Видео реклама

 

Сведкi часу

Фрэска Кіеўскай Сафіі

Фрэска Кіеўскай Сафіі

Чатыры жаночыя постаці ў царградскіх убраннях… Чатыры прыўкрасныя кіеўскія князёўны… Чатыры ўнучкі Рагнеды, дочкі Яраслава Мудрага… Фрэска гэтая, нягледзячы на гады, выпрабаванні, войны, збераглася на сцяне найвялікшага храма Старажытнай Русі – Кіеўскай Сафіі, каб спыняць наш погляд, выклікаць замілаванне і сведчыць. Перш за ўсё пра тое, што славутыя прыгажуні ХІ стагоддзя сапраўды былі прыгожымі, што з-за іх сапраўды можна было губляць розум, кідаць да іх ног усё, што маеш, і здабываць дзеля іх царствы.

Гісторыя захавала біяграфіі трох старэйшых князёвен, бо кожная з іх стала каралевай. Малодшая Марыя, пэўна, памерла ў раннім юнацтве, не паспеўшы выйсці замуж. Жыццяпісы Анны Яраслаўны, каралевы Францыі, і Елізаветы Яраслаўны, «дзяўчыны з залатой грыўнай», рукі якой так настойліва дабіваўся нарвежскі віцязь Гаральд, больш вядомыя. Самая старэйшая – Анастасія – шмат для каго застаецца таямніцай. Выйшла замуж у Венгрыю, стала венгерскай каралевай. Усё? Зусім не. Тыя, каму давядзецца пабываць у Венгрыі, пачуюць нямала цікавага пра «белую каралеву Нэстэ», ці то пра каралеву Агмунду Златакудрую. Гэта ўсё яна, Анастасія Яраслаўна, унучка палачанкі Рагнеды.

Пэўна, менавіта ў гонар сваёй праслаўленай бабулі атрымала пры нараджэнні імя старэйшая дачка Яраслава Мудрага. Бо Анастасія – то ж было манаскае імя Рагнеды-Гарыславы.

У 1034 годзе ў Кіеве з’явіліся маладыя прыгожыя сыны венгерскага правіцеля, нябожчыка Ласла Лысага і сястры Яраслава Праміславы. У выніку інтрыг іх пазбавілі права на бацькоўскі прастол і вымусілі ратаваць сваё жыццё на чужыне. Каралевічаў клікалі Андраш і Левентэ. Няглезячы на іх цяперашняе незайздроснае становішча, кіеўскі князь хутка зразумеў, што венгерскія выгнанцы могуць стаць ключавымі фігурамі ў барацьбе за ўладу на сваёй радзіме.

На той час у Венгрыі цараваў Петэр Арсеола, сын сястры першага венгерскага караля Іштвана І. Ён праводзіў дастаткова жорсткую палітыку па ўвядзенню ў краіне хрыціянства, пры ім значна павялічыўся ўплыў суседняй Нямеччыны. Усё гэта выклікала незадавальненне сярод венграў. Адчуўшы выгадны момант, Яраслаў Мудры стаў спрабаваць схіліць старэйшага з братоў, Левентэ, пазмагацца за карону. Кіеўскі князь пачаў звяртаць увагу княжыча на сваіх старэйшых дачок, і ў першую чаргу на Анну, актыўную і моцную. У Кіеве хутка загаварылі пра маючае адбыцца вяселле. Аднак жаніхом стаў не Левентэ, а Андраш. А нявестай – ціхая Анастасія. Яраслаў дазволіў гэты шлюб, гледзячы па ўсім, шлюб па каханні. А пасля таго як нарадзілася першая ўнучка, расчыніў сваю скарбніцу, каб у новага прэтэндэнта на венгерскі прастол былі сродкі дзеля прыцягнення на свой бок прыхільнікаў.

На грошы зацікаўленыя асобы пацягнуліся, як матылі да вогнішча. Праз некалькі гадоў да Андраша і Левентэ прыехалі змоўшчыкі з Венгрыі, якія прапанавалі выгнаным каралевічам узначаліць мяцеж. Хрышчаныя ўжо каралевічы ўсталі перад цяжкай дылемай: дазволіць раз’юшанаму натоўпу знішчыць усе, што мае дачыненне да веры, або захаваць сваю адданасць крыжу. Цяга да ўлады перамагла – летапісы сведчаць, что дзеля кароны будучы кароль першы час не стрымліваў супраціўнікаў хрысціянства. А ўжо праз колькі месяцаў будучая каралева Венгрыі Анастасія ехала з вялікім і багатым эскортам на каранацыю. Яна ўязджала ў сталіцу свайго мужа ў той час, калі яблыні скідалі сваю квецень. І, абсыпаная белымі пялёсткамі, ператварылася ва ўяўленні венграў у «белую каралеву». Пад час каранацыі каралеўскай пары ў Секешфехерварэ Андраш быў названы каралём Эндре І, Анастасія ж атрымала імя Агмунда. «Агмунда Златакудрая» – вымавіў у захапленні кароль, і гэтак пасля сталі называць каралеву яго вельможы. Аднак для простага народа яна так і засталася «белай каралевай Нэстэ».

Зусім не райскае бесклапотнае жыццё абяцала венгерская карона Анастасіі. У параўнанні з адукаваным Кіевам Венгрыя выглядала краінай дзікай, цёмнай, варварскай. Насельніцтва яе ў тыя часы вяло паўкачавы спосаб жыцця. Паходныя шатры замянялі венграм дамы. Жытло феадалаў было не на шмат больш цывілізаваным: драўляныя, груба апрацаваныя будынкі – не тое што разьбяныя кіеўскія церамы! Пагалоўная непісьменнасць нават сярод святароў шакіравала «белую каралеву Нэстэ». Кнігі былі тут вялікай рэдкасцю, венгерская мова існавала толькі ў размоўным варыянце, летапісы не вяліся…

Сваю асветніцкую дзейнасць у Венгрыі Агмунда Златакудрая распачала са стварэння бібліятэкі пры каралеўскім замку. Кнігі каралеве дасылалі з Кіева. Анастасія Яраслаўна фундавала пабудову двух праваслаўных монастыроў у Вышаградзе і Тормаве. Гэта былі першыя каменныя будынкі ў Венгрыі. Натхнёны і падтрыманы «белай каралевай Нэстэ» натарый Эндре І, епіскап Міклаш, пачаў пісаць фундаментальную літаратурна-гістарычную працу «Дзеянні венграў».

Сучаснікі сцвярджалі, што каралеўская сям’я жыла ў любові і пяшчоце. Прыдворны ж летапісец Анонімус распавядае нават такую кранальную гісторыю. Заўважыўшы, што Яраслаўна сумуе па радзіме, Эндре набыў зямлю ва Усходняй Венгрыі з замкам Камаром (цяпер Камарна ў Славакіі), каб Агмунда Златакудрая «магла тут быць бліжэй да рускай зямлі».

Пасля першай дачкі ў іх нараджаліся яшчэ дзеці. У 1053 годзе – сын Шалман, пасля яшчэ адзін – Давід, апошняя – дачка, імя якой хронікі не захавалі. Але раптам здарылася бяда. У 1057 годзе караля разбіў паралюш. Ён мог размаўляць і кіраваў уласнымі рукамі. Але ногі адмовілі яму. Няшчаснага Эндре і зімой, і летам насілі цяпер на насілках слугі. Цяжар улады мусіла прыняць на сябе Анастасія, тым больш што лекары не былі ўпэўненыя, што паўторны ўдар не ўкладзе караля ў ложак канчаткова. Апасаючыся за лёс сваіх дзяцей у гэтым выпадку, Анастасія заўпэўніла мужа, што яму трэба каранаваць яшчэ пры сваім жыцці Шалмана. Аднак пасля прыняцця кароны Эндре дамовіўся з малодшым братам Бэлай, што спадкаемцам кароны стане ён. Як быць? Не жадаючы крыўдзіць каралеву, Эндре вымусіў Бэлу адмовіцца ад спадчыннага права.

Чатырохгадовы Шалман быў абвешчаны спадчыннікам Эндре І. А неўзабаве адбылося і яго абручэнне з дачкой германскага імператара Генрыха III Юдзіт. Агмунда разлічвала атрымаць моцнага саюзніка супраць мяцежных васалаў, якім не падабалася тое, як павёў сябе з Бэлай кароль. Аднак германцы не паспелі прыйсці на дапамогу Эндре і Агмундзе.

У 1060 годзе Бэла ўзняў паўстанне супраць хворага брата. Эндре павёў сябе як мужчына і воін. Ён спешна выправіў жонку з дзецьмі ў Германію і, загадаўшы пасадзіць сябе на каня, выйшаў з верным войскам насустрач мяцежнікам. Браты сустрэліся на полі брані. У бітве паралізаваны кароль упаў з каня і атрымаў сур’ёзныя раненні. Перамога дасталася Бэле, і ён, адправіўшы Эндре паміраць ад ран у замак у Зірцы, заняў прастол.

А як жа Яраслаўна? Тры гады жыла каралева, якая страціла свайго караля і сваю карону, у Германіі. Малалетні імператар Генрых ІV, які змяніў на прастоле памёрлага бацьку, Генрыха III, абяцаў ёй здабыць прастол для Шалмана і яго нявесты Юдзіт. Шалман і Генрых нават пасябравалі. Аднак войскі венгерскі каралевіч атрымаў толькі пасля смерці Бэлы, калі за венгерскі прастол сталі спрачацца сыны Бэлы, герцагі Геза, Лампэрт і Ласла. Нядружных спадчыннікаў лёгка разбілі па аднаму. Шалман каранаваўся і, па парадзе маці, паспяшаўся прымірыцца з імі, вылучыўшы нядаўнім супернікам вобласці на поўначы Венгрыі для кіравання.

Каралева Нэстэ вярнулася ў Венгрыю. Цяпер яна была сапраўды «белай каралевай», бо апранала белае ўдовіна ўбранне. Але, сумуючы па мужы, Яраслаўна ўсё ж заставалася жанчынай прывабнай, якая магла і яшчэ хацела падабацца. Сэрца Агмунды абрала ў рэшце рэшт нямецкага графа Пота. Яны сталі мужам ды жонкай.

Якім быў гэты шлюб, хронікі не распавядаюць. А вось як надалей складаліся стасункі маці і сына, мы ведаем. Агмунда хацела, каб Шалман і сыны Бэлы пасябравалі. Карысць іх еднасці стала відавочнай, калі ў 1068 годзе яны разам адбілі напад печанегаў на Венгрыю. Аднак усё часцей паміж сюзерэнам і сваякамі-васаламі ўзнікалі спрэчкі. Царква з цяжкасцю мірыла іх. Урэшце Шалман вырашыў скарыстаць у адносінах да герцага Гезы «апошні довад каралёў» і павёў на яго свае войскі. Маці ўмаляла сына дараваць кузену, калі той вінаваты перад ім. Але раз’юшаны Шалман груба адпіхнуў яе – храніст піша «узняў на яе руку». Тады Анастасія Яраслаўна пракляла саманадзейнага манарха.

У 1074 годзе войскі сыноў памерлага Бэлы разбілі Шалмана. У ягоных руках засталіся толькі заходнія землі Венгрыі. Анастасія Яраслаўна, усё дараваўшы сыну, угаварыла нямецкага караля зноў даць свае войскі Шалману. Аднак задумка правалілася – прыйшла вестка пра паўстанне ў Саксоніі і войскі павярнулі назад. Шалмана кінула жонка, і, застаўшыся адзін, былы кароль Венгрыі мусіў адмовіцца ад кароны. Часова…

Выгнаны манарх звярнуўся да маці, і мудрая Агмунда параіла яму выкарыстаць у якасці ўдарнай сілы качэўнікаў. Шалман змовіўся з печанежскім ханам Кётышкам, на дачцэ якога ажаніўся другім шлюбам. Ён абяцаў у выпадку перамогі аддаць печанегам Трансільванію. Але арда Кётышка была разбіта венгерскімі войскамі. Больш у Венгрыі Шалману няма чаго было рабіць. Разам з печанегамі ён у 1087 годзе пайшоў на Візантыю. І там у бітве пад Харыёпалем загінуў. Даведаўшыся пра тое, Анастасія Яраслаўна пастрыглася ў манахіні ў абіцелі Адмонт у Шцірыі. Калі дакладна скончылася яе жыццё – невядома. Аднак у хроніках адзначана, што ў 1094 годзе яе ўжо не было ў жывых.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.