Видео реклама

 

Сведкi часу

Вострая брама і яе святыня

Вострая брама і яе святыня

У колішняй сталіцы Вялікага княства Літоўскага, жамойцкага і рускага, а ў наш час стольным горадзе Літвы Вільнюсе захавалася мноства гісторыка-культурных помнікаў. Адным з найбольш вядомых з’яўляецца Вострая брама – адзіная ацалелая з тых пяці варот, якія былі пабудаваны ў 1503–1522 гадах. Менавіта тут знаходзіцца капліца з цудатворным абразам Маці Божай Астрабрамскай. Гэты абраз лічыцца агульнашануемым для хрысціян каталіцкай і праваслаўнай канфесій. І зачастую Вострую браму вернікі называюць проста Святымі варотамі.

Вострая брама па форме сваёй зусім не вострая. Іншы раз віленскія экскурсаводы тлумачаць паходжанне назвы тым, што ў сярэднявеччы ў гэтай частцы горада меўся квартал з назвай Востры канец. Але, хутчэй за ўсё, не брама атрымала імя ад квартала, а квартал – ад брамы. Існуе, праўда, версія, што назва звязана з радавым гняздом славутага гетмана Канстанціна Астрожскага, горадам Астрогам. Аднак меркаванне гэта мацуецца хіба тым, што, маўляў, менавіта праз гэтыя вароты ляжаў шлях да Астрогу.

Яшчэ больш пытанняў выклікае час з’яўлення ў Вільні абраза Астрабрамскай Божай Маці. У каталіцкіх крыніцах ХІХ стагоддзя, ды і больш позніх атрыманне іконы адносяць да пачатку ХVІІ стагоддзя. Але ёсць сведчанні, што гэта падзея адбылася значна раней, у ХІV стагоддзі, і звязана з дзейнасцю вялікага князя літоўскага Альгерда. Альгерд праславіўся ваяўнічасцю і паспяховасцю ў барацьбе з суседзямі. Пад час аднаго з паходаў вялікі князь спустошыў узбярэжжа Крыма і захапіў горад Корсунь. А там жылі не толькі татары, але і спрадвечныя насельнікі – грэкі. Зразумела, што захопнікі рабавалі і адных, і другіх. Сярод багаццяў, прывезеных пераможцамі ў Вільню, аказалася і каштоўная ікона Божай маці грэчаскага пісьма. Вялікая. Памерам 200х165 см. Напісаная тэмперай на васьмі дубовых дошках таўшчынёй 2 см. Выява – рэдкага тыпу, бо ў Божай Маці няма немаўляці Ісуса на руках. Лік Дзевы Марыі адлюстроўвае глыбокі спакой і рахманасць, рукі на грудзях складзены крыжападобна.Такое напісанне ва ўсходнехрысціянскай традыцыі характэрнае для ікон Добравешчання, якія паказваюць Багародзіцу ў момант атрымання ёю ад архангела Гаўрыіла весткі пра тое, што яна стане Маці Боганемаўляці.

Не дзіўна, што каштоўны і рэдкі абраз апынуўся сярод той часткі здабычы, якая належыла вялікаму князю. Альгерд падараваў яго сваёй жонцы Юльяне Цвярской. Ахрышчаная ў праваслаўе, княгіня і ў шлюбе захавала веру бацькоў. Больш таго, актыўна прапагандавала яе сярод падданых. Менавіта яе намаганнямі быў узведзены першы ў Вільні праваслаўны храм – царква Святой Тройцы. Прычым узведзены на тым месцы, дзе ў 1347 годзе язычнікі пакаралі смерцю першых хрысціян з ліку віленцаў – Антонія, Іаана і Яўстафія. Корсуньскую ікону княгіня перадала менавіта ў гэты храм. Хутка вакол Троіцкай царквы ўзнік манастыр, і абраз стаў галоўнай святыняй абіцелі. Аднак хронікі паведамляюць, што ўжо ў 1431 годзе Корсуньская ікона знаходзілася ў капліцы гарадскіх варот нездалёк ад Свята-Духавай царквы. Чаму ж так здарылася? Той-сёй з даследчыкаў лічыць, што гэта – заканамерная з’ява. Маўляў, у праваслаўным асяроддзі традыцыйна было змяшчаць найбольш шануемую ікону над галоўнымі гарадскімі брамамі – лікамі да патэнцыйных ворагаў.

Наступны раз храністы ўзгадалі пра Корсуньскую ікону ў канцы ХV стагоддзя. У гэты час найбольшую пагрозу для Вялікага княства Літоўскага, жамойцкага і рускага ўяўлялі крымскія татары. Раз-пораз нападалі яны на землі княства. Узнікла рэальная пагроза і іх нападу на Вільню. А драўляныя гарадскія ўмацаванні даўно прыйшлі у нягоднасць. Да таго ж яны яшчэ не адпавядалі патрабаванням часу. «Лепшыя людзі» дзяржавы звярнуліся да вялікага князя літоўскага і караля польскага Аляксандра Ягелона з просьбай аб дапамозе. Ім было прынята рашэнне ўзвесці вакол сталіцы мураваныя сцены. 23 красавіка 1498 года, у дзень памяці святога Георгія Пераможца, адкрыўся агульнагарадскі Хрэсны ход. Узначаліў яго сам кароль. У суправаджэнні бесперапынных пераліваў званоў усіх віленскіх храмаў (а было іх на той час 7 каталіцкіх і 14 праваслаўных) абыйшла працэсія вакол горада і спынілася ля драўляных варот, на якіх размяшчалася Корсуньская ікона. Гэта месца было асвечана ў знак таго, што тут павінны быць узведзены каменныя вароты з абарончай вежай – састаўная частка ўмацаванняў горада. Будаўніцтва скончылі хутка. На вежы пабудавалі драўляную каплічку, у якую і змясцілі Корсуньскі абраз. Пазней вароты атрымалі назву Вострай брамы, а потым і назва іконы змянілася. Яе пачалі велічаць Астрабрамскай.

Пры пераемніку вялікага князя Аляксандра, Жыгімонце Старым, хронікі ікону не ўзгадвалі. А вот з часоў сына Старога, вялікага князя Жыгімонта Аўгуста, дайшло да нас дзіўнае паданне. І сцвярджае яно ні больш ні менш, што Матка Боска Астрабрамская была пісана… па загаду вялікага князя і з яго памёрлай жонкі, рэдкаснай прыгажуні Барбары Радзівіл, атручанай злобнай свякроўю. Сапраўды, параўноўваючы партрэты каралевы Барбары з лікам Астрабрамскай Маці Божай, падабенства знаходзіш. Той жа пяшчотны авал твару, такі ж разрэз вачэй, высокі чысты лоб і акуратны роўны нос. Аднак гэтае паданне абвяргаюць гістарычныя сведчанні. Да таго ж ля Астрабрамскай Маці Божай ва ўсе часы здзейсняліся дзівосы, аб чым сведчыць як мінімум колькасць металічных рук, ног, сэрцаў, якія ісцалённыя вернікі прымацоўвалі вакол абраза. Хутчэй за ўсё, гэта не ікона пісалася з каралевы, а каралева была падобная да выявы на Астрабрамскай іконе. Ну і як тут было не закахацца каралю ў такую рэдкасную прыгажуню!

У 1596 годзе абразу зноў давялося падарожнічаць. А віной таму – палітычныя ды рэлігійныя акалічнасці. У Брэсце была заключана царкоўная ўнія. Амаль адразу пасля гэтага Свята-Троіцкі манастыр, якому па-ранейшаму юрыдычна належалі і Астрабрамская капліца, і змешчаны ў ёй абраз, быў перададзены ўніятам – манахам новаспечанага ордэна базыльян. Пакідаючы абіцель, праваслаўныя манахі злаўчыліся прыхапіць з сабою і галоўную сваю святыню. Змясцілі яе ў Віленскай Нікольскай царкве. У 1609 годзе базыльяне паспрабавалі забраць ікону. Атрымаўшы рашучы адпор, звярнуліся да дзяржаўных улад. І ужо праз два дні сталі ўладарамі не толькі абраза, але і царквы. Праўда Астрабрамская святыня нядоўга прабывала ў іх руках. Прычым вінаваты ў гэтым былі яны самі. Уніяцкі мітрапаліт Іосіф Руцкі звярнуўся да Папы Рымскага з просьбай прыслаць у Вільню вучоных асоб, якія маглі б заняцца выхаваннем інакаў-базыльян. Летам 1624 года прыбылі чатыры манахі ордэна кармелітаў. І амаль адразу распачалі кіпучую дзейнасць. Вокаімгненна атрымалі ў сваё падпарадкаванне толькі што адбудаваны (дарэчы, для базыльян) храм Святой Тэрэзіі і заснавалі пры ім уласны манастыр. А потым прыбралі ў свае рукі і Астрабрамскую капліцу разам з іконай.

Трэба заўважыць, што гаспадарамі кармеліты аказаліся лешымі, чым іх папярэднікі. У 1671 годзе яны знеслі прыйшоўшую ў нягоднасць капліцу і ўзвялі новую, таксама драўляную, але значна большую па памерах. Пад час жахлівага пажару 1714 года, калі полымя спустошыла ледзь не трэцюю частку Вільні, згарэла і капліца. Але ікону кармеліты выратавалі. Перанеслі часова ў свой касцёл. Замест згарэлай каліцы ўзвялі новую, каменную, і вярнулі абраз на месца. А вось на пачатку наступнага стагоддзя давялося пахвалявацца значна больш, бо базыльяне, нарэшце, паспрабавалі вярнуць сабе страчаную святыню. У намаганнях сваіх дайшлі ажно да Ватыкана. Папа Рымскі доўга хістаўся. Потым прыняў рашэнне, ня горшае за тыя, што прымаў Біблейскі цар Саламон. Прапанаваў пакінуць рэліквію таму, чый касцёл знаходзіцца бліжэй да Вострай брамы. Перамаглі кармеліты.

Пад час падзелаў Рэчы Паспалитай Маці Божая Астрабрамская стала духоўным сімвалам змагароў за свабоду і незалежнасць. Астрабрамскай святыні прысягалі паўстанцы Касцюшкі, ідучы на бітву. У 1094 годзе ля яе патрыёты Рэчы Паспалітай трымалі абарону супраць царскіх войскаў і гінулі, звяртаючыся ў малітвах да Маці Божай Астрабрамскай. Пасля трэцяга і апошняга падзела Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Вільня адышла да рускай кароны. Але вільняне не прызнавалі сваёй царыцай Кацярыну ІІ. Яны каранавалі Маці Божую Астрабрамскую. Дзеля гэтага абраду для абраза вырабілі каштоўны абклад – ён яе ўпрыгожвае і цяпер – і на абкладзе гэтым выбілі дзве кароны. Адна – для Марыі – царыцы нябеснай. Другая – для панны Марыі – каралевы Рэчы Паспалітай. Тыя, хто вырашаў прысвяціць сябе барацьбе за аднаўленне Рэчы Паспалітай, урачыста прысягалі сваёй каралеве – панне Марыі. З’явіўся нават звычай праходзіць праз Вострую браму з непакрытай галавою.

Пасля паражэння паўстання 1830–1831 гадоў царскія ўлады вырашылі скончыць з віленскімі кармелітамі, кляштар якіх, безумоўна, ператварыўся ў гняздо паўстанцаў. Манастыр зачынілі. Большасць манахаў выправілі за мяжу. Уся іх маёмасць перайшла праваслаўнай царкве. Уся, акрамя іконы Божай Маці Астрабрамскай ды самой Вострай брамы. Апасаючыся, што адабранне «польскай каралевы» у католікаў выкліча новыя хваляванні і, магчыма, народны мяцеж, у справу ўмяшаўся праваслаўны мітрапаліт Іосіф (Сямашка), які дайшоў да самога імператара з хадайніцтвам. Прычым галоўным яго аргументам было тое, што «праваслаўныя Яе пачытаюць і пакланяцца Ёй не перастануць, тым больш што на Ёй яшчэ захаваўся старажытны, выкананы славянскай вяззю, надпіс: «Честнейшей херувим и славнейшей без сравнения серафим».

Сёння да Маці Божай Астрабрамскай сцякаюцца натоўпы вернікаў абедзвюх канфесій і моляць – ужо не пра перамогі ў бойках, але пра захаванне міру і спакою, пра ўзаемаразуменне і дараванне даўніх крыўд. А дзіўная Марыя слухае просьбы гэтыя, рахмана схіліўшы галаву і добраслаўляе прасіцеляў.

Дзень яе пачытання па святцах – 29 снежня/8 студзеня.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.