Видео реклама

 

Асоба

Палюбiць матэматыку

Палюбiць матэматыку

Яна стала легендай не толькі айчыннай, але і сусветнай навукі. Даказаўшы, па-першае, што жанчына можа быць каралевай у свеце лічбаў і дакладных разлікаў. А па-другое, што матэматыка зусім неабгрунтавана лічыцца сухой і сумнай дысцыплінай. Соф’я Кавалеўская надала гэтай навуцы сваю эмацыянальнасць і няўрымслівасць.

Радавым маёнткам генерала Васілія Васільевіча Корвін-Крукоўскага, бацькі Соф’і, было Палібіна, вёска ў Віцебскай губерні Невельскага павета (цяпер Пскоўская вобласць).

Соф’я была другім дзіцем у сям’і, дзе, акрамя яе, раслi старэйшая сястра Ганна і малодшы брат Фёдар. Соф’я была ўпэўнена, што бацькі любяць яе менш, чым сястру і брата. У такія моманты добраахвотнай самоты дзяўчынка хавалася ў неабжытым кутку Палібінскай сядзібы. Тут у чаканні рамонту сумна бялелі сцены пакоя, абклееныя выпадкова трапіўшымі сюды лістамі літаграфаваных лекцый матэматыка Астраградскага.

Дзяўчынка не ведала, што са сцен неадрамантаванага пакоя ёй у душу глядзіць яе лёс. Як і сястра Ганна, Соф’я спрабавала сябе ў напісанні літаратурных твораў і думала, што стане пісьменніцай. Матэматыка ж ніякай цікаўнасці ў яе не выклікала. Аднойчы за абедам генерал запытаўся ў дачкі: «Ну што, Софа, ці палюбіла ты матэматыку?». «Не, татуля», – адказала яна. «Дык палюбіце ж яе, і палюбіце больш, чым іншыя навуковыя прадметы!» – усклікнуў хатні настаўнік, запрошаны Корвін- Крукоўскім для сваіх дзяцей, Іосіф Малевіч.

I вось з гэтага часу ўрокі арыфметыкі сталi для дзяўчынкі падобнымі да чароўных падарожжаў у таямнічы свет лічбаў. Нечакана настаўнік адзначыў у сваёй вучаніцы цудоўныя здольнасці да дакладных навук.

Далейшы лёс юнай Корвін-Крукоўскай вырашыў сябра сям’і, прафесар фізікі марской акадэміі Мікалай Тыртаў. Выдаўшы ўласны падручнік фізікі, ён падарыў адзін экземпляр бацьку Соф’і. Якім жа было яго здзіўленне, калі падчас наступнага візіту ён убачыў падручнік у руках шаснаццацігадовай дачкі генерала. Тыртаў быў уражаны. Ён настаяў, каб генерал даў магчымасць дачцэ займацца вышэйшай матэматыкай. Паступова ў галаве дзяўчыны выспела думка, што яна павінна «адкрыць новую дарогу для жанчын, дарогу ў навуку, стаць вучонай». Але для гэтага трэба было слухаць лекцыі ў якім-небудзь універсітэце. У Расіі гэта было немагчыма – жанчынам не дазвалялася вучыцца ў вышэйшых навучальных установах. Але можна было паспрабаваць набыць неабходныя веды за мяжой.

Сястра Ганна, якая марыла пра славу літаратара і з-за гэтага таксама хацела апынуцца за мяжой, прапанавала адшукаць фіктыўных мужоў з ліку прагрэсіўных маладых людзей, што называлі сябе нігілістамі. Сябры знайшлі для Ганны надзейную кандыдатуру – сына дробнага двараніна Віцебскай губерні Уладзіміра Кавалеўскага, які займаўся кнігавыдавецтвам. Расчараваўшыся ў каханні (яго нявеста адмовіла яму перад самым вяселлем), Уладзімір вырашыў ахвяраваць сабою «дзеля перамогі прагрэсу і на дабро грамадству». Але, пазнаёміўшыся з сёстрамі Корвін-Крукоўскімі, малады чалавек раптоўна заявіў, што згодны стаць фіктыўным мужам толькі малодшай сястры.

Каханне з першага погляду? Кавалеўскі спадзяваўся, што калі-небудзь фіктыўны шлюб ператворыцца ў сапраўдны? Магчыма, так. А што ж Соф’я? Адказваючы згодай Кавалеўскаму, яна ўлічвала толькі тое, што ў выніку гэтага шлюбу перад ёю адкрыюцца шырокія магчымасці для вучобы.

Вянчанне адбылося 15 верасня 1868 года ў Палібіне. Пасля маладыя выехалі за мяжу. Соф’я Кавалеўская аказалася першай жанчынай, якой было дазволена наведваць лекцыі ў Гейдэльбергскім універсітэце. Разам з фіктыўнай жонкай вучыўся і Кавалеўскі. Ён атрымліваў веды па геалогіі.

Калі Кавалеўская зразумела, што мясцовыя прафесары ўжо не могуць задаволіць яе цікаўнасці, яна накіравалася ў Берлін, дзе выкладаў выдатны матэматык Карл Вейерштрас. Пяцідзесяціпяцігадовы вучоны прыняў дваццацігадовую Кавалеўскую з непадробленай цікавасцю. Паразмаўляўшы з ёю на навуковыя тэмы, ён зразумеў, што «бачыць перад сабою унікум». І ён звярнуўся да савета Берлінскага універсітэта з просьбай дазволіць таленавітай жанчыне наведваць яго лекцыі. Савет адхіліў просьбу, і Вейерштрас прыняў рашэнне займацца з Соф’яй прыватна. Зразумеўшы, што ў яго яшчэ ніколі не было, ды і наўрад ці будзе ў далейшым больш здольны вучань, Вейерштрас пачаў аказваць Соф’і асаблівыя знакі ўвагі, якія няправільна зразумеў Уладзімір Кавалеўскі.

Фіктыўны муж пасварыўся з фіктыўнай жонкай і паехаў у Вену, а пасля – у Мюнхен. Цяжка перажываючы разлад, Кавалеўская адкрылася свайму настаўніку, расказаўшы яму, як і з якой мэтай быў заключаны яе шлюб. І выдатны вучоны, які сам адмовіўся ад асабістага жыцця дзеля навукі, стаў яшчэ больш паважаць сваю вучаніцу. Ён змог знайсці словы суцяшэння для Соф’і, якая абдумвала ўжо, ці не варта будзе згадзіцца на прапанаваны ёй у пісьме Кавалеўскім развод. І накіраваў яе пачуцці і эмоцыі на іншае.

Карл Вейерштрас прапанаваў Соф’і паспрабаваць атрымаць дыплом доктара ў Гетынгенскім універсітэце. Перспектыва натхніла Соф’ю, і яна пачала старанна рыхтавацца для здзяйснення задуманага. Вейерштрас прапанаваў ёй тры тэмы для навуковых прац, разлічваючы, што яго вучаніца абярэ адну. Але, на яго здзіўленне, Кавалеўская напісала навуковыя працы па кожнай.

Па выніках трох прац у ліпені 1874 года Соф’я Кавалеўская атрымала ступень доктара філасофіі. Неўзабаве вырашылася і сямейная праблема – фіктыўны шлюб ператварыўся ў сапраўдны. Муж і жонка вярнуліся на радзіму. Але нягледзячы на тое, што абодва прывезлі з-за мяжы вучоныя ступені, уладкавацца на выкладчыцкую працу ў Пецярбургу яны не здолелі.

Некаторы час сям’ю ратавалі грошы, якія Соф’я атрымала ў якасці спадчыны пасля смерці бацькі. На гэтыя сродкі Кавалеўскія распачалі будаўніцтва дамоў і спачатку атрымлівалі нядрэнны прыбытак. Менавіта тады ў iх нарадзілася дачка Соф’я. Але ўжо хутка становішча змянілася, прадпрымальнікі з навуковымі ступенямі абанкруціліся і вымушаны былі пакінуць Пецярбург. Уладзімір паехаў у Маскву, дзе яму абяцалі месца на кафедры геалогіі і палеанталогіі Маскоўскага універсітэта. Соф’я ж накіравалася разам з дачкой у Берлін да свайго настаўніка Вейерштраса.

Затым Соф’і давялося перажыць яшчэ адну трагедыю. Яе муж уступіў у гэтак званае «Таварыства рускіх фабрык мінеральных алеяў Рагозіна і Ко». Кампанія, як аказалася, займалася нейкімі падазронымі справамі. Неўзабаве Кавалеўскага выклікалi на суд у якасці адказчыка. У роспачы вучоны скончыў жыццё самагубствам.

Соф’я Васільеўна цяжка перажывала смерць мужа. Зачыніўшыся ў сваім пакоі, адмовілася прымаць ежу, а на пяты дзень страціла прытомнасць. Толькі ў жніўні Соф’я Васільеўна набыла сілы, каб супраціўляцца лёсу. Яна вярнулася ў Расію і праз суд дабілася рэабілітацыі мужа. А пасля прыняла прапанову шведскага матэматыка Густава Мітаг-Лефлера прыехаць у Стакгольм, каб распачаць у нядаўна адкрытым універсітэце чытанне спецыяльнага курса. Неўзабаве Кавалеўская была прызначана прафесарам Стакгольмскага універсітэта і стала такім чынам першай у свеце жанчынай-прафесарам. Праз некалькі гадоў яна атрымала прэстыжную прэмію Бардэна, заснаваную Парыжскай акадэміяй навук. Задача, прапанаваная акадэміяй матэматыкам, гучала гэтак: удасканаліць у якім-небудзь важным пункце тэорыю руху цвёрдага цела. Кавалеўскую задавальняла, што конкурс мусіў быць ананімным, і значыць, прадузятасць у адносінах да яе не прадбачылася. Дыплом пераможцы Кавалеўскай уручалі 24 снежня 1888 года ў Парыжы. Разам з ёю на ўрачыстасці прысутнічаў новы сябра жанчыны-вучонага і яе цёзка па прозвішчы Максім Максімавіч Кавалеўскі. Гледзячы, як яны ўсміхаюцца адно аднаму, некаторыя думалі, што гэта – муж і жонка.

І сапраўды, зусім нечакана ў жыццё Соф’і Кавалеўскай увайшло новае каханне. Упершыню яна даведалася пра існаванне Максіма Кавалеўскага ў 1874 годзе. Аднойчы стакгольмскі паштальён уручыў ёй цэлы стос лістоў і кніг на імя прафесара Кавалеўскага. Соф’я Васільеўна здзівілася супадзенню прозвішчаў і навуковых званняў і вярнула чужую карэспандэнцыю на пошту. Восенню 1888 года, чарговы раз з’ехаўшыся ў Стакгольме, Максім Максімавіч і Соф’я Васільеўна ўжо разважалi пра магчымасць стварыць сям’ю. Вяселле было прызначана на ліпень 1891 года. Яна вельмі чакала гэтай даты, але ў пачатку года прастудзілася. З-за нежадання вылежаць хваробу жанчына хутка злегла. Урачы канстатавалі запаленне лёгкіх. 10 лютага 1891 года Соф’я Васільеўна памерла.

Яна знайшла вечнае супакаенне ў шведскай зямлі, там, дзе яе прынялі як сваю. Прывабную іншаземку, якая любіла матэматыку амаль гэтак жа, як і само жыццё.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.