Пра сябе ён кажа – хуліган, а ўсіх астатніх называе сымпатычнымі. Вялікай несправядлівасцю лічыць тое, што яго стала замнога ў беларускай паэзіі, а свае «сны» называе «несіметрычнымі». Пра тое, чаму беларускі ў авангардзе, а жаночы погляд на жыццё – гэта недасягальны ідэал, распавёў «ЖЖ» Андрэй ХАДАНОВІЧ.
Даведка «ЖЖ»
Андрэй ХАДАНОВІЧ– беларускі паэт, эсэіст, перакладчык, выканаўца песень, выкладчык замежнай літаратуры ў БДУ і старшыня беларускага ПЭН-цэнтру. Удзельнік разнастайных літаратурных фестываляў. Актыўны прапагандыст маладых беларускіх літаратараў.
– Чым зараз заняты паэт Андрэй Хадановіч?
– Акрамя напісання вершаў і выкладання на родным філфаку, займаюся перакладамі добрых паэтаў-класікаў, а таксама сучаснікаў, маіх калегаў і сяброў. Ужо падрыхтаваны зборнік «Разам з пылам», які, спадзяюся, выйдзе ў недалёкай будучыні. У ім сабраны мае пераклады паэзіі з сямі моў: французскай, англійскай, нямецкай, польскай, украінскай, рускай, а таксама пару перакладаў паэзіі старажытнага Рыму. Апрача таго, перакладаю з літоўскай і грузінскай моў. У апошнія гады ўсё часцей перакладаю сучаснікаў. Класіка – гэта, канешне, стопудовая скарбонка, але з сучаснікамі лягчэй, бо яны на мэйлы адказваюць і могуць патлумачыць штосьці. Гэта маё трагічнае адкрыццё: Бадлер, мой любімы паэт, не адказвае на мэйлы, пішу яму, пішу, а ён не адказвае… па тэхнічных прычынах :).
Што яшчэ раблю? Пішу эсэ пра паэзію. Бо французу ці англічаніну ацаніць беларускамоўны верш, хоць і перакладзены на яго мову, складана, прасцей пачуць кароткае эсэ пра гэты верш. Гэта адзіны шанец быць зразуметым.
Часам я бываю вядучым літаратурных вечарын, мадэратарам нейкіх сустрэч, куратарам конкурсаў для маладых літаратараў у беларускім ПЭН-цэнтры, старшынёй якога ўжо 2 гады з’яўляюся – калі ўжо ўляпаўся, то павінны штосьці добрае рабіць. А калі казаць сур’ёзна, то ёсць нейкая несправядлівасць у тым, што Андрэя Хадановіча зрабілася замнога ў беларускай паэзіі, яго вельмі часта згадваюць. Таму я асабіста стараюся не толькі са сваімі вершамі раз’язджаць па краіне і за мяжой, але і прапагандаваць сваіх калегаў, якіх я люблю і шаную. Хачу, каб зацікаўлены літаратурай чалавек ведаў не толькі прозвішча Хадановіча, а яшчэ як мінімум дзесяці яго калегаў. Так было б нашмат справядлівей.
А што тычыцца маёй паэтычнай дзейнасці, то ў бліжыйшы час з’явіцца кніга дзіцячых вершаў «Нататкі таткі», прысвечаная маёй дачцэ Алене Андрэеўне, якой чатыры з паловай гадкі. Праўда, спачатку кніга выйдзе на Украіне, у перакладзе на ўкраінскую мову. Дарэчы, такім жа чынам выйшла мая самая першая кніга ў 2002 годзе: спачатку па-ўкраінску ў суседзяў, а праз час – і на радзіме, таму што беларускім выдаўцам крыху не хапае грошай і энэргіі, напэўна.
– Вы да сваёй чатырохгадовай дачкі ўжо так па-даросламу звяртаецеся: Алена Андрэеўна?
– Я да яе так у трэцяй асобе звяртаюся. Яна негалоснае начальства ў нашай сям’і, а іншыя ўжо падладжваюць свае планы пад яе, таму яна Алена Андрэеўна. Вось, скажам, сеў татка папрацаваць за кампутар, і прыходзіць Алена Андрэеўна, залазіць на калені і гаворыць: «А зараз глядзім фоткі!». І, зразумела, свае амбіцыі рабіць нешта іншае я пакідаю пры сабе, і найбліжэйшыя паўгадзінкі паказваю фотаздымкі Алене Андрэеўне. Ну як да яе інакш можна звяртацца ў такіх умовах?!
– Ці змяніла з’яўленне дачкі атмасферу ў вашым жыцці?
– Вы ведаеце, абсалютна так! Я зрабіўся адразу больш нейкі сентыментальны і пачуццёвы. Мы ў XXIстагоддзі саромеемся нейкай шчырасці, нейкай натуральнасці пачуццяў. Мы не скажам проста так: «Я цябе кахаю!», а будзем іранізаваць, хавацца за цытаты. Дык вось ува мне відавочна паменела цынізму. Я гляджу мульцікі ці дзіцячыя фільмы – і ў мяне штосьці ў пераносіцы шчыміць, і часам слязінка нейкая на вока наварочваецца. Я пачаў звяртаць увагу на дробязі, якія прапускаў раней. Я, магчыма, зрабіўся больш уважлівым мужам з нараджэннем дзіцёнка. Калі раней мяне называлі тусоўшчыкам, чалавекам, які шмат часу праводзіць у літаратурных колах, на нейкіх вечарынах, то цяпер імкнуся (хоць усё адно да канца не атрымліваецца) выкройваць больш часу, каб яго праводзіць дома, разам з Марынай і Аленкай. Бо праводзіць час з сям’ёй – гэта кайф!
– Ваш апоші зборнік мае назву «Несімэтрычныя сны». Што гэта за сны?
– Сон – гэта метафара. Гэта мары, якія застаюцца толькі марамі ў рэальнасці. Сон – гэта вершы, таму што мары ў вершах, як у снах, здзейсняюцца. Можа быць, часам мяне і лічаць літаратурным хуліганам, таму што я дазваляю сабе ў вершах з гераінямі жаночага полу таго, чаго не заўсёды, на шчасце для маёй сям’і, дазваляю ў рэальным жыцці. То бок, у вершы, як у сне, пражываеш непражытае ў рэальным жыцці, дазваляеш сабе кавалачак чужога жыцця: пабыць жанчынай ці бабулькай, ці якім-небудзь кітайцам у шанхайскім ліфце або на пекінскай сметніцы. Як сказаў французскі пісьменнік Андрэ Мальро, «мастацтва – гэта антылёс». Гэта не лёс, тое, чаго табе не дадзена, але ты сам дадаеш яго да свайго жыцця.
А «несіметрычныя» сны таму, што сусвет жаночымі вачыма і сусвет мужчынскімі вачыма – яны не супадаюць. У зборніку гэта і адлюстроўваецца. Я ўпершыню тут паспрабаваў паставіць сябе на месца жанчыны, але не думаю, што гэта атрымалася пераканаўча. Усё адно, за гэтым хаваецца мужчынскі погляд. Напрыклад, у вершы «Беларускія мужчыны», дзе я хацеў сатырычна паглядзець на нас, мужчын, вачыма жанчыны, у выніку атрымалася мужчынская самаіронія. Таму я не згодны з меркаваннем, што натхненне і талент не маюць полу. Я ну ніяк не магу перадаць адчуванні цяжарнай жанчыны, у якой пульсуе новае жыццё, альбо напісаць дзіцячую кніжку ад імя Мамы, бо мае нататкі, відавочна, усёткі нататкі Таткі пра бацькоўскія радасці. А жаночы погляд на свет іншы, гэта ідэал, да якога мужчынам не дайсці.
– Існуе стэрэатып, што паэт – гэта такі Дон-Жуан. Вы згодны з гэтым?
– Я думаю, што паэт павінен быць розным, і бывае розным. Калі я пішу пра каханне, я, можа быць, Дон-Жуан. Калі буду пісаць пра сабачку, то, магчыма, буду Герасімам. Зранку я бываю Дон-Кіхотам, калі змагаюся з кавамолкай, маленькім млыном. Са сваёй дачкой Аленай Андрэеўнай я магу быць і Віні-Пухам, і Каралём Лірам. Побач з любай жонкай, у ідэале, хацелася б быць Дон-Жуанам, часам забываючы, што ведаем адно аднаго незлічоную колькасць гадоў, каб была вастрыня закаханасці як упершыню. Такая роля Дон-Жуана мне вельмі сымпатычная.
– Узгадайце сваё першае каханне.
– Яе звалі таксама, як і маю дачку, Аленка і ёй было прыкладна столькі ж год, як Алене Андрэеўне зараз, толькі што я быў аднагодак. Мы ляжалі на суседніх раскладанках у дзіцячым садку. У пэўны момант, незалежна ад майго жадання, відаць, першыя рэфлексы, мая рука пакінула маю коўдру, раптоўна апынулася пад яе коўдрай і ціхенька пагладжвала ёй руку. Выхавальніца бязбожна заўважыла гэта, я быў выцягнуты са сваёй раскладанкі і пастаўлены за гэта ў нейкі цёмны кут. Тады ў мяне было адчуванне чагосьці донкіхотаўскага, пацярпелага за высокія ідэалы кахання… Але, як часам бывае, каханне сярэдняй групы трагічна абрываецца ў старэйшай, а потым каханне старэйшай групы не менш трагічна абрываецца ў першым класе…
– А ці прыходзілася вам дзеля кахання рабіць нейкія дзіўныя ці ненармальныя ўчынкі?
– Рабіў дзеля кахання глупствы: страшна баючыся вышыні – скакаў з высокіх вышак і шлёпаўся аб ваду пузам; плаваў у ластах пад вадой – і ледзьве не трапіў пад вінты баржы; падварочваў нагу, скачачы па нейкіх сценках недабудаваных дамоў… Сёння я б сказаў, што гэты малады чалавек быў прыдуркам.
Аднойчы я змяніў дзеля кахання свой імідж. Будучы школьнікам сярэдніх гадоў, я быў класічным Віні-Пухам: круглашчокі, румяны, з трыццацю кілаграмамі лішняй вагі. Адной субтыльнай паненцы, у якую я закахаўся, вельмі не падабаліся мае параметры, і таму я цэлае лета губіў (а хтосьці скажа: папраўляў) сваё здароўе ў шматлікіх спартовых секцыях. Пасля такога лета я ўвайшоў у новую школу зграбным, спартыўным юнаком. Але ўся фішка ў тым, што зграбнаму юнаку ўжо не хацелася кахання той сцервы, якая пасмяялася з яго таўсценькага і няўклюдага.
Яшчэ такі выпадак быў. Неяк, сімпатызуючы адной інтэлектуалцы з веданнем старажытнагрэцкай і лацінскай моў, я засеў за падручнікі ў Нацыянальнай бібліятэцы. Уявіце сабе ўражанне бібліятэкаркі: уваходзіць малады чалавек у кароткіх шортах у яскравую кветачку, галава па-панкаўску падстрыжаная, і просіць падручнік старажытнагрэцкай мовы. Я думаю, што ў бібліятэкаркі быў разрыў «шаблону»!
Гэта тое, што сходу ўспамінаецца, але прыклады можна множыць.
– Часта бачыце закаханыя ў вас вочы студэнтак?
– Часам здараецца. Абмяжуюся адным фактам. Помню момант, калі ўпершыню прыйшоў з заручальным пярсцёнкам да сваіх студэнтак французскага адзялення. Гэта была сарваная лекцыя! Студэнткі рабілі ўсё што заўгодна: хіхікалі, шмыгалі носам, шушукаліся, абмяркоўвалі… але не слухалі літаратуру французскага асветніцтва, і Вальтэр іх цікавіў у апошнюю чаргу на той момант. Чамусьці факт заручальнага пярсцёнка зрабіўся глыбокай падзеяй для групы.
– Ці даводзілася вам адмаўляць жынчыне?
– Безумоўна. І гэта вельмі непрыемная сітуацыя, бо адчуваеш бязмежную павагу і сімпатыю да чалавека, які, па-першае, наважыўся мець сімпатычныя і неабыякавыя пачуцці да цябе, па-другое, змог пераступіць праз сваю баязлівасць, праз усялякія стэрэатыпы, набрацца мужнасці і прызнацца. Чалавек у момант прызнання голы, неабаронены, максімальна ўразлівы. Адмаўленне такому чалавеку патрабуе пэўнай далікатнасці. Але калі ты не можаш адказаць узаемнасцю жанчыне, то трэба з гэтым нешта рабіць. Я ў такім выпадку спрабую патлумачыць, што страшна далёкі ад таго ідэалу, які з мяне намалявалі, – маўляў, ведала б, паненка, якая толькі што ўздыхнула і пазайздросціла маёй жонцы, як Марыне часам няпроста з вашым пакорным слугой.
–Які літаратурны вобраз жанчыны вы лічыце эталонам жаночасці?
– Ведаеце, паколькі чалавек кожную секунду розны, то і я, у залежнасці ад маіх настрояў, кожны раз шукаю ў літаратуры іншага. Ёсць моманты, калі мне вельмі падабаецца Лаўра, апісаная Петраркам. Мне хочацца кахаць яе здалёк, але, барані Божа, толькі здалёк, не дакранацца да яе рукамі, каб яна лётала ў паветры, а ты, максімум, мог падабраць насавую хусцінку, аброненую ёй, і паднесці. І гэта вяршыня тваіх інтымных хваляванняў. А часам мне хочацца кахаць якую-небудзь какетлівую парыжанку Манон Леско, з усімі амаральнымі наступствамі. Камусьці сёння Кармэн прысніцца, заўтра – Федра, а паслязаўтра – старая Ізергіль ці бабулька-ліхвярка… Чалавек не застрахаваны ад хуліганскіх матываў.
– Чым для вас беларускі адметныя ад іншых жанчын планеты?
– Беларускі – гэта цэнтральнаеўрапейскі тып прыгажосці, да якога адносяцца і ўкраінкі, і чэшкі, і полькі. Гэта найпрыгажэйшыя істоты, з якімі я сутыкаўся. І трэба сказаць, што беларускі тут у авангардзе. Нездарма розныя італьянскія папікі ездзяць сюды ў пошуках шчасця. А беларускія мужыкі-вароны не разумеюць таго шчасця, што ходзіць побач.
З іншага боку, дазволю сабе адно непатрыятычнае назіранне: глыбокім узрушэннем для мяне былі дзесяць дзён у Лацінскай Амерыцы, і, трэба сказаць, нездарма розныя «Міс сусвету» бываюць з Калумбіі, Венесуэлы і падобных краін. Вось паўднёваамерыканская прагажосць таксама мяне кранае – і нават навылёт прабівае.
У жаночым вобразе заўсёды павінна быць гармонія таго, што ўнутры і на паверхні. У гэтым сэнсе беларускі ідэал прыгажосці не кідкі, ад яго, можа быць, не вар’яцеюць з першага погляду. Але гэта штосьці далікатна-таямнічае, інтрыгуючае. Мне падабаецца паэтыка намёку і недамоўленасці ў паводзінах беларускіх жанчын, абяцанне, якое не робіцца табе ў лоб і не ператвараецца ў рэкламны слоган. Элементы старадаўняй сціпласці па-ранейшаму ўпрыгожваюць найлепшую частку беларусак. Гэта мне вельмі падабаецца.
Але з іншага боку, шмат беларускіх прыгажунь маюць адваротны бок сціпласці – закамплексаванасць і заніжаную самаадзнаку. Колькі ў нас цудоўных жанчын і дзяўчат, якія не ведаюць сабе сапраўднай цаны! Часам ім не хапае самаўпэўненасці не хавацца дзесьці ў куточак, а па-каралеўску несці сябе па гэтым свеце.
– Што б вы параілі пачытаць, каб пазнаць жыццёвую мудрасць?
– Зараз нечакана скажу: у апошнюю чаргу літаратуру, асабліва паэзію! Чаму не вучыць паэзія? Паэзія амаль не вучыць нейкай жыццёвай мудрасці. Хутчэй яна вучыць прыгожа рабіць памылкі, а потым згадваць іх – і не раскайвацца пра гэтыя памылкі. (Зрэшты, можа, у гэтым таксама ёсць мудрасць.)
Мудрасці ж вучаць кнігі сур’ёзнейшыя: вечная Біблія, а для кагосьці Каран; можна пачытаць філасофію розных краін і традыцый, старажытную і сучасную. Мудрасць можна пазнаваць, чытаючы дзённікі дасведчаных людзей, якім верыш. Калі гаворка пра мудрасць у беларускай літаратуры, я б параіў чытачкам «ЖЖ» дзённікавыя нататкі патрыярха белліту Янкі Брыля. Або прозу – і ўсё-ткі паэзію! – вельмі сымпатычнага мне аўтара XXстагоддзя Міхася Стральцова. І яшчэ б параіў паэта Максіма Танка, які на прыканцы жыцця пісаў вельмі інтымныя і мудрыя верлібры. Напрыклад, пра старога, які вельмі-вельмі асцярожна стукае кіём па зямлі, бо кожную секунду баіцца ў адказ пачуць «заходзьце». Па-мойму, такія вершы – гэта падручнік мудрасці.
– Дайце свой фірмовы рацэпт шчасця.
– Шчасце – гэта мець моцную матывацыю, нейкую недасяжную мэту, дзеля якой робіш тое, што перавышае твае магчымасці і дазваляе табе зрабіцца лепшым, чым ты быў за секунду да гэтага, у працэсе дасягнення зразумець, што тое, куды ты трапіў, яшчэ цікавей, чым тое, куды ты імкнуўся, і ацаніць гэты падарунак жыцця. Пагнацца за марай, дагнаць і зразумець, што даганяеш непараўнальна лепшае, чым табе здавалася.
У прынцыпе, мова – абмежаваная штука. На шчасце, самыя тонкія моманты шчасця не выразныя словамі.
– А чаго б вам хацелася дасягнуць у бліжэйшы час, якія мары споўніць?
– Хачу дайсці да адкрытага катка і аднавіць навыкі катання на каньках задам-наперад, і пры гэтым не расквасіць у кроў каленкі. Аднавіць амаль забыты досвед сябе баскетбаліста і выкраіць пару гадзінак, каб паганяць гэты мячык у сымпатычным таварыстве на родным філфаку. Выдаць даўгачаканую кнігу «Нататкі таткі» і пачытаць яе, паказваючы прыгожыя малюнкі, Алене Андрэеўне. Знайсці час пачытаць некалькі кніжак, якія вечна адкладаў на потым. Пабачыць некалькіх сяброў, якім увесь час даеш абяцанні сустрэцца, а ўсё ніяк. Пару разоў з’ездзіць у пару сімпатычных краін і радасна вярнуцца дадому. Хочацца верыць, што больш змагу бываць дома, і жонка з дачкой будуць бачыць мяне не толькі на фотаздымках, у інтэрнэт-справаздачах з розных фестываляў, але і ўжывую. Думаю, гэта ўсё вельмі дасягальна.
БЕЛАРУСКІЯ МУЖЧЫНЫ
Беларускі мужчына прыходзіць на свет
у камарыных укусах замест радзімак,
і таму добра ведае: дзе больш балотаў – там больш радзімы.
Беларускі мужчына ўмее апынуцца ў такой багне,
што адтуль ні халеры не выцягнеш, але беларускі мужчына цягне.
Беларускі мужчына выдатна ведае дзесяць бульбяных страваў
і сто дзесяць адмазак не чысціць бульбы,
бо мае шмат іншых справаў.
Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Еўропы,
калі верыць мапе:
у гэтым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына
ляжыць на канапе.
Яго дзед перажыў калгас і меліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга ўзросту і гіперінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.
Беларускі мужчына купляе машыну, прыгнаную з-за мяжы,
і другую палову жыцця шчасліва жыве з ёй у гаражы.
Беларускі мужчына – футбольны фанат. Калі раптам заб’юць мазілы,
шматкватэрны дом патрасаюць пякельныя сілы.
Беларускі мужчына не чуў пра паліткарэктнасць ніколі,
і таму жартуе так смешна, што лепей не слухаць без алкаголю.
Кожны трэці п’е піва, другі кожны трэці – гарэлку, а трэці трэці
разумее: гарэлка без піва – грошы на вецер.
Яго дзед перажыў калгас і меліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга ўзросту і гіперінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.
Беларускі мужчына падасьць жанчыне руку і набудзе кветак,
і аднойчы паабяцае не раскідваць па доме шкарпэтак!
Беларускі мужчына аматар праводзіць выходныя дома.
Часам выйдзе на дзесяць хвілін і вяртаецца ўночы.
Дзе быў, невядома.
Засынае ў таксоўцы, што едзе дамоў,
прачынаецца ў незнаёмым трамваі…
І нікому не ясна, за што яго жонка трывае,
выбачае футбол і канапу, гараж і буханне?
Беларускі мужчына – чысты аб’ект кахання.
Яго дзед перажыў калгас і меліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга ўзросту і гіперінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.