Видео реклама

 

Паданне

Таямніца глыбінь свіцязянскіх

Таямніца глыбінь свіцязянскіх

Была Еўдакія жонкай салдата – не вярнуўся салдат з вайны. Адплакала, адгаласіла, пасівела, пазбавілася сваёй красы-прыгажосці Еўдакія. Але жыццё працягваецца. І жыла яна, як трава лугавая, не ведаючы навошта.

Толькі і радасці было, калі зазірне ў яе бедную ўдовіну хатку вясёлы пастух дзед Мікола. Шмат на свеце стары пражыў, шмат ведаў цікавых гісторый. З вучонымі людзьмі сустракаўся, у школе вясковай настаўніку па гаспадарцы дапамагаў. З дзедам Міколам нібыта ажывала сэрца ў Еўдакіі, знікала, забывалася на нейкі час яе вялікае гора. Але сыходзіў стары, і зноў навальвалася яно на няшчасную жанчыну, глыбокае і цёмнае, бы азёрная вада. Можа, таму іншы раз цэлы дзень хадзіла Еўдакія каля возера Свіцязь, імкнучыся разгледзець нешта праз дробныя хвалі ды рабізну. Добрыя суседкі спачатку ўсё спрабавалі адвесці яе падалей ад вады, баяліся, што накладзе на сябе рукі. Але потым прывыклі.

Аднойчы Еўдакія, як заўсёды, была ля возера і раптам заўважыла, што з вады да берага цягнецца прыгожая блакітная стужка. «Мабыць, хтосьці мыў бялізну ды забыў яе тут», – падумала Еўдакія і пацягнула стужку да сябе. Раздаўся ціхі доўгі гук, быццам хтосьці дакрануўся далонню да звана. Стужка аказалася вельмі доўгай, і ўсё цягнулася з вады. Хутка ў руках жанчыны апынуўся маленькі серабрыста-блакітны клубочак, і чым большым ён станавіўся, тым больш рассейваўся туман над возерам, тым чутнейшыя станавіліся галасы званоў.

І тут Еўдакія, узняўшы вочы, уздрыгнула: над вадою паказаліся залачоныя крыжы і купалы царквы. Некалькі імгненняў – і купалы ўзняліся ўгару. Пад імі з вады вырасла званніца. Гучна, трывожна адазваўся звон, і Еўдакія разгледзела праз туман цёмную постаць званара. Раптам заплакалі, загаманілі сотні чалавечых галасоў, спалоханыя вароны ды галкі пазляталі з дрэў, што абступалі возера. І ў страху Еўдакія выпусціла клубок з рук, моцна заплюшчыла вочы, заціснула далонямі вушы…

Усё абарвалася… І цішыня, якая раптоўна навісла над возерам, падалася яшчэ больш страшнай, чым таямнічы гоман нябачных людзей. Калі Еўдакія асмелілася расплюшчыць вочы, не было ўжо ні царквы, ні стужкі. А над Свіцязем па-ранейшаму клубіўся туман. Без памяці прыбегла жанчына да хаты дзеда Міколы. Цяжка дыхаючы, апусцілася на лаву.

– Што з табою, родная? – ласкава спытаў стары.

Доўга, збіваючыся, расказвала Еўдакія аб незвычайным здарэнні ля вады, а потым дзед Мікола спыніў яе.

– Чакай. Чакай… Ці не пра тое ж чуў я ад майго прадзеда?

Кажуць, так даўно, што і прыпомніць ужо цяжка, на месцы нашага возера стаяў горад Свіцязь. Жылі ў ім добрыя, працавітыя людзі. Правіў жа горадам малады, адважны князь. І быў Свіцязь шчаслівым горадам, бо шчаслівымі былі свіцязяне, якім князь дараваў справядлівы закон. І быў князь шчаслівым, бо любілі і шанавалі яго ў народзе.

Але надышлі чорныя часіны. З чужых далёкіх земляў, ад берагоў туманнага заходняга мора прыйшлі ворагі. Былі яны моцы велізарнай, колькасці незлічонай, выгляду жахлівага. З галавы да ног закаваныя ў жалеза, за плячыма – плашчы з крыжамі. Неслі яны нашым людзям смерць і разбурэнні.

Тады ўдарыў свіцязянскі набат, заплакалі дзеці, загаласілі жанкі, і ўзялі воіны ў рукі мечы, рыхтуючыся да бітвы. Выйшаў на плошчу перад воінствам малады князь, суровы і строгі. Ведаў князь: не выстаяць гораду пад націскам чужынцаў, бо сілы – няроўныя. Але ведаў ён таксама і тое, што нельга здаць горад без бою, бо няма большай ганьбы.

І выйшла насустрач жалезным ворагам маленькая княжацкая дружына, ды з ёю гарадское апалчэнне. Нядоўга біліся – поле ля горада крывавай расою пакрылася. Тады прыўзняўся над целамі забітых ворагаў смяротна паранены князь, абвёў апошнім позіркам уцалелых ратнікаў, якія з адчаем адбіваліся ад соцень ворагаў, і ледзь чутна прашаптаў: «Божа, не дапусці ганьбы горада майго…».

І калі халоднае асенняе неба адлюстравалася ў яго мёртвых вачах, знік раптам Свіцязь. А на месцы горада разлілося возера. І застылі ў здзіўленні на беразе жалезныя пераможцы.

– Але кажуць, – працягваў дзед Мікола, – раз у дзвесцi гадоў адкрываецца Свіцязь для чалавечых вачэй. Таму, хто прайшоўшы праз смерць і слёзы, не страціўшы дабрыні і спагадлівасці, трапляе ў рукі цудоўная стужка з азёрных хваляў. І калі зможа ён зматаць усё возера ў адзін клубок, зноў вернецца да нас горад Свіцязь такім, якім ён быў калісьці. І выйдзе насустрач нам з глыбінь стагоддзяў малады князь, жывы, непаранены. І вернецца шчасце да нашай шматпакутнай зямлі. Але нікому яшчэ не ўдавалася гэта. Мабыць, для шчасця і міру яшчэ не час…

Узрушаная аповедам старога, Еўдакія вярнулася да возера. Увесь дзень хадзіла яна ля вады, шукала таямнічую стужку, але глухое і нямое было на гэты раз возера. Моцна захоўвала яно ў сваіх глыбінях таямніцу дзівоснага горада ў чаканні наступных стагоддзяў.

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.