Видео реклама

 

Сведкi часу

Дзед з мiнскага капiшча

Дзед з мiнскага капiшча

Любы жыхар Мінска, без сумнення, падкажа прыезджаму, як дабрацца да стадыёна «Дынама». А вось на пытанне, дзе знаходзілася мінскае язычніцкае капішча, адказаць змогуць лічаныя адзінкі. Хаця з часу яго знішчэння прайшло толькі сто з невялічкім гадоў. Між іншым капішча знаходзілася амаль у цэнтры сучаснага «Дынама». Праўда, у той час гэтага збудавання яшчэ не было.
Ды і іншых навокал – таксама...

Яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя там, дзе рака Свіслач робіць вялікую дугу паміж вуліцамі Першамайскай, Пуліхава і Кастрычніцкай, прасціраўся глухі забалочаны лес, які насіў назву Свіслачча. На больш высокіх мясцінах ды на сухіх прагалінах сярод асін і бяроз дзе-нідзе сустракаліся магутныя дубы. Але панавалі ў гэтым лесе змрочныя яліны. Вось у гэтых нетрах і знаходзілася капішча. Праўда, яно не хавалася ў іх глыбіні, а адным бокам выходзіла на бераг Свіслачы – якраз насупраць сучаснага Дома настаўнікаў. Шмат стагоддзяў дзейнічала яно. Былі на гэтым капішчы і свяшчэнны дуб Волат таўшчынёй у чатыры абхваты, і свяшчэнная крынічка, і нязгаснае вогнішча Жыжа. Галоўным жа аб’ектам пакланення лічылася велізарная камянюка, якая называлася Дзед, альбо Стары. Капішча з трох бакоў было абнесена амаль двухмятровым тынам, а з боку ракі заставалася адкрытым. Амаль уся яго тэрыторыя (каля 300 квадратных метраў) была замошчана бярвеннямі. Гэты памост нават навісаў над рэчкай. І быў на капішчы жрэц. Дзякуючы апантанай дзейнасці этнографа Кацара, які напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны займаўся пошукамі інфармацыі пра гэтае капішча, былі знойдзены тыя мінчане, якія засталі яго яшчэ дзейсным і самі наведваліся туды. Адна з іх, Хрысціна Савельева, расказала прафесару: «Чараўнікоў гэтых толькі цяпер лічаць за благіх людзей, за служак антыхрыстаў. Тады іх нашы дзяды лічылі як за святых і ва ўсім слухаліся, маліліся ім, прыносілі ім багатыя ахвяры. Што ні здарыцца дрэннае: пажар, крадзёж, паморак на скаціну, хвароба, – усе ішлі да чараўніка за дапамогай. Ён варажыў па сонцы, па зорках, па вантробах казы ці авечкі. І тлумачыў, ад чаго здарылася няшчасце і як ад яго пазбавіцца. За гэта чараўніку прыносілі многа ўсялякага дабра». Вядома ёй было і імя гэтага жраца. Звалі яго Севасцей Вялікі. Відавочцы апісвалі яго як магутнага старога – высокага, мажнага мужчыну з вялікай чорнай барадой і доўгімі валасамі. Гэты Севасцей пражыў больш за сто гадоў. Хадзілі нават чуткі, што ён быў зачараваны. Памёр жа пасля таго, як, па яго ўласных словах, «…упала яго зорка». А пры жыцці ён лячыў розныя хваробы людзей і жывёл, умеў чараваць, прадказваў лёс. Спрабаваў адвесці бяду. Вядома, што пад час Крымскай вайны жрэц прадаваў салдацкім маці і жонкам драўляныя свістулькі. Свістулькам гэтым трэба было знайсці самае пачэснае ў доме месца і штодзень ля іх чытаць спецыяльна прыдуманую Севасцеем малітву, якая мусіла аберагаць салдата ад штыка, кулі і гарматнага агня. У сваёй дзейнасці жрэц выкарыстоўваў усе «аб’екты пакланення», якія знаходзіліся на капішчы. На дуб вернікі ў асноўным вешалі вышытыя ўласнымі рукамі рушнікі ды стужкі. На вогнішчы, абнесеным каменнем, палілі вантробы ахвярных жывёл. На Дзеда вылівалі мёд, малако, віно. Таму ад каменя моцна патыхала даволі непрыемным «амбрэ». Да таго ж сюды зляталіся пчолы, шмялі і мухі, якія заміналі вернікам. Аднак на асноўнай святыні рэгулярна з’яўляліся і іншыя паднашэнні. Дзяўчаты, што жадалі выйсці замуж, загадвалі на пэўнага юнака і абвязвалі Дзеда вышытым імі рушніком. Цяжка хворыя жанчыны вешалі на камень свае фартухі. Існаваў нават абрад лячэння бяплоддзя. Трэба было ноччу выйсці да капішча, сесці на камень «голым месцам» так, каб спадніцай закрыць яго ўсяго, і тройчы прамовіць: «Дапамажы Божа!». Гэтак рабілася тры ночы запар. Ці дапамагала ўсё гэта – цяпер ужо цяжка сказаць. Аднак ёсць сведчанні, што Севасцей не заўжды сумленна падыходзіў да выканання сваіх абавязкаў. Аднойчы нават мужыкі яго моцна пабілі за тое, што жрэц прадаў ім «на ўдачу» замест жалудоў са свяшчэннага дуба звычайныя. Аднак і пасля гэтага не перасталі хадзіць «да Дзеда». Цікава, што большасць наведвальнікаў капішча былі хрышчаныя людзі, якія рэгулярна наведвалі храмы. Так, напрыклад, мінчанка Хрысціна Несцяровіч, якая нарадзілася ў 1853 годзе, расказвала: «Я больш хадзіла маліцца ў царкву, там я была кожную нядзелю. Ну а калі забаліць жывот ці што, то тады хадзіла да каменя». Аднак былі і такія жыхары Мінска і навакольных вёсак, якія невядома як пазбеглі хроснай купелі. У іх існаваў нават уласны пагост – на гэтым месцы цяпер знаходзіцца завод імя Кірава. Хто ведае, колькі б яшчэ праіснавала капішча, каб не чыгунка. Пасля яе пракладкі горад стаў разрастацца. Асабліва хутка гэты працэс адбываўся ў раёне чыгуначнага вакзала. Набліжэнне Мінска да «чорнага капішча» стала падставай для дзеячаў праваслаўнай царквы і касцёла, каб урэшце скончыць з язычніцкім капішчам, само існаванне якога ў ХХ стагоддзі, на іх думку, з’яўлялася ганебным фактам. Імя Севасцея было праклятае. Сярод хрысціян узмацнілася антыязычніцкая прапаганда. Падключыліся да барацьбы з «чортавым капішчам» і мінскія ўлады. Пачаліся налёты жандараў. Забаранілі спальваць ахвярных жывёл. А потым і «агонь сталі гасіць, і камяні ад яго абкладкі скідваць у Свіслач». Стары Севасцей памёр. Месца яго заняў сын, таксама Севасцей. Ён усімі сіламі спрабаваў утрымаць капішча. Адкупаўся вялікімі грашыма ды бочкамі мёду. Але перад руска-японскай вайной яго ўсё ж такі прагналі. Дуб спілавалі, Дзеда асвяцілі. З часам тут з’явіліся драўляныя дамы вуліцы Лодачнай. Потым пачалі ўзводзіцца мураваныя шматпавярхоўкі. А камень з язычніцкага капішча ўсё ляжаў сабе і ляжаў нездалёк ад берага Свіслачы. Пад час добраўладкавання набярэжнай ад яго вырашылі пазбавіцца. Дзеда спіхнулі бульдозерам у канаву і засыпалі зямлёй. А праз некалькі гадоў, даведаўшыся ад сведкі гэтых падзей, дзе менавіта пахавалі камень, за Дзедам прыйшлі супрацоўнікі толькі што створанага ў сталічным мікрараёне Уручча Музея камянёў. Цяпер Дзед – пачэсны экспанат гэтага музея. Упершыню за ўсю доўгую гісторыю свайго існавання ён аказаўся пад надзейнай аховай дзяржавы. Але – дзіўная справа – камень самаразбураецца. Ад яго пастаянна адвальваюцца хай сабе невялічкія, але кавалачкі. Кажуць, гэта – заканамерны працэс. Бо Дзед – вельмі нетрывалы чырвоны граніт. Але ж стаяў ён доўгія стагоддзі на капішчы – і нічога! А можа, і сапраўды ўтрымлівалі Дзеда ад разбурэння заклінанні жрацоў Севасцеяў, таямнічыя словы, якіх мы не ведаем і ніколі ўжо не пачуем?
Хто ведае…

 
Iрына Маслянiцына, Мiкола Багадзяж

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.