Видео реклама

 

Падзея

«Час Брачыслава»

«Час Брачыслава»

У 1021 годзе, 990 гадоў таму, полацкі князь Брачыслаў здзейсніў пераможны паход на Ноўгарад, вотчыну вялікага князя кіеўскага Яраслава Мудрага. Вынікам стала сутыкненне князёў на рацэ Судамір і наступнае замірэнне іх, падзел старажытнарускіх земляў і падпісанне дамовы аб узаемадапамозе.

Князь Брачыслаў Ізяславіч – адна з тых постацяў, сведчанні пра якую ў летапісах пакідаюць шмат пытанняў і падстаў для роздуму. Яго гісторыя пачалася ў 1003 годзе, калі лепшыя полацкія мужы вырашылі на вечы пасадзіць на княжаскі прастол трохгадовае дзіця, малодшага сына рана памерлага Ізяслава Уладзіміравіча, унука гаротнай Рагнеды. Ён быў апошняй надзеяй аднавіць дынастыю Рагвалодавічаў – няхай і па кудзелі. І злітаваліся Нябёсы над крывічамі з берагоў Палаты, пакінулі ім дзеля суцяшэння Брачыслава.

Як толькі князь увайшоў ва ўзрост, палачане мусілі заклікаць яго да слаўных баявых паходаў. Брачыслававым суседам у тыя часы быў стары латгальскі князь Дзвін. Ён валодаў землямі ў прыгожым азёрным краі на поўначы сучаснай Беларусі. Полацкі правіцель захапіў іх і пабудаваў тут горад, якому даў сваё імя Брачыслаў (сучасны Браслаў).

Зрэшты, народнае паданне распавядае пра папярэдняе сватаўство Брачыслава да Дзвінавай дачкі Дрывы, пра спаборніцтва жаніхоў, наладжанае Дзвінам, пра замах на жыццё Брачыслава з боку дваіх іншых прэтэндэнтаў на руку латгальскай князёўны. У выніку быў забіты верны отрак князя, юнак Бераст, які, захутаўшыся ў плашч свайго гаспадара, спяшаўся на таемнае спатканне з Дрывай. Даведаўшыся пра пагібель яго, князёўна нібыта скончыла жыццё самагубствам, кінуўшыся ў азёрныя хвалі. А бацькі яе не перажылі смерці дачкі, і вось тады, распавядае паданне, Брачыслаў і прыняў уладу над землямі Дзвіна. Ён ператварыў горад Брачыслаў у фарпост, аднак гэта быў толькі пачатак вялікіх спраў.

«Эймундава сага», старажытная скандынаўская першакрыніца, складальнік якой, вараг Эймунд, жыў у XIстагоддзі і служыў сваім мечам рускім князям, сцвярджае, і многія даследчыкі з гэтым згаджаюцца, што малады Брачыслаў дабіўся кіеўскага прастола, які ўтрымліваў за сабою «тры зімы». Сапраўды, як нашчадак старэйшага з сыноў Уладзіміра Хрысціцеля Ізяслава, пасля Уладзіміравай смерці Брачыслаў мог прэтэндаваць на кіеўскае княжанне. І тут нават полацкае баярства, якое настойліва лічыла свайго правіцеля Рагвалодавічам, магло раптам «прыгадаць», что ён таксама і Уладзіміраў унук. Атрымаць праз Брачыслава Кіеў і, магчыма, пасля падпарадкаваць яго Полацку было б вялікай перамогай для палачан. На карысць таго, што Брачыслаў сапраўды дабіўся вялікакняжаскага прастола, сведчыць наяўнасць у Кіеве «двара Брачыслаўля». Ён прыгадваецца ў летапісах у сувязі з падзеямі пазнейшых часоў. Але вось калі сапраўды магло стацца тое, пра што распавядае сага?

Калі заўгодна, толькі не ў 1015 годзе– не ў год смерці Уладзіміра! Пра падзеі, якія папярэднічалі гэтаму, у крыніцах рускіх і замежных – разыходжанні. Дакладна вядома толькі тое, што Уладзімір, абурыўшыся паводзінамі сына свайго Святаполка, якога дрыгавічы схілілі да саюза з польскім каралём Баляславам, звязніў яго ў кіеўскай турме. У вязніцы апынулася і жонка Святаполка, польская каралеўна, Баляславава дачка са сваім духоўнікам, каталіцкім епіскапам Рэйнбэрнам.

Пасля паведамлення пра звязненне Святаполка рускія летапісы пераключаюцца на іншыя падзеі. Расказваюць пра непаслушэнства Уладзімірава сына Яраслава Наўгародскага, які адмовіўся плаціць даніну. Уладзімір пачаў збірацца паходам на Ноўгарад, але раптоўна разхварэўся і памёр. І прастол тут жа аказаўся заняты Святаполкам, якому ўдалося не толькі захаваць у тайне ад усіх Уладзіміравых сыноў смерць бацькі, але і забіць трох сваіх братоў, падаслаўшы да іх наёмных забойцаў.

Такі аповед выклікае шмат пытанняў. І на некаторыя з іх дае адказ нямецкі храніст Цітмар Мерзенбургскі, які памёр у 1018 годзе і, значыць, быў сучаснікам падзей. Ён распавядае, што пасля звязнення Святаполка і яго жонкі польскі кароль паспяшаўся заключыць саюз з германскім імператарам. Аб’яднанае польска-германскае войска выправілася на Кіеў і захапіла яго. Зрэшты, ні рабаваць горад, ні распраўляцца са старым Уладзімірам пераможцы не сталі. Яны толькі дабіліся вызвалення вязняў і прызначэння Святаполка суправіцелем кіеўскага князя.

Калі так, то зразумела, чаму Яраслаў дэманстратыўна выказаў непавінавенне. Гэтак ён абараняў правы бацькі. І Уладзімір не мог не разумець таго. Значыць, войска на Яраслава загадаў збіраць усё ж такі Святаполк. Даказваюць гэта Святаполкавы паводзіны пасля раптоўнай смерці Уладзіміра. Ён чамусьці загадвае ўсім сведкам канчыны князя захоўваць гэта ў тайне. Нават цела Уладзіміра выносяць з церама таемна, ноччу, праз вакно… Можа, смерць гэтая была гвалтоўнай? Можа, Святаполк атруціў бацьку, які супрацівіўся паходу? Не выключана.

Як бы там ні было, але прастол аказаўся цалкам ў руках Святаполка. І ён тут жа пачаў пазбаўляцца ад братоў, якія маглі б выступіць яго супернікамі. Гэтак загінулі Барыс і Глеб, сыны Уладзіміра ад візантыйскай царэўны Анны. Гэтак ледзь не загінуў Яраслаў Наўгародскі, другі сын Рагнеды, родны дзядзька Брачыслава Полацкага. Але з барацьбы пераможцам дадзена было выйсьці менавіта Яраславу.

У 1019 годзе братазабойца Святаполк быў выгнаны з Кіева і загінуў, змучаны цяжкай душэўнай хваробай, дзесьці на мяжы чэшскіх і польскіх земляў. Яраслаў быў гатовы прыняць вялікакняжаскі прастол. Трэба думаць, менавіта тады і з’явіўся ў Кіеве як адзін з прэтэндэнтаў на вялікакняжаскую шапку малады Брачыслаў.

Аднак рускія летапісы сцвярджаюць, што вялікім князем кіеўскім стаў менавіта Яраслаў. Дык, можа, дзядзька і пляменнік згадзіліся на суправіцельства, як да гэтага Уладзімір і Святаполк? Гэта падаецца верагодным. Пасля барацьбы са Святаполкам Яраслаў не адчуваў сябе дастаткова моцным, каб уступіць у бойку за прастол яшчэ і з пляменнікам, таму мог прапанаваць яму падзяліць уладу.

Узвышэнне Брачыслава да становішча вялікага князя кіеўскага мусіла ператварыць яго ў завіднага жаніха. Але рускія летапісцы не называюць імя той, што стала жонкай Брачыслава. Тым не менш даведацца пра гэта можна. У ХІ стагоддзі ў Германіі жыў канонік Адам Брэменскі. Па загаду свайго епіскапа ён склаў хронікі дзеянняў хрысціянскіх святароў у Скандынаўскіх землях. Безумоўна, туды ўвайшло нямала цікавых гістарычных сведчанняў і наконт дзеянняў дацкіх, шведскіх і нарвежскіх конунгаў. Кніга атрымалася цікавай, і ўжо ў тым жа ХІ стагоддзі яе некалькі разоў перапісвалі дзеля патрэб царкоўных і свецкіх асоб высокага становішча. Адзін з перапісчыкаў, таксама вельмі дасведчаны чалавек, дапоўніў працу Адама Брэменскага цікавымі гістарычнымі каментарыямі. І вось у адным з іх сцвярджаецца, што дацкі конунг Кнут Вялікі «аддаў у жонкі сястру сваю Эстрэль за сына караля Русіі».

Безумоўна, «каралём Русіі» датчане павінны былі называць вялікага князя кіеўскага. Сучаснікам Кнута Вялікага з’яўляўся Яраслаў Мудры. Але нават самы старэйшы з яго сыноў быў на 20гадоў маладзейшым за дацкую нявесту. Аднак дацкая каралеўна была аднаго ўзроста з Брачыславам, яна нарадзілася, як і ён, у1000 годзе. Ды і дзядзька цалкам мог, згодна этыкету таго часу, на важных прыёмах перад іншаземцамі велічаць пляменніка сынам.

Эстрэль мусіла прыбыць у Кіеў з багатым пасагам і шматлікай світай. Датчанку павінна было радаваць сваяцтва з дачкой шведскага конунга Інгігердай, на якой жаніўся Яраслаў. Яны маглі нават пасябраваць. Толькі сяброўства гэтае ў любым выпадку не сталася доўгім. Вельмі хутка Яраслаў выгнаў пляменніка са сталіцы і пачаў правіць самастойна.

Ці мог змірыцца з такой крыўдай малады Брачыслаў, за спіною якога стаялі дзейсныя палачане? Безумоўна не. І вось у «Аповесці мінулых гадоў» з’яўляецца запіс: «Прыйшоў Брачыслаў, сын Ізяслава, унук Уладзіміра, на Ноўгарад, і ўзяў Ноўгарад, і, захапіўшы ноўгародцаў і іх набытак, пайшоў да Полацка. І калі прыйшоў ён да ракі Судомір, Яраслаў з Кіева на сёмы дзень тут дагнаў яго. І перамог Яраслаў Брачыслава, і ноўгародцаў вярнуў у Ноўгарад, а Брачыслаў пабег да Полацка.»

Але пераможца Яраслаў не рушыў пасля вызвалення Ноўгарада на Полацк. Сафійскі і Васкрасенскі летапісы распавядаюць, што дзядзька нечакана выклікаў пляменніка да сябе і, падараваўшы два гарады – Усвяты і Віцебск, прасіў: «Будь жа са мною заадно». Брачыслаў згадзіўся, пакінуў Кіеў дзядзьку і ў далейшым «ваяваў разам з Яраславам усе дні свайго жыцця».

У 1038 годзе Яраслаў задумаў паход на яцвягаў. Верны свайму слову, Брачыслаў далучыўся да яго са сваімі палачанамі. Войска яцвягаў было разбіта, але іх гарады-крэпасці заваёўнікам не здаліся. У 1040 годзе кіеўскі князь звярнуўся да пляменніка з прапановай «пабіць Літву». Галоўная бітва з літоўцамі адбылася «на палях слонімскіх». Саюзнікі-князі атрымалі перамогу. Літва пачала плаціць ім даніну. Але Брачыслаў не мог не бачыць, як блізка да яго ўладанняў падбіраецца хітры дзядзька. Руплівы айчынны даследчык Мікола Ермаловіч лічыць, што ў сувязі з гэтымі падазрэннямі полацкага князя паміж ім і Яраславам магла быць заключана «пэўная дамова, згодна з якой Яраслаў абавязаўся не пранікаць далей у Літву. Не выключана таксама, што тэрыторыя Літвы, гаворачы сучаснай мовай, была падзелена на сферы ўплыву паміж Кіевам і Полацкам».

Брачыслаў мусіў мець канкрэтныя, смелыя і дзёрзкія планы далейшага ўмацавання Полацкага княства. Ён не паспеў іх ажыццявіць, бо памёр у 1044 годзе ў росквіце сваёй славы. Але ён зрабіў самае галоўнае – аднавіў дынастыю Рагвалодавічаў; пакінуў пасля сябе падрослага пераемніка – сына Усяслава, народжанага ў шлюбе з Эстрэль Дацкай; прымусіў русічаў зноў загаварыць пра магутнасць і славу Полацка. Гістарычны перыяд, названы «Часам Брачыслава», – пераломны момант эпохі, з якога продкі нашы выйшлі пераможцамі і пад час якога заклалі фундамент для палітычнага і культурнага росквіту сваёй зямлі.

Теги: архив  падзея  
 
Малюнак А. Кашкурэвіча

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.