Видео реклама

 

Паданне

Падземная царква

Падземная царква

Ёсць у Карэліцкім раёне, паміж вёскамі Турэц і Пузяневічы, дзіўны ўзгорак. Калі прыкласці да яго вуха, дык можна пачуць аднекуль з самога цэнтра зямлі далёкі звон. Шмат чаго расказваюць людзі пра гэтае месца. Але самы дзіўны аповед – пра падземную царкву.

Быццам некалі тут стаяла драўляная царква-прыгажуня. І вёў службу ў ёй красамоўны поп – айцец Аляксандр. Шчодра Бог адорыў свайго служку. Даў яму высокі рост, прыемную знешнасць, густы гучны голас ды светлы розум. Але, мабыць, палічыўшы, што гэтага будзе занадта, паслаў Гасподзь айцу Аляксандру сур’ёзнае выпрабаванне. Ім стала маладая пападдзя, матушка Аляксандра.

Надта ўжо прыгожай была гэтая жанчына. Твар у яе быў пяшчотны, нібыта ў атракавіцы, стан стройны. Хадзіла матушка сціпла, апусціўшы вочы долу, і пахла ад яе ладанам. Таму меркавалася людзям, што характар у паповай жонкі, як у святой. І толькі айцец Аляксандр ведаў, што нават думкі пра Бога ў галаве ў пападдзі няма. Марыла матушка адно толькі пра ўладу над людскімі сэрцамі. А ўлады і пакоры, лічыла яна, жанчына можа дабіцца толькі ад закаханага мужчыны. Тады паставіла перад сабою прыгожая матушка Аляксандра мэту ператварыць усіх мужчын мястэчка ў паслухмяных слуг сваіх. Закаханых слуг, гатовых ледзь не маліцца на яе. І ёй гэта амаль што ўдалося. Толькі адзін чалавек, малады карчмар Антось не хацеў звяртаць увагі на красу паповай жонкі. І гэта біла па гонары матушкі Аляксандры. Вырашыла яна дзейнічаць больш рашуча.

Доўгімі і таямнічымі падаюцца зімовыя вечары, калі ў натопленай хаце патрэсківаюць дровы ў пячы, на стале стаяць кубкі з духмянай гарбатай, а насупраць сядзіць маладая прыгожая гаспадыня і прагна слухае госця…

Матушка Аляксандра ўгаварыла мужа, каб ён запрасіў карчмара Антося ў госці. Яна разлічвала прыемнай размовай урэшце зачараваць непадатнага. Карчмар не быў чалавекам скрытным. Са слоў яго зразумела пападдзя, што пакутуе Антось ад граха срэбралюбства. А значыць, спадабацца яму магла б толькі такая жанчына, якая дапамагла б яму разбагацець.

– Скажыце, Антось Адамыч, – ласкава пытаецца матушка, – ці не павялічыўся б ваш даход, каб карчма знаходзілася ў такім месцы, куды звычайна сцякаюцца натоўпы паломнікаў?

– Такое шчасце мы нават і ўявіць не можам, – з ахвотай адказвае карчмар. – А ёсць жа людзі, якім шанцуе. Вось хаця б мой швагер. Ён мае кандытарскую лаўку ў Полацку, недалёка ад сабора Святой Сафіі. Які ж ён багаты і паважаны чалавек!

– Ну а калі б вялікая святыня з’явілася ў нашых мясцінах?

Ад карчмара не хаваецца хітрая ўсмешка паповай жонкі.

– Хіба толькі вашымі маленнямі, матушка, – цалкам добрапрыстойна адказвае ён і дорыць пападдзі доўгі ласкавы позірк.

Даўно ўжо спела ў галаве матушкі Аляксандры думка пра тое, каб паказаць дзіва Гасподняе даверлівым прыхаджанам. Яна ўжо падлічвала, колькі грошай можа прынесці гэта прыходу. Размова з карчмаром канчаткова пераканала яе ў неабходнасці падману.

З таго часу не стала жыцця няшчаснаму айцу Аляксандру. Маліла, дакарала, пілавала жонка мужа. І здаўся поп. З вечара зачыніўся ў царкве і нешта рабіў там да раніцы. А праз два дні, у светлае свята Нараджэння Хрыстова заплакала ікона Багародзіцы. І калі ўражаныя людзі звярнуліся за тлумачэннем дзіва гэтага да айца Аляксандра, ён сказаў ім:

– Шмат грашыце, дзеці мае. Плача аб лёсе вашым Багародзіца. Замольвайце ж грахі вашы, нясіце ў храм Божы ахвяраванні, не скупіцеся!

І пацягнуліся чародкаю «грэшнікі» ў царкву паглядзець на дзіва ды памаліцца аб душы сваёй перад святыняй, якая плача.

Бедны поп ніколі не трымаў у руках столькі грошай. Бляск багацця асляпіў яго, і нячысцік завалодаў айцом Аляксандрам настолькі, што нават згрызоты сумлення за вялікую хлусню зніклі. Не менш быў задаволены і карчмар, да якога цяпер заходзіла шмат паломнікаў. Але больш за ўсіх радавалася маладая пападдзя, таму што цяпер ужо не было ў мястэчку ніводнага мужчыны, які б не глядзеў на яе з захапленнем.

Адбіралі ў людзей усё да апошняга граша канчаткова звар’яцелыя ад багацця поп, пападдзя ды карчмар. Не адну сям’ю разарылі яны, не аднаго чалавека пусцілі па свеце з працягнутай рукою. І грэх іхні стаў такі цяжкі, што не пад сілу стала зямлі трымаць яго на сабе.

Аднойчы, адразу пасля нядзельнай службы, поп і пападдзя затрымаліся ў царкве, каб падлічыць прыбытак. І раптам затрэслася зямля, загрымеў гром, пагаслі лампадкі і правалілася царква разам з абодвума грэшнікамі проста ў апраметную. У той жа час полымя ахапіла карчму, і дарэмна гаспадар спрабаваў спыніць агонь – згарэла яна датла. З тых часін і стаў чутны падземны звон на ўзгорку паміж вёскамі Турэц і Пузяневічы. Старыя кажуць, гэта падаюць голас званы апаганенай грахом царквы на пацеху чарцям. І гучней за ўсё ён у свята Нараджэння Хрыстова.

Теги: архив  паданне  
 
Малюнак А. Марачкіна

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.