Видео реклама

 

Паданне

Багуміраў род

Багуміраў род

Даўно тое было. Жыў у прывольных паўднёвых стэпах ля самага сіняга мора качавы народ скіфаў. Шмат сярод іх смелых і адважных правадыроў. Але найслаўнейшым быў Багумір. Вадзіў ён род свой па стэпах, нажываючы багацці і мінаючы сустрэч з ліхімі суседзямі, роўна трыццаць гадоў. Давяраліся слову і ўчынку яго скіфы. Але аднойчы здарылася нешта дзіўнае.

Глянуў Багумір на неба і залюбаваўся статкам дзікіх гусей, якія вярталіся з цёплых краёў на поўнач. І ўвайшоў у Багумірава сэрца неспакой: «Чаму гусі штогод пакідаюць берагі цёплага ласкавага мора? Што цягне іх у край, пра які нічога не ведаем мы, акрамя таго, што зімы там суровыя? А можа, там нейкая запаветная зямля, адзначаная ласкай саміх багоў?».

І засумаваў Багумір. Пабачыла тое жонка яго Славуня, з роспытамі падышла. Была ж яна мудрай жанчынай, ведала, як размаўляць з багамі ды літасці іхняй дабівацца. Заўжды раіўся са Славуняй правадыр Багумір. Не схаваў думкі свае і цяпер.

– Што ж перашкаджае табе пайсці на поўнач шляхам дзікіх гусей? – вымавіла Славуня. – Калі і сапраўды там запаветны край, які сцерагуць самі богі, дык мы заселім яго.

Сказаў тады скіфам сваім Багумір:

– Хадзем туды, куды гусі вясной адлятаюць!

Думаў Багумір, радасна, як заўжды, пойдуць за ім людзі. Аднак тыя толькі плячыма ў непаразуменні паціснулі:

– Навошта нам тое? Хіба ў стэпах нашых ужо няма пракорму для коней і скаціны?

Абралі тою вясной родзічы Багуміравы сабе іншага правадыра. Але нядоўга ён кіраваў імі. Прыйшло лета і прынесла немагчымую засуху. Сталі гінуць коні і скаціна. Тады скіфы зноў заклікалі Багуміра:
– Куды наважваўся ты весці нас? Вядзі! Мы згодныя!

І пайшлі людзі за Багумірам на поўнач, прэч ад спякотнай смерці. І радасна было на душы ў Багуміра.

Шляхам пералётных гусей прывёў Багумір род свой у край духмяных лугоў, паўнаводных рэк, смалістых лясоў.

– Якая прыгажосць навокал! – здзівіліся скіфы. – Сярод красы б гэтай жыць, ды бяды не ведаць!

Але не даў людзям сваім Багумір дазволу адразу секчы тутэйшы лес ды будаваць жытло. Не верылася яму, што ў такім добраславёным месцы няма іншых насельнікаў. Загадаў Багумір сынам сваім Севе ды Русу таемна пахадзіць па наваколлі, разведаць, хто тут жыве. Тры дні прападалі Сева ды Рус, вярнуліся заклапочаныя:

– На захадзе, бацька, вялікае племя атабарылася. Даўно ўжо жывуць – па хатах іхніх тое бачна. А на ўсходзе – другое, мабыць, крэўныя іхнія. На поўнач далей пойдзеш – таксама людскія паселішчы. Толькі на тым шляху, адкуль мы сюды прыйшлі, ніхто не жыве.

Моцна задумаўся Багумір. Ці прымуць у гэтых месцах прышлых? Няўжо давядзецца назад вяртацца?

– Спытаюся, што рабіць, у багоў, – кажа Славуня.

Развяла Багумірава жонка вогнішча, пачала спяваць перад ім ды рабіць заклінанні. Выйшаў з вогнішча дым вялікі, ахутаў мудрую жанчыну з галавы да ног, схаваў ад вачэй супляменнікаў, а потым знік-разышоўся.

– Богі далі нам знак, – кажа Славуня. – Каб прынялі нас людзі тутэйшыя, мусім мы аддаць дачок нашых замуж, Дрэву, Скрэву і Палеву.

– За каго ж аддадзім? – спытаўся Багумір.

– Богі самі знойдуць ім жаніхоў, – усміхаецца Славуня. – Пойдзеш ты, Багумір, у чыстае поле. Там дуб стары раскідзісты расце. Паўстанеш пад дубам тым і будзеш чакаць. Першыя трое, каго пабачыш, і будуць іх мужамі.

Сабраўся Багумір, пайшоў дуб шукаць. Пад дубам тым стаў ды чакае. На зыходзе дня ўдалечні трое вершнікаў з’явіліся. Усе – маладыя, станістыя, блакітнавокія ды русявыя. Узрадавалася Багумірава сэрца – па душы прыйдуцца дочкам яго такія жаніхі. Спыніў вершнікаў, добрага шляху ім, як тое належыць, пажадаў. А потым і пытае, як вандроўнікаў клічуць ды куды яны спяшаюцца.

– Мы славянскага роду-племені, тры браты-блізняты, – адказваюць юнакі. – Клічуць нас Ранішнікам, Паўдзённікам і Вячэрнікам, бо аднаго з нас маці нарадзіла раніцай, другі на свет з’явіўся апоўдні, а трэці – толькі вечарам. Мы – сыны тутэйшага князя. А едзем шукаць сабе нявест, бо дзяўчаты нашага роду ўжо усе прасватаны. Таму племені, якое дасць нам жонак, вялікая пашана будзе, бо бацька наш – вялікі ўладар.

Уздыхнуў Багумір з палёгкай:

– Калі так, то злязайце, хлопцы, з коней! Ёсць у маёй сям’і нявесты, вартыя княжых сыноў.

Як пабачылі дачок Багуміра юнакі – адразу закахаліся. Ды і як было не закахацца! Дзяўчаты вясёлыя, румяныя, чарнабровыя. Дрэва ведае ўсе таямніцы дрэў: з якога лаўкі ды калыскі рабіць, галіны якога на лукі ды лёгкія стрэлы пойдуць, якое для будаўніцтва ладдзі станецца. Палева – выдатная паляўніца. Ні качцы, ні зайцу не ўратавацца ад яе. Скрэва – матчына памочніца, захавальніца скрыжаляў з таемнымі жрэцкімі пісьмёнамі.

Хутка згулялі тры вяселлі. Кажуць, на шлюбны пір запрошаны былі нават вялікія богі. І яны міласціва прынялі запрашэнне людзей і адарылі маладых даўгалеццем і шчасцем. Гэтак парадніліся скіфы са славянамі. І ўтварыліся новыя плямёны. Ад шлюбу Дрэвы з Ранішнікам – драўляне, ад саюзу Палевы з Вячэрнікам – паляне. Ад кахання ж Скрэвы і Паўдзённіка – крывічы. Сыны Багуміра таксама моцныя парасткі далі ў зямлі славянскай. Ад іх плямёны севяран і русаў пачатак бяруць.

І праляцелі стагоддзі, і выраслі сярод дзікіх лясоў ды лугоў вялікія гарады. І ўтварыліся ад плямёнаў народы – рускі, украінскі, беларускі. У міры стараюцца жыць яны, памятаючы пра сваё радство. Калі ж хтосьці з нас калісьці забудзе агульнага продка Багуміра – няхай вернуць яму памяць дзікія гусі. Яны ж па-ранейшаму штовясну пакідаюць цёплыя краіны, каб вярнуцца на добраславённую Нябёсамі зямлю ўсходніх славян.

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.