Видео реклама

 

Падзея

«Чорны замак» – візітоўка Гальшан

«Чорны замак» – візітоўка Гальшан

У 1280 годзе, 730 гадоў назад, брат вялікага палкаводца Даўмонта і вялікага князя літоўскага Тройдзеня, князь Аляксандр-Гольша, на паўночным захадзе Беларусі заклаў мястэчка, якому даў імя Гальшаны. З тых часоў, паводле падання, і мясцовая рэчка носіць назву Гальшанка. Але наўрад ці назва Гальшаны хоць неяк адбівалася б у сэрцах суайчыннікаў, каб не Гальшанскі замак. Некалі самы прыгожы на Беларусі. Сёння ператвораны ў руіны. Той самы славуты замак, які так любоўна апеў у сваім рамане вялікі рамантык беларускай прозы Уладзімір Караткевіч.

«Вачам адкрылася нешта такое, што не да веры, чаго не бывае, не павінна быць сярод гэтай разнежанай вясной прыроды, сярод гэтых ласкавых дрэў і зялёнай травы.

На тым баку ўзвышаўся мур і вежа (астатняе хавалі дрэвы) крыху-крыху толькі ў пражоўць, цёмна-свінцовага, амаль чорнага колеру.

Замак. І які пагрозлівы, пачварны замак!

І не на ўзгорку, не наводдаль, каб чалавек паспеў неяк падрыхтавацца, а твар у твар, як нечаканы цёс мяча…

…я ўбачыў проста перад сабою цёмную і дужа нізкую арку брамы.

І гэта была брама-праём, брама-тунэль, брама-уваход у пячору страшнага гіганта-волата са злоснай казкі.

Нават з нейкім трымценнем набліжаўся я да гэтай пашчы. І тут убачыў, што мур з абодвух канцоў замыкаюць дзве кутнія вежы. Пяць граняў знадворку. Шостая, відаць, выходзіла ва ўнутраны двор. Мур вышынёй метраў дзесяць-дванаццаць даходзіў вежам да пояса, да байніц сярэдняга бою. Вежы былі пустыя і часам свяціліся гэтымі байніцамі. Дахі на вежах спічастыя, і засталіся ад іх амаль толькі кроквы ды латы і толькі сям-там чарапіца».

І сапраўды, ужо з дарогі бачны дзве напаўразбураныя вежы і такі ж мур паміж імі. Але калі падыходзіш да замка, то ўзнікаюць зусім іншыя ўражанні, чым у героя Караткевіча, – роспач і сорам. Роспач – ад убачаннага, а сорам – за тых, хто давёў да такога стану замак, пабудаваны яшчэ ў першай палове ХVІІ стагоддзя.

Яго ўжо няма. Ёсць толькі рэшткі – дзве тыя самыя напаўразбураныя вежы з кавалкамі мура паміж імі, якія бачны з дарогі. Але даўно ўжо зніклі і кроквы, і латы ад дахаў, і нават байніцы сярэдняга бою. А тое, што бачым мы, – сваеасаблівая шырма, за якой хаваюцца руіны.

Прызнаем, што ўзведзенае па жаданню колішняга гаспадара падканцлера літоўскага старасты ашмянскага князя Паўла Стэфана Сапегі збудаванне і не магло захавацца ў непарушным стане да нашых часоў. Бо, па-першае, былі нанесены яму моцныя пашкоджанні пад час незлічоных войнаў ды паўстанняў, якія бушавалі на нашай зямлі. Па-другое, нават у час ўзвядзення ён больш нагадваў палац, чым замак. У мурах і вежах былі зроблены не толькі байніцы, але і вялізарныя аконныя праёмы. Абарона яго галоўным чынам абапіралася на земляныя ўмацаванні – валы, рвы, бастыёны, якія акружалі замак па перыметру. Ваенныя ліхалецці нанеслі замку мноства пашкоджанняў. Але зруйнавалі не яны. Першы «герастрат» па прозвішчу Гарбылёў жыў у ХІХ стагоддзі. Ён у 1880 годзе пачаў бурыць вежы і сцены замка, бо разлічваў добра зарабіць на продажы старадаўніх будматэрыялаў. Але хутка расчараваўся, высветліўшы, што вялікіх багаццяў такім чынам не прыдбае. Дзякуючы гэтаму і змог пабачыць Караткевіч, а затым і яго герой байніцы ў вежах звонку і тое, што знаходзілася за фасадам замка:

«Мур збольшага, трэці на дзве, збярогся, сям-там развалены амаль данізу… І па перыметры муроў… рады вокан жылых памяшканняў. Вокан і дзвярэй. Так, дзвярэй, бо там, дзе муры не развалены, абкружае іх каменная галерэя, дзе закрытая аркамі і дахам, а дзе і адкрытая… Фасады замка бедныя, а тут, там, дзе сценка жылога памяшкання ўпала, відаць, што ўнутраны дэкор быў багаты.

Верхнія паверхі некаторых вежаў былі, відаць, таксама жыллём. Унь ляпніны на столях, унь в’юцца сляды дымаходаў».

Хтосьці можа сказаць, маўляў, стварыў пісьменнік вобраз патрэбнага для яго твора замка. Аднак вельмі ж падобна апісваў у сваіх працах Гальшанскі замак архітэктар, доктар навук У. А. Чантурыя, які ў 50–60 гадах мінулага стагоддзя займаўся абследваннем гісторыка-архітэктурных помнікаў Беларусі. Так, напрыклад, у кнізе «Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии» ён пісаў: «Замак моцна пацярпеў пад час дзвюх апошніх войн і патрабуе сур’ёзнай рэстаўрацыі. Але нават у цяперашнім стане ён уражвае сваімі памерамі, працяглымі сценамі… па вуглах узвышаюцца вежы. А па перыметры сцен, прымыкаючы да іх, размяшчаюцца двухпавярховыя жыллёвыя карпусы, якія ўтвараюць замкнёны ўнутраны двор. Пад карпусамі маюцца аб’ёмістыя сутарэнні, перакрытыя скляпеннямі. Сцены па паверхах прарэзаны вялікімі вокнамі, звычайнымі для палацавых рэзідэнцый. Вежаў шэсць, чатыры з іх размешчаны па вуглах, дзве – пасярэдзіне муроў».

Складваецца ўражанне, што пісьменнік пабачыў замак прыкладна ў тыя ж часы, калі яго даследаваў вучоны, альбо крыху раней. Як бы там ні было, але кніга вучонага-архітэктара з’яўляецца дакументальным сведчаннем таго, што гэты помнік гісторыі і культуры яшчэ ў 60-х гадах мінулага стагоддзя быў больш-меньш цэлым. Прычым настолькі, што ў ім з 1954-га па 1959 год размяшчаўся заатэхнікум. Дарэчы, навучэнцы не толькі прыходзілі сюды на заняткі, але і жылі тут. І ўсё было б добра, каб не ініцыятыва аднаго з мясцовых кіраўнікоў – сакратара гальшанскай камсамольскай арганізацыі. Гэты дзеяч вырашыў пабудаваць у Гальшанах Дом культуры. З яго падачы старадаўнія муры ператварыліся ў месца здабычы цэглы. Дапамог яму ў гэтай справе і дырэктар заатэхнікума. Ён прымушаў прымаць удзел у разбурэнні замка сваіх навучэнцаў. Даходзіла да таго, што не адпускаў іх на вакацыі, пакуль кожны не выламае са старажытных муроў 80 цаглін і не перанясе іх да «будоўлі веку». Дзейнасць дырэктара скончылася толькі пасля трагічнай падзеі – адзін з цэглаздабыччыкаў зваліўся са сцяны і моцна пабіўся.

Хутка пасля гэтай падзеі тэхнікум перавялі ў іншае месца. Але беды замка не скончыліся. Ім зацікавіўся дырэктар мясцовага саўгаса. Па яго «мудрым» загадзе разбурэнне амаль завяршылася. Зніклі, быццам іх і не было, большасць вежаў, усе жылыя памяшканні. Застаўся толькі напаўразбураны фасад. Ды і яму «пашчасціла» толькі таму, што старшыня вырашыў пабудаваць на двары даруйнаванага з яго падачы архітэктурнага комплексу кароўнікі. Дзеля таго ж, каб прыхаваць ствараемае ім «хараство», распарадзіўся не даламваць абедзве вонкавыя вежы і мур паміж імі. Хутка вакол узведзеных за імі гаспадарчых збудаванняў разлілася, бы сажалка, брудная смярдзючая калюжына. Цікава, што ні на пачатку гэтага будаўніцтва, ні ў 1987 годзе, калі ля трох ранейшых кароўнікаў узводзіўся чацвёрты, ні раённыя, ні абласныя, ні рэспубліканскія органы дзяржаўнай і партыйнай улады нават не падумалі, што пры будаўніцтве знішчаюцца і рэшткі старажытных збудаванняў (тым больш што цэгла з іх выкарыстоўвалася пры будаўніцтве кароўнікаў), і культурны слой, які сам па сабе з’яўляецца гістарычным помнікам. Наколькі вядома, ніхто не быў пакараны, хоць закон аб ахове і выкарыстанні помнікаў быў злосна парушаны. Міністэрства культуры ўсяго толькі канстатавала «варварскае стаўленне да гістарычных помнікаў».

Так доўгі час сярод ацалелых руін замка гаспадарылі саўгасныя каровы. Праўда, у 1995 годзе кароўнікі разбурылі. Затым знікла калюжына. Замак ператварыўся ў гістарычны аб’ект. Здавалася б, гэта і добра. Але экскурсанты з’яўляюцца небяспекай для старажытных руін. Бо што дзеці, што дарослыя разбягаюцца, бы мурашы, па ўсёй яго тэрыторыі, караскаюцца па мурах, «штурмуюць» вежы. Здаецца, што тут такога, калі якія-небудзь хлопчыкі альбо дарослыя бамбізы пакажуць свой спрыт, ускараскаўшыся на сцяну ды пагойсаўшы па ёй? Аднак гэтыя «экстрэмалы» разгойдваюць цагліны, якія і так ужо не вельмі добра трымаюцца. Больш таго, жывапісныя аркі з рэшткаў скляпенняў, што калісьці перакрывалі сутарэнні, а ў наш час «упрыгожваюць» руіны, ледзь ліпяць. Могуць абрынуцца пад вагой якога-небудзь смельчака. Хто будзе адказваць за яго? А за пашкоджанне помніка гісторыі?

Між іншым мясцовая інтэлігенцыя мае свой погляд на вырашэнне праблемы і прапаноўвае дзеля захавання таго, што яшчэ можна захаваць, абнесці палац па перыметры агароджай з металічнай сеткі.

Музейшчыкі марылі «асвоіць» хаця б адну з замкавых вежаў. Размясціць у ёй супрацоўніцу, якая б прадавала наведвальнікам сувеніры, буклеты, паштоўкі… Ды і прыглядала б за паводзінамі турыстаў. Але ж дзеля гэтага вежу трэба адрэстаўраваць. А калі гэтак, то давядзецца заказваць праект, які каштуе вялізарных грошаў. У музея, канешне ж, такіх сродкаў няма і ніколі не будзе. Праўда, сябры Беларускай асацыяцыі студэнтаў-архітэктараў (БАСА) выказвалі жаданне зрабіць гэты самы праект саматужна. Больш таго, яны былі згодны і ажыццявіць яго. Аднак без фінансавай падтрымкі здзейсніць свае намеры не змаглі.

І ўсё ж верыцца, што мы пачуем шчаслівае завяршэнне гісторыі Гальшанскага замка. Таму што ўжо вырасла ў краіне пакаленне неабыякавых да сваёй гісторыі беларусаў. Таму што цэлы шэраг амаль загінулых помнікаў архітэктуры на Беларусі ўжо адрадзіліся. Таму што нам усім проста неабходны гэты замак. Сімвал беларускай самабытнасці, сведак сапраўднага «рыцарскага» мінулага нашай дзяржавы, культавы аб’ект для аматараў класічнай беларускай літаратуры.
 

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.