Видео реклама

 

Асоба

Каралева Палесся

Каралева Палесся

Сімвалам беларускага Палесся са старажытных часоў лічыцца вуж з залатой каронай на галаве. Шэраг народных паданняў звязвае з’яўленне гэтага сімвала з імем прыўкраснай жанчыны, што жыла ў ХVІ стагоддзі, той, што калісці валодала гэтымі землямі. Палесскі вуж – гэта злёгку змененая выява яе родавага гербу – гербу сямейства уладароў Мілана герцагаў Сфорца. А жанчыну звалі Бона.

Бона Сфорца Д’Арагона… Яркай усёразбуральнай каметай уварвалася яна ў гісторыю дзвюх дзяржаў, Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага, каб прымусіць метраном эпохі грукаць ва ўнісон з сваім сэрцам…

Нарадзілася яна 2 лютага 1494 года ў сям’і Гіяна Галеаца Сфорца ў шыкоўным замку Вігевана. Бона стала трэцім дзіцем міланскага герцага. Старэйшымі за яе былі брат Франчэска і сястра Цэцылія. Багацце і ўлада з самай люлькі аказвалі ўплыў на лёс дзяўчынкі. Бо па паходжанні і становішчы сваім бацька яе амаль быў роўны манархам. А маці Ізабэла Арагонская з'яўлялася ўнучкай неапалітанскага караля Фердынанда І Д’Арагона. Праўда, у год нараджэння Боны Гіяна Галеаца памёр, і ўладу ў Мілане ўзурпіраваў герцаг Маро. Але гэта значна не паўплывала на будучае дзяўчынкі. Бо і тытул, і багацці не былі ёю страчаны. Тым больш што неўзабаве памерлі ўсе іншыя дзеці Гіана Галеаца. Бона засталася адзінай спадчынніцай сваіх бацькоў.

Яна атрымала ўсебаковую і вытанчаную адукацыю. Адным з яе першых настаўнікаў быў Хрызастома Калона, паэт школы Пятраркі. Ён выкладаў юнай герцагіне латынь, гісторыю, тэалогію, права, геаграфію, прыродазнаўства, філасофію і матэматыку. Іншыя настаўнікі давалі ёй урокі музыкі і танцаў. Пасталеўшы, Бона з захапленнем наведвала публічныя навуковыя дыспуты, шмат часу праводзіла ў размовах з вядомымі мастакамі – ёй даводзілася бачыць самога Леанарда да Вінчы пад час яго працы над славутай «Таемнай вячэрай». Але больш за ўсё яе прываблівалі язда верхам на кані, паляванне ды сабакі. Будучы сапраўднай дачкой сваёй эпохі, маладая Бона Сфорца прытрымлівалася канонаў вольнай ад рэлігійных забабонаў маралі. У часы, калі, згодна з вобразным выказваннем філосафа і знаўцы эпохі Рэнесансу Аляксея Лосева, «Дэкамерон» Бакача замяніў «Біблію», прыгожанькая італьянская герцагіня не лічыла ганебным заводзіць любоўныя шашні на фоне маскарадаў, баляў, тэатральных відовішчаў ды гульбішчаў. Што ж датычыць адносінаў больш сур’ёзных і доўгачасовых, то тут герцагіня не спяшалася, прыдзірліва выбіраючы сярод вартых прэтэндэнтаў на сваю руку найгоднейшага. Яна ацэньвала сябе дастаткова высока, каб патрабаваць ад лёсу не менш, чым караля.

І лёс даў ёй такі шанц. 2 кастрычніка 1515 года саракавасьмігадовага караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта спасцігла гора. Ён згубіў каханую жонку Барбару Заполію. Магчыма, думкі пра другі шлюб не ўзніклі б у галаве няўцешнага ўдаўца, каб ён меў спадчынніка. Аднак каралева-нябожчыца пакінула пасля сябе толькі дзвюх дачок. Прыдворныя прапанавалі мноства варыянтаў для паўторнага шлюбавання свайму манарху: прынцэса Элеанора Габсбург, каралева Джаванна ІVАрагонская, удовая мазавецкая княгіня Анна з беларускага магнацкага рода Радзівілаў. Усе прэтэндэнткі былі высакароднымі прыгажунямі. За кожнай стаяла магутная магнацкая групоўка прыхільнікаў. Але кароль не спяшаўся. Ён доўга абмяркоўваў прэтэндэнтак. Нарэшце было названа імя Боны Сфорца. 4 сакавіка 1517 года Жыгімонт І упершыню пабачыў партрэт, які прывезлі ў Вільню прадстаўнікі нявесты Хрызастома Калона і Зыгмунд Герберштэйн. Паводле сведчанняў хронік, маладая Бона на партрэце была падобнай да анёла. Але лёс яе вырашыла не гэтая цудоўная выява, а маленькі зялёны пантофлік герцагіні, прад’яўлены сватамі жаніху, які ўсумніўся ў шчырасці мастака. Пантофлік абудзіў у Жыгімонце палкія жаданні. Выбар быў зроблены.

У апошнія дні 1517 года Бона выправілася ў суправаджэнні 300 сваіх суайчыннікаў у дарогу. Новаспечаная каралева польская, вялікая княгіня літоўская з пышным эскортам два суровых зімніх і адзін веснавы месяцы дабіралася да зямлі, у якой ёй наканавана было ўладарыць.

З першых жа дзён Бона заявіла пра сябе як паўнапраўная гаспадыня Польшчы і Вялікага княства Літоўскага. Пазнаёміўшыся са звычаямі і побытам сваіх падданых, італьянка вырашыла, што яны дзікія і варварскія. І захацела ператварыць Польшчу калі не ў другую Італію, дык хаця б «у сапраўды еўрапейскую краіну», краіну мастацтваў, навук і галантных манер.

Спачатку пры двары была ўведзена еўрапейская мода на адзенне, потым каралеўскія забавы набылі ярка выражаны італьянскі прысмак, прыдворныя паэты сталі сачыняць вершы і паэмы ў падражанне Дантэ і Петрарцы. Музыка, жывапіс, навука нібыта набылі пры Боне другое дыханне. Каралева ўсяляк заахвочвала таленты, марыла пра славу гасударыні-мецэнаткі і асветніцы. Але лёсам ёй была прадвызначаны зусім іншая роля і зусім іншая слава.

Жыгімонт Ібыў чалавекам мудрым, уважлівым, спагадлівым, справядлівым і сумленным. Аднак узрост дадаў яму павольнасці і асцярожнасці. І гэтым скарысталася Бона. Хутка прыдворныя сталі сцвярджаць, што кароль без каралевы не прымае ніводнага рашэння. Уладнай Боне Сфорца не магло не падабацца яе каралеўскае становішча. І яна замацавала яго нараджэннем сына. Каралевіча назвалі Жыгімонтам Аўгустам. І хаця і да, і пасля яго ў Боны нараджаліся дзеці, – чатыры дачкі, гэтае дзіця заставалася самым любімым.

Сужэнец Боны быў элекцыйным, гэта значыць, выбарным манархам. Таму каралева не мела ніякай упэўненасці, што іх сын пасля смерці бацькі зменіць нябожчыка на прастоле. Бона вырашыла скарыстацца аўтарытэтам Жыгімонта І у падданых і паспрабаваць дабіцца яшчэ пры яго жыцці элекцыі сына – зрабіць Жыгімонта Аўгуста саправіцелем. Прычым ёй было ўсё роўна, якая дзяржава, Каралеўства Польскае ці Вялікае княства Літоўскае прызнае яго сваім манархам, бо існаваў дакумент, згодна з якім каралём польскім і вялікім князем літоўскім можа быць толькі адзін і той жа чалавек. Бона Сфорца рашыла, что лягчэй будзе дамагчыся жаданага ў Вялікім княстве Літоўскім. Урэшце непаўналетні каралевіч стаў вялікім князем літоўскім.

Пасля гэтага палякі проста вымушаны былі абраць яго і каралём польскім. 26 лютага 1530 года Жыгімонт Аўгуст быў каранаваны ў каралеўскім замку на Вавелі (у прыгарадзе Кракава). Палякі і літвіны, атрымаўшы двух каралёў з аднолькавымі імёнамі, дадалі да імя караля-бацькі прозвішча Стары, з якім ён і ўвайшоў у гісторыю.

Бона Сфорца дабілася свайго. Можна было б і адпачыць. Але характар каралевы патрабаваў няспыннай дзейнасці. Яна лабіравала прыняцце закона аб перадачы польскай кароны ў спадчыну. Яшчэ больш намаганняў накіравала Бона на павелічэнне свайго дабрабыту. Атрымала велізарныя зямельныя ўладанні, у асноўным на Беларусі, значную колькасць з іх – праз суды і канфіскацыю. Бона ўмела знайсці патрэбных сведкаў. Каб аслабіць буйных землеўладальнікаў, яна аказвала падтрымку мясцовай шляхце, абараняючы яе ад магутных суседзяў. Ва ўласных уладаннях энергічна вяла гаспадаранне. Узводзіла храмы і замкі, школы і лякарні. Ажыццяўляла спробы меліярацыі зямель, дапамагала засваенню пустэчаў і развядзенню садоў. Тым, хто займаўся гэтымі справамі, надавала шматлікія ільготы. Палешукі празвалі Бону «Каралевай Палесся» .

Бесперапынная барацьба, якую яна вяла, закаляла яе характар і яшчэ больш умацоўвала жаданне ўладарыць. Прычым гэтае жаданне распаўсюджвалася і на ўласную сям’ю. На дочак каралева глядзела, як на шахматныя фігуры ў палітычнай гульні. Менавіта па віне маці не склаліся ні характар, ні асабістае жыццё ў Жыгімонта Аўгуста. Юнак, увянчаны і вялікакняжаскай, і каралеўскай каронамі, не выказваў ніякай цікавасці да палітыкі. Яшчэ меньш яго вабілі ваенныя справы. Магнаты папракалі Бону, што малады кароль «…па-пустому бавіць час уКракаве ў абкружэнні паненак, у песнях і танцах». Маці рэўнасцю і прыдзіркамі звяла ў магілу першую жонку сына Элізабэт Габсбург. Другая, красуня Барбара Радзівіл, кажуць, і наогул была атручана сваёй злоснай свякроўю. У барацьбу супраць Барбары Бона ўцягнула і свайго мужа, караля Жыгімонта Старога. У манарха не вытрымала сэрца, і пасля адной са сварак з сынам ён памёр.

Думаючы, што аказвае Жыгімонту Аўгусту паслугу, пазбаўляючы яго ад нявартых, на яе погляд, жонак, Бонане разумела, што калі-небудзь яе супрацьстаянне волі дарослага мужчыны выкліча ў яго сапраўдную нянавісць. І яна канчаткова яго згубіць. Так і здарылася – Жыгімонт Аўгуст узненавідзеў маці. Вайна паміж каралевай і сынам станавілася ўсё больш яўнай. З лютага 1556 года каралева, адмовіўшыся адзначаць свой 62-і дзень нараджэння, загрузіла 24 вазкі золатам, срэбрам і іншымі каштоўнасцямі з польскай казны і назаўжды пакінула дзяржаву сына.

Яна выбрала Венецыю, дзе пасялілася ў палацы свайго кузена, герцага Ферары. Потым перабралася ў родны горад Бар. Там яна з усім пылам італьянкі праклінала сына. Зрэшты, глыбокія перажыванні ніяк не адбіліся на здароўі Боны. Гэтая жанчына мела, як сведчыць яе ліст, датаваны 29 кастрычніка 1557 года, «…з літасці Божай найлепшае здароўе». Таму загадкава выглядае яе раптоўная смерць усяго праз некалькі дзён пасля напісання гэтых слоў. Шэраг даследчыкаў лічаць, што яна была атручана па загаду караля іспанскага і неапалітанскага Філіпа ІІ, які імкнуўся завалодаць Барам. І што быццам бы атруту заместа лекаў яна атрымала ад свайго даверанага ўрача Монці, які быў саўдзельнікам многіх ранейшых злачынстваў каралевы. Так замкнулася кола часу…

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.