Видео реклама

 

Асоба

Горліца, якая пакахала вераб’я

Горліца, якая пакахала вераб’я

Праслаўлены суайчыннік, палкаводзец, генерал, ганаровы грамадзянін Францыі, нацыянальны герой Польшчы, Беларусі i Злучаных Штатаў Амерыкі, Андрэй Тадэвуш Касцюшка сыходзіў з жыцця халастым і бяздзетным. Хаця лёс падараваў яму сапраўднае каханне. І ён заўжды марыў пра сямейнае шчасце.

Два сумных слова «не суджана» напоўнілі сумам не толькі яго жыццё, але і жыццё прыгожай, пяшчотнай і самаадданай Людвікі Сасноўскай, якая адказала яму ўзаемнасцю.

Гэта адбылося ў 1775 годзе, калі пасля доўгіх гадоў вучобы ў Францыі Касцюшка, малады ваенны інжынер, вярнуўся на радзіму. Вакансіі ў арміі Вялікага княства адразу не знайшлося, і Андрэй Тадэвуш вымушаны быў часова асесці без належнай справы ў радавым маёнтку. Яму дваццаць сем гадоў, але сэрца яго ўсё яшчэ вольнае. Маёнтак – бедныя Сехнавічы – суседнічаў з багатымі Сасновіцамі, якімі валодаў гетман польны літоўскі Юзаф Сасноўскі. Гэта быў добры сусед, дружалюбны і гаваркі. Пабачыўшы неяк малюнкі Тадэвуша (за мяжой Касцюшка не толькі вывучаў ваенныя навукі, але і браў урокі жывапісу), Сасноўскі прыйшоў у захапленне і прапанаваў маладому чалавеку паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка малявання. У гетмана польнага былі дзве дачкі, якімі ён вельмі ганарыўся. Пагодкі, Людвіка і Катажына, лічыліся лепшымі вучаніцамі ў варшаўскім пансіянаце для высакародных дзяўчат, які ўтрымлівала вядомая ў вышэйшых колах выхавальніца Шмідт. Яны добра музіцыравалі, нядрэнна спявалі, пісалі вершы і нават пераклалі з французскай мовы на польскую некалькі модных раманаў. Але што тычыць выяўленчага мастацтва, тут быў прабел. Пэўна, Людвісі і Катусі не шанцавала на добрых настаўнікаў. Панны Сасноўскія часта і ахвотна вазіліся з фарбамі, але, на думку іх бацькі, нічога вартага з-пад іх пэндзляў не выходзіла.

Касцюшка зацікавіўся прапановай і згадзіўся даць дзяўчатам некалькі ўрокаў. У маладосці ўсё адбываецца хутка. Дастаткова было некалькіх сустрэч, пяшчотнага погляда, слоўца, сказанага цішком, каб Тадэвуш зразумеў, што закахаўся ў дзевятнаццацігадовую Людвіку. Праз паўгода з дня першага знаёмства ён адважыўся на прызнанне. Яна адказала ўзаемнасцю, і Касцюшка, шчаслівы і ўсхваляваны, накіраваўся да бацькі дзяўчыны, каб афіцыйна прасіць яе рукі. Ён амаль не сумняваўся, што спагадлівы сусед не адмовіцца парадніцца з прадстаўніком няхай збяднелага, але вельмі паважанага шляхецкага рода. Але нечакана атрымаў адмову: «Горліцы не для вераб’ёў, а магнацкія дочкі не для бедных шляхцюкоў».

Магчыма, Юзаф Сасноўскі не быў бы такім рэзкім з прэтэндэнтам на руку Людвікі, каб літаральна за некалькі дзён да сватаўства Касцюшкі не адбылося нешта выключнае. Бацька каханай Тадэвуша, азартны карцёжнік, прайграў пану Станіславу Любамірскаму адзін са сваіх маёнткаў. Сасноўскі ўспрыняў гэта як катастрофу. Карыстаючыся выпадкам, Любамірскі прапанаваў яму своеасаблівую здзелку. Маёнтак застанецца ў Сасноўскага, але Людвіка стане жонкай сына Любамірскага, які даўно яе дамагаўся. Гетман польны з радасцю ўхапіўся за гэткую прапанову. І дзяўчыну прасваталі.

Але Тадэвуш і Людвіка вырашылі змагацца за сваё шчасце. Касцюшка дамовіўся з сябрамі, каб яны дапамаглі яму выкрасць і звезці нявесту. Маладыя таемна абвянчаюцца, а стары Сасноўскі з часам даруе дачцэ. Аднак змова была выкрытая.

У прызначаны час дзяўчына выйшла ў сад. Тадэвуш пасадзіў яе наперадзе сябе на каня, і яны паімчалі ў суправаджэнні сяброў Касцюшкі. Але гайдукі гетмана дагналі закаханых і вярнулі Людвіку. Яе зачынілі ў адным з аддаленых маёнткаў Сасноўскага. Бацька пагражаў судом і смяротным прыгаворам для Тадэвуша, і ён сапраўды мог гэтага дабіцца. Але Людвіка ўпрасіла бацьку не даваць справе ходу. Тады яна пойдзе да алтара з Любамірскім і дасць слова, што пакуль яна будзе яго жонкай, Тадэвуш не пабачыць яе. Сасноўскі прыняў умову. Праз два месяцы Людвіку абвянчалі з нялюбым. Але Касцюшка пра гэта ў той час так і не даведаўся, таксама як і пра тое, што Людвіка ахвяравала сабой дзеля яго. Ведаючы, чым можа скончыцца для яго гісторыя з выкраданнем, ён ратаваўся ўцёкамі за мяжу.

Сум па страчаным каханні накіраваў Касцюшку насустрач небяспецы. Ён апынуўся ў Амерыцы, якая ў той час змагалася са зброяй у руках за сваю незалежнасць ад Англіі. Дзесяць гадоў Тадэвуш ваяваў на баку амерыканцаў, узводзячы незвычайна моцныя і трывалыя крэпасці і ўмацаванні. Яго веды і ваенны талент былі ацэнены па заслугах. Генеральскі чын, вышэйшыя воінскія ўзнагароды і слава – вось з чым у 1784 годзе вярнуўся Касцюшка на радзіму. Але ўсе грошы – жалаванне, атрыманае за некалькі гадоў службы амерыканскаму народу, – адразу давялося патраціць на выкуп Сехнавічаў, якія заклаў за даўгі родны брат Тадэвуша.

Спадзяванні, што вядомасць дазволіць яму бесперашкодна знайсці месца ў арміі ўласнай радзімы, аказаліся марнымі. Не знайшлося нікога, хто б захацеў дапамагчы выклапатаць герою генеральскі патэнт у Рэчы Паспалітай. Заставалася яшчэ Людвіся. Яна трымала слова, дадзенае бацьку і мужу, і не шукала сустрэч з Касцюшкам. Але ніхто не мог забараніць ёй даслаць яму некалькі сціплых лістоў, таксама як і клапаціцца аб яго кар’еры.

На працягу двух гадоў пані Любамірская вяла ажыўленую перапіску з жонкамі розных уплывовых асоб. А ў кастрычніку 1788 года рашылася напісаць самому каралю Панятоўскаму. Менавіта ў гэты час соймам, які атрымаў у далейшым назву Чатырохгадовага, рашалася пытанне аб павелічэнні арміі Рэчы Паспалітай. Падрабязна апісваючы воінскія заслугі свайго героя і яго высокія чалавечыя якасці, Людвіся, між іншым, не пасаромелася дадаць, што Касцюшка сваёй доўгай разлукай з радзімай і ўсімі сваімі бедамі абавязаны менавіта ёй. Таму яна лічыць сваім доўгам заняцца ўладкаваннем яго лёсу.

Здзіўлены кароль зрабіў «прыгожы ўчынак». Ён прыняў Касцюшку ў сваім палацы, даволі ветліва размаўляў з ім у прысутнасці многіх людзей і ўласнаручна ўручыў яму патэнт на званне генерал-маёра ў Каронным (польскім) войску. Пад начала Касцюшкі аддалі дывізію, раскватараваную на поўдні Брэсцкага ваяводства.

Касцюшка захапляўся ўчынкам Людвікі. Аднак разумеў: надзеі на шчасце няма. Княгіня Любамірская даўно ўжо была маці чатырох дзяцей. Пра дзяцей марылася і Андрэю Тадэвушу. Можа, менавіта таму дазволіў ён у гэты час расквітнець у сэрцы сваім новаму пачуццю? Васемнаццацігадовая дачка брэсцкага харунжага Журоўскага Тэкля без памяці закахалася ў амерыканскага героя. І ён раптам падумаў: чаму б і не? Але прамы і грубаваты харунжы рэзка адсек усе намаганні: «Валацуга! – сказаў ён Касцюшку. – Швэндаўся па Амерыцы, бы татарын па стэпе, нічога не нажыў. Хаты не мае, дзе жонку прыняць. І да таго ж ліхадзей, хацеў пана ваяводы Сасноўскага дачку выкрасці». І паспяшаўся звезці дачку падалей ад аб’екта яе пачуццяў. Касцюшка ўспрыняў чарговую адмову як наканаванне. Ён не стаў змагацца за Тэклю. Лёс ёсць лёс, ці трэба ісці яму насуперак?

У 1794 годзе ўзначаліўшы нацыянальна-вызвольнае паўстанне ў сябе на радзіме, удзел у якім абессмяроціў яго імя, Тадэвуш Касцюшка атрымаў ад Людвікі Сасноўскай-Любамірскай апошняе пасланне. Яго прывёз генералу старэйшы сын каханай – Генрык. Высакародны юнак не толькі не асуджаў пачуццяў сваёй маці, але і ганарыўся імі. Пазнаёміўшыся з Генрыкам, Касцюшка вырашыў не кідаць ценю на імя той, што дала юнаку жыццё, і спыніў перапіску з ёю. Але лёс усё ж такі даў Людвіке магчымасць пабачыць Тадэвуша…

10 кастрычніка 1794 года пад вёскай Мацеевічы корпус, якім кіраваў Касцюшка, супрацьстаяў войску генерала Ферзена. Бітва пачалася раніцай. У сярэдзіне дня Андрэй Тадэвуш зразумеў, што супраціўнік перамагае з-за перавагі артылерыі. Урэшце паўстанцы пабеглі. Пад генералам Касцюшкам забілі каня. Не жадаючы патрапіць у палон, ён спрабаваў застрэліцца. Але пісталет даў асечку. І тады на паўстанцкага генерала наляцелі казакі.

Чатыры колатых раненні пікай, сур’ёзная агнястрэльная рана ў бядро, удар палашом у галаву... Але ён быў усё яшчэ жывы. Апазнаўшы захопленага, камандзіры рускіх войскаў адправілі яго ў Санкт-Пецярбург. Непрытомнага кіраўніка паўстанцаў пад чужым імем, таемна, па начах, везлі праз усю Беларусь.

Пані Любамірскай удалося даведацца, па якім шляху праедзе таемны вазок з параненым. Узяўшы ў спадарожнікі сына Генрыка, Людвіка выехала насустрач. Грошы зрабілі сваю справу – канваіры спыніліся на пяць мінут. Упэўніўшыся, што Касцюшка па-ранейшаму ў непрытомнасці, Генрык паклікаў маці. І Людвіка атрымала магчымасць, не парушаючы свайго абету, дакрануцца да рукі каханага і прашаптаць яму некалькі пяшчотных слоў. І гэта – усё.

Яго чакала зачыненне ў Петрапаўлаўскай крэпасці, пасля – літасць імператара Паўла, вызваленне, вяртанне ў Амерыку, з якой ён пазней з’ехаў у Еўропу. Людвіка ж працягвала кахаць і чакаць цуда. У 1817 годзе яна аўдавела. Даведаўшыся, што самотны Касцюшка жыве ў швейцарскім гарадку Салюры, яна зазбіралася да яго. Але страшная вестка назаўжды пазбавіла яе ўсіх спадзяванняў. Усяго праз два месяцы пасля смерці мужа пайшоў у іншы свет і яе Тадэвуш.

Людвіка перажыла каханага на дваццаць гадоў. На схіле жыцця для яе не было большай радасці і болю, чым слухаць паланэз, напісаны Касцюшкам напярэдадні паўстання. Паводле ўспамінаў яе дзяцей, Людвіка, слухаючы гэтую музыку, усміхалася. Але па шчаках яе цяклі слёзы…

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.