскіх Барысаглебскіх могілках проста з зямлі вырастаюць нерукатворныя каменныя крыжы – сімвал святасці гэтай зямлі. Пад адным з крыжаў такіх, пэўна, і пахаваны Божы суразмоўца Кірыл…

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.