Видео реклама

 

Асоба

Дзяўчынка, якая марыла пра Парыж...

Дзяўчынка, якая марыла пра Парыж...

Часопісы, ды яшчэ мастацкія, не часта трапляюць у вясковыя хаты. Але Надзі, якую суседзі заўжды лічылі дзівачкай, бо тая малявала ў любую вольную хвіліну ўсё, што пабачыць, пашчасціла. Часопіс, які патрапіў ёй ў рукі, быў яркім і цікавым. І пісалася ў ім пра такіх жа дзівакоў, як яна сама, але дзівакоў прызнаных. Пра вядомых французскіх мастакоў. І ўяўлялася вясковай дзяўчынцы, што часопіс гэты – сапраўднае запрашэнне ў Францыю, у Парыж, на Манмартр.

Пікаса, Фернан і Надзя Лежэ

Вырваныя з часопіса старонкі Надзя Хадасевіч хавала ля самага сэрца. Але ўздыхаць ды марыць – дарэмная справа. Надзя была народжана, каб дзейнічаць. І яна зноў і зноў пакідала родны дом і рушыла ў бок станцыі. Там, забраўшыся ў адзін з вагонаў таварнага састава, заплюшчвала вочы і пад стук калёсаў уяўляла, што яна ўжо прыехала. Утой самы горад, які ніколі не бачыла і пра які нічога не ведала, акрамя таго, што там вучаць маляваць. Надзю здымалі звычайна на наступнай жа станцыі і вярталі дамоў. І потым доўга вясковыя хлопчыкі бегалі за ёю з крыкамі: «Даеш, Надзька, Парыж!».А пасля пачалася вайна. Першая сусветная. І дзесяцігадовай Надзі Хадасевіч ўжо стала не да Парыжу. Беззямельная сям'я яе рушыла з роднай вёскі Асяцішчы, што на Віцебшчыне, у пошуках больш спакойнага жыцця. Выжывалі як маглі. А пасля была рэвалюцыя.

У Бялёве Тульскай вобласці – во ажно куды занесла беларусаў – адкрыўся Палац мастацтваў для дзяцей пралетарыяў. Надзя запісалася ў два гурткі – танцавальны і мастацкі. Два гады старанна наведвала заняткі, а пасля, нават не параіўшыся з роднымі, скіравалася ў Смаленск – вучыцца на Вышэйшых дзяржаўных мастацкіх курсах. Ёй было пятнаццаць гадоў, і яна не сумнявалася, што пройдзе конкурс і будзе залічана.

Гэтак і сталася. І хаця за права атрымоўваць мастацкую адукацыю даводзілася плаціць неўладкаванасцю быта і цяжкай працай – яна жыла ў закінутым вагончыку і зарабляла на хлеб прыбіраннем чужых кватэр, – Надзя была шчаслівая. Бо ж яна ўпершыню апынулася сярод аднадумцаў. А яшчэ з Віцебска прыязджаў славуты Казімір Малевіч. Надзя была ўлюбёная ў яго творчасць і захопленая яго асобай. А пра славуты Малевічаўскі «Чорны квадрат» магла размаўляць гадзінамі, вышукваючы ў ім новыя патаемныя сэнсы. Але Малевіч хутка адмовіўся ад настаўніцтва. Ён стварыў новы квадрат: белы на белым, – і заявіў, што гэты шэдэўр – канечны этап жывапісу. Усё ўжо сказана, а значыць, вучыцца мастацтву больш няма сэнсу. Жывапіс цяпер – усяго толькі гістарычная з'ява, асколак мінулага.

Зноў прыгадаўся Парыж. Няўжо і там мастакі назаўжды «пахавалі» жывапіс? Надзя кінулася за адказам у бібліятэку. Французскі часопіс «Эспры нуво», які аказаўся сярод новых паступленняў, адкрыўся на рэпрадукцыях карцін нейкага мастака. Фернан Лежэ. Карціны спадабаліся. Так, што Надзя схапіла франка-рускі слоўнік і пачала перакладаць тэкст. Папрасіла дапамагчы бібліятэкарку…

Гэта было інтэрв'ю з мастаком, які лічыўся ў Францыі адным з мэтраў і нават меў сваю школу. Жывапіс там ніхто і не думаў «хаваць». Ён шчасліва развіваўся, прымаючы самыя неверагодныя формы, выкарыстоўваючы самыя яркія спалучэнні фарбаў. І зноў запульсавала ў вісках знаёмае, не зжытае: «У Парыж!», толькі цяпер гучала яно больш асэнсавана і канкрэтна: «Да Фернана Лежэ!».

Лёгкая на пад'ём, Хадасевіч сабралася хутка. Яна вырашыла скарыстацца правам бежанцаў з Заходняй Беларусі, якім дазвалялася выехаць на тэрыторыі, што цяпер адышлі да Польшчы. Апынуўшыся за мяжой Расіі, Хадасевіч неадкладна выправілася ў Варшаву – гэта ж на паўшляху да Парыжа! Грошай не было, але знаходлівая Надзя падрадзілася нянькай да знаёмай шматдзетнай сям'і Гебель. У Варшаве давялося затрымацца. Надзя была непаўналетняй, а для выезду ў Францыю патрэбны быў пашпарт. Каб не губляць дарэмна час, Хадасевіч вырашыла паступіць у Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Гебеляў Надзя пакінула. Ёй удалася ўладкавацца капялюшнай мадысткай. А прытулак яна знайшла ў адным з варшаўскіх кляштароў.

У акадэмію яе прынялі без экзаменаў – толькі глянулі на жывапісныя працы. Талент! Але хутка і пашкадавалі. Студэнтка аказалася амбіцыйная, з рэвалюцыйнымі поглядамі, са сваім стаўленнем да сучаснага мастацтва, часам зусім непадобным да стаўлення настаўнікаў-жывапісцаў. Каб не бянтэжыла іншых студэнтаў, Надзю перавялiдля заняткаў уасобную майстэрню. Але нават такая ізаляцыя не перашкодзіла шаснаццацігадовай дзяўчыне закахацца і стаць аб'ектам кахання. І хлопец патрапіўся, быццам бы, харошы – таксама студэнт-мастак, Станіслаў Грабоўскі. Прыгожы, з багатай варшаўскай сям'і. На спатканні да свайго Стася бегала Надзя ў позні вечаровы час, нягледзячы на тое, што манахіні патрабавалі захавання рэжыму. А аднойчы, калі святыя сёстры зачынілі яе ў келлі, паскідала з вакна на зямлю падушкі ды і скочыла проста на іх. Вяртанне ў кляштар пасля такога было ўжо немагчымым. Ды Станіслаў не падвёў, ажаніўся, як і абяцаў, у свой дом увёў. Аднак сямейнае жыццё не заладзілася. Бацькі папікалі Станіслава, што абраў бедную, ды і не польку. Ён нерваваўся і зрываўся на істэрыкі. Як пра ратаванне ўзгадала Надзя пра Фернана Лежэ. Станіслаў згадзіўся пакінуць Варшаву і бацькоў, каб пабачыць Парыж і, магчыма, выратаваць сям'ю ад распаду. Сужэнкі напісалі ліст да мастака, у якім прасілі ўзяць іх вучнямі, Лежэ адказаў згодай.

Знешне Фернан зусім не быў падобны да мастака – хутчэй селянін з моцнымі рукамі і шырокімі плячыма. Але ад гэтага падаўся Надзі яшчэ больш прыцягальным. Тым больш што яна адразу адчула:перад ёю – геній ад мастацтва. Аднак не ўсё ў манеры Лежэ было ёй зразумела. Надзя білася над пытаннем: чаму на карціне мэтра аднолькавы акцэнт робіцца і на постаці чалавека, і на дрэве, і на машыне? Ёй шмат пра што хацелася спытаць, але французскую мову ведала яна дрэнна, і таму маўчала. А Лежэ і не звяртаў на дзікунку з Расіі ўвагі. Пакуль… Пакуль уяго майстэрні не пачалі з'яўляцца першыя завершаныя работы Надзі. Ці не гэта канчаткова падарвала ўзаемаадносіны Надзі і Станіслава?

У 1927 годзе ў цесным пакойчыку нязграбнага дома-вежы ў Лацінскім квартале Парыжа Надзя нарадзіла дачку Ванду. Станіслава побач ужо не было. Ён пакінуў жонку і з'ехаў у Варшаву, даведаўшыся пра яе цяжарнасць. І нават ударыў. Прырэўнаваў? Цяжка сказаць. Але Хадасевіч была не выпешчаная пані. Яна навучылася жыць без Станіслава. Уладкавалася прыслугай у пансіён мадам Вільмаран. Зарабляла грошы, гадавала дзіця і з заміраннем сэрца прыходзіла штодзень у школу Фернана Лежэ, дзе выпрацоўвала ўласны стыль, як раіў ёй настаўнік. Вынікі сталі бачнымі ва ўсім – жывапіс, графіка, мазаіка. Лежэ дазволіў Надзі выкладаць у яго студыі. А яна, між іншым, прапанавала мэтру свае паслугі ў якасці служанкі. А потым гэтая служанка раптам вырашыла выпускаць… часопіс «Сучаснае мастацтва» на польскай і французскай мовах. Першы нумар яго быў надрукаваны на грошы, дасланыя ёй былым свёкрам на футра, – усё ж такі стары Грабоўскі непакоіўся пра лёс унучкі і час ад часу «падкідаў» Надзі грошы.

Лежэ дзівіўся Надзінай апантанасці. Часопіс быў яе асабістай справай. Але ён вырашыў дапамагчы. І рабіў макет выдання, яго вокладкі. Ці прыгадвала Надзя, рыхтуючы свой часопіс, пра тыя два, якія вызначылiяе лёс? Апошнія гады перадваеннага зацішша прынеслі ў яе жыццё шмат нечаканасцей, у тым ліку і прыемных. Пазнаёмілася з прывабным і тактоўным паштовым служачым Жоржам Бакье, які захапіўся Надзяй і нават, кінуўшы працу, таксама пайшоў да Лежэ ў студыю (калі Станіслаў даведаўся пра Бакье, неадкладна выехаў у Парыж, скандаліў, заяўляў, што не дасць згоды на развод). Тады ж Хадасевіч уступіла ў Камуністычную партыю Францыі; атрымала ад Лежэ прапанову стаць яго асістэнткай; набыла жытло ў цэнтры Парыжа для сябе і Ванды. Але на наступны дзень пасля весела адсвяткаванага ў мастацкім асяроддзі наваселля пачалася Другая сусветная вайна.

Фернан Лежэ быў патрыётам. У Першую сусветную ён служыў сапёрам, быў атручаны газамі пад Вердэнам. Цяпер яму было ўжо каля шасцідзесяці. І ён разам з іншымі мастакамі ўзяўся распрацоўваць план схавання архітэктурных шэдэўраў Парыжа на выпадак фашысцкіх бамбардзіровак. Але хутка стала зразумела, што ўраду нецікавая ідэя абароны Францыі. І Лежэ прыняў рашэнне адплысці ў Злучаныя Штаты Амерыкі. Клікаў з сабой Надзю. У Марселі ля трапа парахода ён да апошняга чакаў...

Але хіба магла яна спакойна назіраць за тым, як гаспадараць фашысты ў яе Парыжы? Камуністка Надзя Хадасевіч далучылася да руху Супраціўлення. Аднойчы, заўважыўшы «хвост», яна вымушана была схавацца ў цырульні. Адтуль замест брунэткі з даўгімі валасамі выйшла яркая стрыжаная бландынка. З гэтага часу яна ператварылася ў Жаржэту Пэно, няўлоўную падпольшчыцу.

Пра французскую зямлячку ў Савецкім Саюзе даведаліся толькі пасля вайны. Калі Надзя, член Саюза савецкіх патрыётаў і Саюза дапамогі ваеннапалонным, арганізавала аўкцыён карцін славутых мастакоў Францыі: Лежэ, Пікасо, Маціса, Брака, – з мэтай сабраць грошы для савецкіх ваеннапалонных, якія апынуліся на тэрыторыі Францыі.

Пра яе саму ўжо гаварылі як пра вядомую мастачку. Лежэ прыехаў з Амерыкі сумны і пастарэлы і ахвотна саступіў Надзі свае правы. А ў 1951 годзе памерла жонка Лежэ Жанна, і мастак рашыўся выказаць свае пачуцці да вучаніцы. Яна адказала яму ўзаемнасцю. Жорж Бакье высакародна саступіў каханую жанчыну мэтру. І нават Станіслаў Грабоўскіўрэшце даў афіцыйны развод. Настаўнік і вучаніца зарэгістравалі свой шлюб 21 лютага 1952 года ў мэрыі Манружа. І былі шчаслівыя настолькі, наколькі могуць быць шчаслівымі пяцідзесяцігадовая жанчына і сямідзесяцігадовы мужчына. Ім было даравана тры гады шчасця. Вялікі французскі жывапісец Фернан Лежэ памёр у жніўні 1955 года. Надзея Пятроўна Хадасевіч-Лежэ пайшла з жыцця 7 лістапада 1982 года, не дажыўшы літаральна некалькіх дзён да свайго 78-годдзя.

Теги: архив  асоба  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.