Видео реклама

 

Падзея

Сільфіда з мужчынскім характарам

Сільфіда з мужчынскім характарам

8 студзеня 1891 года, 120 гадоў назад, у Мінску ў сям’і танцоўшчыка і прыватнага антрэпрэнёра Томаша Ніжынскага нарадзілася трэцяе дзіця, дачка Браніслава, тая, якой суджана было ўвайсці ў гісторыю як выдатная балерына і сусветна вядомы балетмайстар.

Ніжынскіх у Расійскай імперыі лічылі палякамі, ды яны і самі пэўна гэтак дэкларавалі сябе, бо былі католікамі. Аднак прапрадзед Браніславы Мікалай Ніжынскі быў прыгонным селянінам князя Міхала Клеафаса Агінскага і танцаваў на сцэне яго тэатра ў Слоніме. Бацька Браніславы Тамаш Лаўрэнавіч Ніжынскі меў уласную перасоўную балетную трупу, з якой пэўны час выступаў у Варшаве. З адной са сваіх танцорак, Элеанорай Бярэдай, Тамаш і ажаніўся. Старэйшыя браты Браніславы, Станіслаў і Вацлаў, безумоўна, таксама танцавалі. Але талент Станіслава быў проста талентам. Вацлаў жа з ранняга юнацтва заявіў пра сябе як пра неардынарнага танцора. Розніца ва ўзросце паміж Вацлавам і Браніславай была невялікая – усяго толькі год. Таму яны вельмі прывязаліся адно да аднаго і іншы раз паводзілі сябе не як пагодкі, а як блізняты. І трэніраваліся разам, спрабуючы навучыць адно аднаго ўсяму, што ведалі.

Лёс малодшых дзяцей Ніжынскіх шмат у чым вырашыла раптоўнае развітанне бацькоў. Тамаш упадабаў іншую жанчыну і пакінуў сям’ю. Элеанора выехала з дзецьмі ў Санкт-Пецярбург, і там у 1902 годзе ўладкавала іх ў Імператарскае тэатральнае вучылішча ў клас танца.

Брат і сястра спадабаліся настаўнікам. Па здольнасцях сваіх Браніслава мала чым адрознівалася ад Вацлава – той жа тэмперамент, тая ж вынослівасць, амаль такі ж «лятучы» скачок. Але Вацлаў быў яркім прыгажуном, а знешнасць Браніславы лічылі шэраговай. Вацлаў меў ганарлівую паставу, фігуру, нібыта выразаную з мармуру антычным скульптарам. Яго ж сястры бракавала вытанчанасці і элегантнасці. Гэта была даволі «цяжкая» балерына. Хутчэй амазонка, чым сільфіда, больш Брунгільда, чым Жызэль. Ёй неяк адразу вылучылі амплуа – характарная танцорка. А гэта значыла, што ніколі і ні пры якіх умовах ёй не давядзецца танцаваць у пары з Вацлавам.

У 1908 годзе Браніслава скончыла навучанне і ўслед за братам была залічана ў балетную трупу Марыінскага тэатра. Яна, далібог, была б рада гэтаму, калі б не пэўная акалічнасць: Вацлаву амаль заўжды давалі прыма-партыі, ёй даводзілася танцаваць другарадныя і трэцярадныя. А потым у жыцці Ніжынскіх падобна добраму чарадзею ўзнік чалавек па прозвішчу Дзягілеў… Ён быў зачараваны танцам Вацлава, і ў 1909 годзе прапанаваў яму прыняць удзел у Парыжскіх паказах. Вацлаў абумовіў выступленне ў Парыжы разам з сястрой. Дзягілеў згадзіўся і не пашкадаваў. Французы адчулі шарм юнай Браніславы, хаця і тут яе ролі заставаліся другаснымі. Затое Вацлаў быў у цэнтры ўвагі!

Даведаўшыся пра поспехі брата і сястры за мяжой, калегі і прадстаўнікі адміністрацыі Марыінскага тэатра пачалі зайздросціць, інтрыгаваць, патроху выжываць удачлівых танцораў. Разрыў з Марыінкай адбыўся ў 1911 годзе. Афіцыйным повадам для яго стаў выпадак, які адбыўся пад час спектакля «Жызэль». Вацлаў выйшаў на сцэну ў касцюме, у якім ён выступаў у гэтым балеце за мяжой. Яго знарок заказвалі для Ніжынскага, каб танцор адчуваў сябе як мага больш вольна. Але ўдовая імператрыца, што прысутнічала на спектаклі, прыйшла ў жах – касцюм падаўся ёй непрыстойным, бо ніжняя частка яго занадта абцягвала фігуру. Ніжынскага звольнілі з Марыінкі. Браніслава ў знак пратэста пайшла за братам. З гэтага часу іх лёс цалкам залежаў ад Дзягілева. Той неўзабаве стварыў уласную антрэпрызу «Рускі балет», і сястра з братам падпісалі з ім кантракт. Балетмайстрам Дзягілева быў Фокін. У балетах, створаных ім, і выступалі пераважна Ніжынскія.

Менавіта ў гэты перыяд Вацлаў вырашыў паспрабаваць сябе ў іпастасі пастаноўшчыка. На жаль, пастаноўкі Ніжынскага праваліліся. А хутка ў танцора ўскладніліся ўзаемаадносіны з Дзягілевым. Антрэпрэнёр ужо даўно аказваў двусэнсовыя знакі ўвагі Вацлаву, ледзь хаваючы сваю прыхільнасць да людзей аднаго з ім пола. Даведаўшыся, што Ніжынскі збіраецца жаніцца з харошанькай танцоркай-непрафесіяналкай Рамолай Пульскай, Дзягілеў закаціў сапраўдную сцэну рэўнасці. Ніжынскі ўспыхнуў і парваў кантракт. За братам вымушана была сысці з трупы Дзягілева і Браніслава з мужам, танцорам Аляксандрам Качатоўскім.

Вацлаў самаўпэўнена адхіліў прапанову адміністрацыі французскага тэатра «Гранд Опера», які запрашаў яго ўзначаліць балетную трупу. Ён меркаваў, што яго імя дапаможа яму зрабіць уласную кар’еру. Аднак першыя ж гастролі трупы Ніжынскага скончыліся фінансавым крахам. Антрэпрыза распалася. У Вацлава здарыўся нервовы зрыў. А потым пачалася Першая сусветная вайна. І яна развяла, раскідала ўсіх танцораў трупы Ніжынскага па розных гарадах і краінах. Браніслава апынулася ў Расіі, а Вацлаў з жонкай і маленькай дачкой не здолелі перабрацца праз граніцу. Іх арыштавалі ў Будапешце і інтэрніравалі…

Дзіўна, але толькі разлучыўшыся з горача любімым братам, Браніслава ўрэшце здолела заявіць пра сябе як пра безумна таленавітую асобу. У Пецярбургу яна нечакана нават для сябе самой паспрабавала выступіць балетмайстрам. Спачатку гэта былі харэаграфічныя нумары «Лялька» і «Асенняя песня», у якіх удзельнічалi сама Ніжынская і яе муж, пасля – аднаактовы балет «Тытунніца» на музыку А. К. Лядава. У адрозненні ад харэаграфіі Вацлава, якую публіка адмаўлялася разумець, работа Браніславы была прынята і ўхвалена. Калі ў Пецярбургу запахла рэвалюцыяй, Ніжынская выехала ў Кіеў, дзе і асела на некалькі гадоў. Тут яна ўзначаліла балетную трупу Кіеўскага тэатра оперы і балета, для якой, дарэчы, стварыла два новых спектакля – «Мефіста-вальс» і «Жалобны марш».

Весткі ад брата з-за мяжы прыходзілі рэдка, але Браніслава ўсё ж даведалася, што ў 1916 годзе Вацлава з яго сям’ёй знайшоў і ўратаваў ад галоднай смерці ўсё той жа Сяргей Дзягілеў. Ён прапанаваў Ніжынскаму падпісаць новы кантракт і вывез яго разам з іншымі сваімі танцорамі падалей ад вайны – на гастролі ў Амерыку. І ўсё было добра да новай прэм’еры – балета, створанага Вацлавам, – «Тыль Уленшпігель». Балет, як і ранейшыя работы Ніжынскага, праваліўся, а няшчасны Вацлаў пасля такога стрэсу так і не прыйшоў у сябе, на доўгія гады стаўшы пацыентам псіхіятрычнай клінікі.

1919 год прынёс новыя ўзрушэнні ў жыццё Браніславы Няжынскай. Кіеўскі тэатр быў нацыяналізаваны, і Браніслава мусіла адкрыць школу танцаў. Цяпер менавіта гэтая дзейнасць карміла яе. Асноўны кантынгент навучэнцаў школы складалі юныя пралетарыі. І многіх каробілі «панскія звычкі» настаўніцы. Яна, напрыклад, заўжды насіла пальчаткі, каб не дакранацца голай рукою да разгарачаных потных целаў сваіх вучняў. Магла быць надта грубай, гучна крычаць і лаяцца, шмат курыла. Але як толькі Браніслава заўважала сярод вучняў сапраўдны талент – яна адразу ж станавілася іншай. І самааддана вяла гэты талент да вяршынь удасканалення. А самаму лепшаму свайму вучню, Сяргею Ліфарэнку, Ніжынская неўзабаве прапанавала шукаць лёсу і прызнання за мяжой. У 1921 годзе Браніславе ўдалася збегчы ў Парыж да Дзягілева. Разам з Сяргеем, які неўзабаве ператварыўся ў Францыі ў Сержа Ліфара і стаў другім пасля Дзягілеўскага каханка, Леаніда Мясіна, танцорам трупы.

Ніжынскай было ўжо трыццаць гадоў. Танцоркай Дзягілеў яе не бачыў. Але яго зацікавілі яе работы як балетмайстра. Урэшце, Браніслава стала першай і адзінай жанчынай-балетмайстрам у аматара мужчын Дзягілева, паставіўшы некалькі балетаў, якія карысталіся поспехам.

Аднак лаўры Ніжынскай некаму моцна не давалі спакою. І вось аднойчы танцор Леанід Мясін заявіў, што гатовы замяніць Браніславу і сам працаваць як балетмайстар. Дзягілеў не прывык у чымсьці адмаўляць свайму ўлюбёнцу, які некалі дапамог яму справіцца з сумам па Няжынскаму. У выніку сястра Ніжынскага атрымала адстаўку.

Але гэтым часам яна ўжо трывала стаяла на нагах. І ў яе быў варты абаронца – яе другі муж Мікалай Сінгаеўскі. Ён стаў яе менэджэрам пасля сыхода ад Дзягілева. Талентам і прафесіяналізмам Браніславы шчодра карысталіся Тэатр Калон у Буэнас-Айрэсе, Рускі балет у Монтэ-Карла. Яна супрацоўнічала з трупамі палкоўніка дэ Базіля і Макса Рэйнхардта. А яшчэ Ніжынская здолела адпомсціць Дзягілеву – вельмі своеасабліва. Яна прапанавала свае паслугі галоўнай канкурэнтцы стваральніка «Рускага балета» – мільянершы і вялікай аматарцы танца Ідзе Рубінштэйн. Балеты Ніжынскай прынеслі незвычайны поспех тэатру Іды Рубінштэйн. Дзягілеў памёр у 1929 годзе, амаль разарыўшыся.

У тым жа 1929 годзе вучню Ніжынскай, Сержу Ліфару, зрабілі такую ж прапанову, якую некалі рабілі Вацлаву Ніжынскаму, – узначаліць балет «Гранд-опера». Параіўшыся з Браніславай, ён згадзіўся. І тут жа запрасіў сваю настаўніцу паставіць танцы для оперы Ж. Афенбаха «Казкі Гофмана». Слава балетмайстра Браніславы Ніжынскай, жанчыны з нежаночай сілай волі і талентам, расла. У 1932 годзе яна здолела адкрыць у Парыжы ўласны «Тэатр танцу» (пазней «Рускі балет мадам Ніжынскай»). Тут яна была паўнаўладнай гаспадыняй і магла эксперыментаваць, як хацела. Адным з такіх эксперыментаў стал балет «Гамлет» на музыку Ф. Ліста. Узгадаўшы пра вялікую англійскую артыстку Сару Бернар, якая не спалохалася выконваць ролю Гамлета ў драматычным спектаклі, Браніслава таксама выйшла на балетную сцэну ў ролі Гамлета.

Канец 1930-х гадоў быў неспакойным для Еўропы, у нетрах якой нараджаўся фашызм. Ніжынская інтуітыўна адчула, што трэба ратавацца ад бяды за акіянам. І ў 1938 годзе пакінула Еўропу. У ЗША яна прыехала з дачкой Ірынай. І была прынята з радасцю і захапленнем. Тут яе чакалi павага і запатрабаванасць, выкладчыцкая дзейнасць, уласная студыя ў Галівудзе, уласная школа балета ў Нью-Йорку. І – спакойная забяспечаная старасць. Браніслава Ніжынская памерла ў 1972 годзе, на восемдзесят другім годзе жыцця. Яна стварыла больш за 70 балетаў і выхавала больш за сто вучняў. А гэта, трэба згадзіцца, не так ужо і мала.

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.