Видео реклама

 

Сведкi часу

Салдат з Трэптаў-парка

Салдат з Трэптаў-парка

Без сумнення, ва ўсім свеце вядомы помнік савецкаму салдату-вызваліцелю, які размешчаны ў берлінскім Трэптаў-парку. Ён лічыцца адначасова і сімвалам перамогі Савецкай арміі над фашызмам, і сімвалам высакароднасці. Чалавечнасці вызваліцеляў. Так, гэта сімвал. Аднак гэта і помнік канкрэтнаму чалавеку. Таму самаму, які аддаў сваё жыццё, ратуючы нямецкую дзяўчынку на вуліцы Энгельштрассэ.

Да нашых часоў на гэтай вуліцы захавалася дагледжаная, упрыгожаная жывымі кветкамі стэла з надпісам: «Трыфан Андрэевіч Лук’яновіч, старшы сяржант Савецкай арміі, выратаваў на гэтым месцы 29 красавіка 1945 года нямецкае дзіця ад кулі эсэсаўцаў. Вечны гонар і слава яго памяці».

А ў Мінску, на праспекце Незалежнасці, на сцяне аднаго з будынкаў прыборабудаўнічага завода размешчана мемарыяльная дошка з барэльефнай выявай савецкага салдата з дзяўчынкай на руках працы славутага беларускага скульптара Заіра Азгура. Бо Лук’яновіч – колішні рабочы гэтага прадпрыемства, якое ў тыя часы называлася радыёзаводам імя У. І. Леніна. Менавіта адсюль ён быў прызваны ў армію.

У 1944 годзе пасля чарговага ранення Трыфан быў прызнаны нягодным да вайсковай службы. З нашыўкамі старшага сяржанта на пагонах, некалькімі ордэнамі ды медалямі на грудзях прыехаў Лук’яновіч у толькі-толькі вызвалены Мінск. Замест горада-прыгажуна ўбачыў руіны. І не знайшоў нікога з родных. Уся яго сям’я – жонка, дзве маленькія дочкі, цешча, якую ён называў «мамаю», як аказалася, загінулі яшчэ ў першыя дні вайны. У іх дом трапіла бомба. А маці і сястру, якія жылі ў вёсцы пад Мінскам, забілі фашысты пад час чарговай карнай аперацыі. Счарнелы ад гора салдат накіраваўся наўздагон сваёй дывізіі, распавёў камдыву пра сваю бяду і папрасіўся зноў у строй. Дазволілі. Не маглі адмовіць. Не мелі ніякага маральнага права.

Многія савецкія байцы, дайшоўшы да Германіі, казалі самі сабе: ну, вось яно, фашысцкае логава – будзем біць іх водпрыскаў і іх фраў, як яны білі нашых, – бязлітасна! Але чамусьці шкадоба адольвала іх, загрубелых у баях, апаленых вайной, калі даводзілася бачыць заплаканых фраў, стомленых старых, пастаянна галодных дзяцей… Помсціць ім? Ды мы ж не фашысты!

29 красавіка 1945 года ў дывізію, якая вяла баі на подступах да рэйхстага, завітаў ваенны карэспандэнт газеты «Правда» Барыс Палявой. Было вырашана, што суправаджаць журналіста на перадавую будуць яфрэйтар Ціхаміраў і старшы сяржант Лук’яновіч. Гаворкі валжанін Міхаіл Ціхаміраў расказаў «пісаку» не толькі сваю ваенную біяграфію, але паведаміў і тое-сёе пра лёс свайго таварыша. Палявой па звычцы занатаваў збольшага пачутае. Нават апісаў прыкметы Трыфана: «Хударлявы, бялявы, уладальнік раскацістага баса». У той жа дзень ваенкор стаў сведкам подзвігу, які здейсніў гэты чалавек.

А вось што ўспамінала тэлефаністка штаба дывізіі Маша Піскунова:

– Усё гэта адбылося на маіх вачах, – прыгадвала яна ў адным са сваіх лістоў у Мінск. – Пішу – і здаецца, бачу моцнага салдата. Які бяжыць з дзіцем проста на нас… Але куля дагнала яго. Мне перадалі перапалоханую дзяўчынку. Лук’яновіч ляжаў побач на плашч-намёце. Мы ўсе плакалі: імгненне – і няма чалавека… Трыфана накіравалі ў шпіталь. А мы, сувязісты Рая Гадун, Маша Беражная і я, захуталі дзяўчынку ў нейкую коўдру, хлопцы прынеслі салдацкай кашы… Не памятаю, колькі яна была з намі: мы, перадаючы яе адна адной, беглі на ліквідацыю абрыву правадоў сувязі – навокал ішлі баі. Потым дзяўчынку перадалі жанчыне, якая жыла ў Трэптаве. Канешне, нам трэба было хаця б прозвішча гэтай жанчыны запісаць, але тады было не да запісаў…

Лук’яновіча паспелі жывым даставіць у шпіталь. Але выратаваць яго медыкі не здолелі. Тут, у шпіталі, героя наведаў уражаны Барыс Палявой. Ён паспеў пагаварыць з Трыфанам і нават занатаваць апошнюю просьбу паміраючага: «Перадайце пры выпадку прывітанне хлопцам з мінскага радыёзавода. Там павінны памятаць Трышку Лук’яновіча…»

І сапраўды, знайшліся на заводзе тыя, хто памятаў яго. У завадскім музеі баявой і працоўнай славы сабраны ўспаміны не толькі тых завадчан, што ведалі Лук’яновіча да вайны, але і дзесяткі пісьмаў франтавікоў, відавочцаў подзвігу. Памяць пра Лук’яновіча ўвекавечана і ў назве адной з вуліц беларускай сталіцы. А яшчэ ў словах чалавека, які ў якасці ваеннага карэспандэнта газеты «Правда» усе ваенныя гады правёў у дзейсных войсках, нярэдка ў самых небяспечных месцах. Чалавека, які пабачыў і апісаў шмат гераічнага і нямала трагічнага – Барыса Палявога: «Я ўбачыў тое, што назаўжды засталося ў маёй памяці як самы вялікі ўспамін пра мінулую вайну».

***

Аказваецца, яшчэ да капітуляцыі гітлераўцаў у Берлін быў накіраваны вядомы савецкі скульптар Яўген Вучэціч. Ён мусіў агледзець горад, выбраць зручнае месца для манумента Перамогі, натхніцца і… стварыць праект велізарнага помніка Сталіну з глобусам у руцэ. Скульптар выбраў знакаміты берлінскі парк, размешчаны ва ўсходняй частцы горада на беразе Шпрэе ў раёне Альтаў-Трэптаў. Трэптаў-парк быў створаны ў канцы XIXстагоддзя па праекце дырэктара гарадскіх садоў Іягана Майера. Немцам падабалася прыходзіць сюды займацца спартыўнымі гульнямі на спецыяльна створаным для гэтага вялікім лузе 250 метраў у даўжыню і 100 метраў у шырыню. Вось гэты луг і ўказаў Вучэціч уякасці найбольш спрыяльнага месца для манумента. Аднак, пабачыўшы рэальных герояў і сапраўдны гераізм, скульптар упэўніўся ў тым, што манумент не павінен быць чарговым помнікам Іосіфу Вісарыёнавічу. Сустрэча з Барысам Палявым падказала геніяльнае рашэнне: салдат з уратаваным дзіцем на руках у позе Рафаэлеўскай «Сіксцінскай мадонны» – самага славутага жывапіснага твора, што захоўваўся ў музеях Германіі (гэтая карціна, дарэчы, ледзь не загінула па віне нацыстаў, яе ўратавалі і вярнулі Германіі савецкія салдаты).

Постаць салдата была настолькі магутнай, і ўся кампазіцыя выглядала так пераканаўча, што,разглядаючы абодва праекты, прадстаўленыя Вучэцічам, Сталін адхіліў ідэю помніка сабе любімаму. Аднак унёс прапанову:убраць з рук салдата аўтамат і даць яму багатырскі, былінны меч. Няхай гэтым мечам воін-ратавальнік папірае фашысцкую свастыку. Меч арганічна ўпісаўся ў кампазіцыю – яго ляпілі з сапраўднага сярэднявечнага меча, што належаў бліжэйшаму паплечніку Аляксандра Неўскага, пскоўскаму князю Гаўрыле Алексічу. Складаней за ўсё было рашыць, якім павінен быць твар бронзавага салдата. Скульптар доўга распытваў Палявога, як выглядаў Трыфан Лук’яновіч, але ніякіх асаблівасцяў знешнасці акрамя таго, што яна была чыста славянская, журналіст не памятаў. Вось постаць – сапраўды. Постаць была багатырская. Нечакана скульптару паведамілі, што днём пазней, 30 красавіка, тут жа, у Берліне, але на іншай вуліцы – недалёка ад аэрадрома Тампельхоф, іншы салдат, украінец Мікалай Масалаў, таксама вынес з-пад агня нейкую дзяўчынку. Масалаву пашанцавала больш, чым Лук’яновічу. Ён нават не атрымаў ранення. Аднак знешнасць Масалава Вучэцічу падалася непадыходзячай. У якасці натуршчыка ён абраў урэшце прыгожага і спартыўнага дэсантніка Івана Адарэнку з Тамбова. А дзяўчынку рабіў з дачкі савецкага афіцэра, прызначанага камендантам Берліна. Цікава, што мармур для пастамента быў знойдзены ў адным з сакрэтных бункераў. Яго трымалі, каб пасля перамогі гітлераўскай арміі паставіць у нямецкай сталіцы помнік, які праслаўляў бы фашызм. Не атрымалася!

А як жа дзяўчынкі? Кім яны былі? Мікалай Масалаў, якому лёс адпусціў доўгае жыццё, усё марыў знайсці «сваю». Аднак на яго запыты з Германіі прыйшло… каля 200 пісьмаў. Нямецкія жанчыны і нават нямецкія мужчыны пісалі пра тое, як у Берліне іх гадавалых (двухгадовых, пяцігадовых, сямігадовых) вынеслі (вывелі, вывезлі на машыне ці танку) з-пад агня і ўратавалі ад смерці рускія салдаты (афіцэры), пехацінцы (танкісты, артылерысты, санінструктары). Але хто з гэтых нямецкіх дзяцей была яго дзяўчынка, Масалаў так і не знайшоў. Што ж датычыцца дзяўчынкі Трыфана Лук’яновіча, дык тут даследнікам пашанцавала. Толькі адна асоба заявіла пра тое, што яна была ўратавана на Эльзенштрассэ. Імя яе – Рэната Каль. Пасля вайны і да самай смерці яна жыла ў Карл-Маркс-Штадце. І ніколі не забывала, як, ужо атрымаўшы смяротнае раненне, з апошніх сіл савецкі салдат нёс яе да ратавання, як крывёю яго афарбавалася яе белая сукеначка і якім незвычайна добрым, амаль бацькоўскім быў позірк яго блакітных славянскіх вачэй…

 
Фота: Аляксандр Шкаруба

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.