Видео реклама

 

Асоба

Аннуся і Багуслаў. Каханне стагоддзя

Аннуся і Багуслаў. Каханне стагоддзя

ХVІІ стагоддзе… Яно, магчыма, было самым суровым і бязлітасным для Беларусі. Сто гадоў бясконцых войн: са шведамі, з туркамі, з маскавітамі. Смуты, казачыя бунты, салдацкія канфедэрацыі, шляхетныя рокашы, «дамовыя» войны магнатаў… Людзі звыкліся без жаху глядзець смерці ў твар. Мужчыны гадамі елі і спалі, не здымаючы даспехаў і не развітваючыся са зброяй. Было шмат жорсткасцяў. Але людзі ўсё роўна заставаліся людзьмі. І расцвітала паміж сражэннямі і кароткімі перамір’ямі каханне. І калі воін вяртаўся з вайны жывым, ніхто не сумняваўся, што ўратавала яго Яна, тая, якая кахала, чакала і верыла.

Слуцкі князь Багуслаў Радзівіл быў напалову немцам. Маці яго, дачка курфюрста Брандэнбургскага Элізабэта рана аўдавела і, каб уладкаваць далейшы лёс, выехала з сямігадовым сынам у Германію. Нямецкі лад жыцця так паспрыяў фарміраванню асобы юнага Радзівіла, што, вярнуўшыся праз гады на радзіму, ён так і не змог адчуць сябе ліцвінам і хутка зноў паехаў за мяжу. Там пра яго рана загаварылі, называючы асобай выключнай. Багуслаў быў прыгожым і станістым. Апрануты як прыдворны франт, у старанна завітым парыку, напамаджаны і надушаны, ён падаваўся спешчаным і капрызным. Але тыя, каму даводзілася бачыць Багуслава Радзівіла са зброяй у руках, называлі яго «булатным кінжалам у аксамітных похвах». Так, знешнасць Багуслава была зманлівай. Валодаючы неверагоднай фізічнай сілай, Радзівіл быў вопытным фехтавальшчыкам, аднолькава добра валодаў як правай, так і левай рукой, шпагай і шабляй. І яшчэ адной асаблівасцю яго было ўменне заводзіць сяброў. Верных і адданых. Аднойчы і на ўсё жыццё. Адным з такіх сяброў быў пляменнік яго маці Фрыдрых Вільгельм. Другім сябрам Багуслаў лічыў іншага кузена – Януша Радзівіла, Аннусінага бацьку. Іх паяднала вайна – у ранняй маладосці абодва Радзівілы змагаліся з іспанцамі за Нідэрландскую Рэспубліку ў войску найлепшага з тагачасных палкаводцаў, прынца Аранскага.

Менавіта ў гэты час з князем Багуславам здарылася прыгода, пасля якой пра яго сталі гаварыць як пра авантурнага героя. Аднойчы пад час ваеннага зацішша Радзівіл выбраўся ў Парыж. Тады Францыя выступала як саюзніца Нідэрландаў. Мазарыні быў зацікаўлены мець свайго шпіёна, які б даносіў яму пра акружэнне Аранскага. Хітраму кардыналу паведамілі, што Багуслаў праследуе аднаго з французскіх прынцаў, і ўжо зрабiў дзве спробы выклікаць яго на дуэль (канешне ж, з-за прыгожай дамы). Кардынал загадаў пільна сачыць за Радзівілам. І калі Багуслаў нарэшце сышоўся для паядынку з гэтым самым прынцам у адным з ціхіх завулкаў Парыжа, яго схапілі гвардзейцы. Слуцкі князь быў адпраўлены ў Бастылію. Славутая турма мела гонар утрымліваць у сваіх сценах Радзівіла толькі суткі. Па заканчэнні гэтага часу яго высокапраасвяшчэнства вызваліў князя і загадаў прывезці яго да сябе для прыватнай размовы.

Але спадзяванні Мазарыні былі дарэмнымі. Радзівіл ветліва папрасіў часу на роздум. І, трапіўшы на волю, спешна выехаў у штаб Аранскага. Зрэшты, кардынал атрымаў на развітанне ліст. У вытанчанай форме князь адмаўляўся ад «ганаровай пасады шпіёна».

Пасля перамогі прынца Аранскага Януш і Багуслаў ненадоўга развіталіся. Першы вярнуўся на радзіму і хутка ажаніўся з Катажынай з роду Патоцкіх. Багуслаў працягваў весці жыццё шукальніка прыгод, жывучы пераважна за мяжой.

Жонка Януша Катажына памерла пад час родаў. Дзіця яе, Аннуся, аказалася адзінай спадчынніцай Януша. Той пяшчотна любіў Аннусю, але дома ён бываў надта рэдка, бо неўзабаве стаў гетманам вялікім літоўскім. Князёўна праводзіла дні ў чаканні вестак ад пана Януша і кароткіх сустрэч з ім.

Аднойчы разам з Янушам у госці да Аннусі завітаў Багуслаў. Прыгожы, нягледзячы на амаль соракагадовы ўзрост, далікатны, галантны, ён спадабаўся ёй. І авантурны герой нечакана праявіў да дзяўчыны разуменне і цярплівасць. У той час у галаве гетмана выспела рашэнне ўпісаць кузена ў свой тэстамент у якасці апекуна дачкі. Каб ведаў ён, чым гэта скончыцца!

У 1655 годзе Януш і Багуслаў выступілі ў якасці саюзнікаў шведскага караля Карла Х Густава, што абвясціў вайну Рэчы Паспалітай. Радзівіл спадзяваўся, што шведы дапамогуць яму дабіцца незалежнасці Вялікага княства Літоўскага ад Польшчы. А Багуслаў проста аддаўся Янушавай авантуры, нават не заўважаючы, што шведы паводзяць сябе не толькі няварта, але і злачынна. Яны ўжо лічылі сябе на чужой зямлі гаспадарамі, ставячыся да палякаў і літвінаў як да рабоў. Таму праз пэўны час армія гетмана Радзівіла пакінула свайго палкаводца. Януш памёр у Цікоцінскім замку, асуджаны сваімі нядаўнімі паплечнікамі. Магчыма, ад яду. Багуслаў, які спяшаўся са сваім атрадам на дапамогу, спазніўся. Тады «беларускі д’Артаньян» далучыўся да войска курфюрста Брандэнбургскага, які таксама ваяваў на баку шведаў.

Вясной 1656 года пад Варшавай слуцкі князь вылучыўся, уратаваўшы ад смерці шведскага караля. Пад час бітвы да Карла Густава прарваўся польскі гусар Якуб Кавалеўскі і накіраваў на яго кап’ё. Багуслаў аказаўся адзіным, хто не разгубіўся. Ён стрэліў у гусара з пісталета. «Каб я меў падобных хаця б дзесяць тысяч, то заваяваў бы цэлы свет», – вымавіў уражаны Карл Х Густаў. У той жа дзень Варшава стала шведскай. Удзячны кароль быў гатовы парадніцца з Радзівілам і прапанаваў саюзніку-літвіну на выбар руку сваёй сястры Элеаноры альбо пляменніцы Анны Дароты. Нечакана для ўсіх Багуслаў адмовіўся.

…Сустрэўшыся пасля пагібелі Януша з чатырнаццацігадовай Аннусяй, Багуслаў адчуў, якой нечакана дарагой стала яму няшчасная сіротка. Ён вывез яе падалей ад вайны, у сталіцу Курляндыі Мітаву. Адтуль пісала цяпер Аннуся пяшчотныя лісты свайму «добраму апекуну». На шчасце ці то на бяду, але сэрца дзяўчыны таксама цягнулася да Багуслава. Але яны былі блізкімі сваякамі, таму ніхто нават не загаворваў пра свае пачуцці…

Жнівень 1656 года выдаўся асабліва цяжкім для Багуслава і Аннусі. Слуцкі князь быў паранены ў галаву, патрапіў у палон і, непакоячыся за яго жыццё, пляменніца ледзь не выдала сябе на забаву ворагам Багуслава. Літвіны лёгка апазналі ў захопленым Радзівіла. Безумоўна, ён быў бы расстраляны як здраднік, каб не ўступіўся за яго далёкі родзіч, нясвіжскі князь Міхал Казімір. Не жадаючы, каб прадстаўнік яго рода скончыў жыццё ганебна, Міхал Казімір дабіўся, каб Багуслава аддалі яму на парукі.

Нехта са сведкаў бойкі і паланення Багуслава паспяшаўся данесці Аннусі пра тое, і дзяўчына прыйшла ў роспач. Яна неадкладна напісала тры лісты людзям, ад якіх, як падавалася ёй, залежыла цяпер доля палоннага. Аднак першы адрасат, кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір, пісьма не атрымаў. Два іншых, адрасаваных палкаводцам Паўлу Сапезе і Міхалу Казіміру, патрапілі ў адны і тыя ж рукі. Нясвіжскі Радзівіл запэўніў пасланца Багуслававай выхаванкі, што перадасць пасланне Сапезе.

Але не зрабіў гэтага. Прачытаўшы адчайныя словы, напісаныя дзяўчынай, якая дзеля ўратавання каханага гатовая была пайсці на ўсё, і зразумеўшы, чым гэта можа пагражаць ёй самой, калі ўсім стане вядомая яе таямніца, нясвіжскі Радзівіл палічыў за лепшае знішчыць ліст Аннусі да Сапегі. Тым больш што вызваляць Багуслава ўжо не было неабходнасці, бо яго здолелі адбіць брандэнбуржцамі.

А праз месяц, у верасні 1656 года, курфюрст Фрыдрых Вільгельм падпісаў з Янам Казімірам пагадненне пра трохмесячнае перамір’е, пад час якога ён дамовіўся з каралём Рэчы Паспалітай аб умовах свайго выхаду з вайны. Адначасова Фрыдрых Вільгельм прасіў амністыі для кузена Багуслава. Да просьбаў гэтах далучыўся і Міхал Казімір. Кароль дараваў мяцежнага васала і дазволіў яму вярнуцца на радзіму. Багуславу былі вернутыя ўсе яго маёнткі і перададзены ў кіраванне як апекуну Аннусі маёнткі Януша Радзівіла. Акрамя таго, за ім была пакінута і пасада намесніка прускага.

Але неўзабаве слуцкі князь зноў пакінуў радзіму, спаслаўшыся на тое, што яго вымушаюць да гэтага абавязкі намесніка прускага. Для прыняцця такога рашэння была яшчэ адна прычына. З Мітавы вярнулася Аннуся. Пазбягаць сустрэч з ёй ён не мог, але непакоіўся, што ў яе прысутнасці выдасць свае пачуцці.

Вясной 1660 года дзяўчына даведалася, што Багуслаў зрабіў прапанову Марыі, малодшай дочцы нябожчыка Аранскага. У адчаі Аннуся звярнулася да каралевы Рэчы Паспалітай Людвікі Марыі, каб тая парадзіла ёй, за каго пайсьці замуж. Каралева шчыра адгукнулася на такую жаночую просьбу. Двойчы падбірала яна высакародных жаніхоў для паненкі Радзівіл. Двойчы дасылала лісты Багуславу, чакаючы афіцыйнага дазволу апекуна на шлюб выхаванкі. Князь паводзіў сябе падазрона. Кожны раз, атрымоўваючы лісты каралевы, ён спешна пераносіў сваё вянчанне з прынцэсай Аранскай, і імчаў да Аннусі, каб разладзіць яе шлюб. Урэшце Марыі Аранскай гэта надакучыла, і яна адмовілася ад задумы звязаць свой лёс з Багуславам.

Таемнае каханне князя да Аннусі ператварылася ў хваробу, пагражала стаць трагедыяй усяго яго жыцця. Хаваць тое, што было ўжо бачна ўсім, не мела больш сэнсу. Аднак акружэнне князя Радзівіла на здзіўленне прыхільна паставілася да іх з Аннусей пачуццяў. Багуслаў вырашыў дабівацца царкоўнага дазволу на вянчанне з блізкай сваячкай. Аннуся была народжана і выхавана ў каталіцтве. І гэта дало магчымасць Багуславу прасіць аб міласці ў Папы Рымскага. Прасіў прыніжана, рабіў багатыя падарункі, гатовы быў ахвяраваць усім, што меў, дзеля каханай. І здзівіўся Папа Рымскі такой сіле пачуццяў. І добраславіў дзіўную пару.

Шчасце Аннусі і Багуслава было нядоўгім. Усяго праз год яна, як калісьці і яе маці, памерла, даючы жыццё маленькай дзяўчынцы Людвіке Караліне. Гэтую страту Радзівіл не адужаў. Сэрца «слуцкага д’Артаньяна» разарвалася ад гора ў апошні дзень 1669 года, на паляванні, калі пабачыў ён пяшчотную белую курапатку, якая білася ў агоніі на снягу. Князь Багуслаў прашаптаў імя Аннусі, схапіўся рукою за грудзі і рухнуў на зямлю непрытомным...

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.