Видео реклама

 

Паданне

Абрыдлая жонка

Пакахаў гусь хатні дзікую качку. Пасватаўся хлопец багаты да беднай сіраты. Заплакала-заенчыла свякроўка, як ступіла на ганак яе хаты нявестка-беспасажніца. І не стала жыцця харошанькай Анеі побач з мужавай маці.

Цэлымі днямі, забыўшыся пра адпачынак, працуе маладая жонка. Але хіба дагодзіш сварлівай старой? Лае яна нявестку, гультайкай называе, перад людзьмі ганіць. Толькі і ёсць радасці ў жыцці Анеіным – каханне яе Пятра. Ён адзін шкадуе сірату, уступаецца за жонку і дакарае маці.

Затаіла злосць свякроў на нявестку. Вырашыла разлучыць мужа з жонкай. Вось збірае яна сына ў далёкі шлях:

– Едзь, Пятро, паглядзі свету. Надакучылі, мабыць, табе, маладому, нашы Пружаны. Кажуць, няма горада, прыгажэйшага за Варшаву. У Варшаве родзічы нашы жывуць – ім прывітанне ад мяне перадай. Ды заадно і тавараў з сабою вазьмі. У Польшчы выгадны гандаль. Пара ўжо табе, сыне, сапраўднай справай заняцца.

Хіба станеш пярэчыць маці? Развітаўся Пятро з Анеяй, пакланіўся суседзям ды і пакінуў родныя мясціны.

Змяніла восень даждлівую зіма сцюдзёная. Прыйшоў ліст ад Пятра.

– Прачытайце, маці, аб чым муж мой піша, – просіць Анея, – а то ж я не ведаю грамату, сама не разбяруся.

Зазірнула свякроў у ліст, ды кажа:

– Піша Пятро пра тое, як весела яму ў Варшаве, як шмат там прыгожых паненак. «Шкадую я, маці, гледзячы на іх, што паспяшаўся жаніцца. Хіба ж мая баба можа зраўняцца з тутэйшымі кабетамі!»

Засумавала нявестка, на твары ж свекрыві з’явілася ўсмешка.

Рушыўся лёд на рацэ, зазвінелі ручаі. Зноў прыйшла вестка ад Пятра. Услых прачытала яе Анеі старая: «Пасябраваў я, маці, з багатым кракаўскім купцом. І так палюбіў ён мяне, што прапанаваў мне ажаніцца з яго дачкой. Дзяўчына – кветачка, гарэзлівая ды смяшлівая, не тое, што мая баба, сумная ды нудная».

Заблішчэлі слёзы на Анеіных вачах, а на твары маці Пятровай выступіў вясёлы румянец.

Апрануліся дрэвы ў зялёныя ўборы, кветкамі ўзышла зямля. Заспяшаўся ў родныя мясціны Пятро. А наперад паслаў пісьмо. Прачытала яго старая свякроў, ды і кажа нявестцы:

– Ну, вось што, мілая. Збірайся хутчэй. Ідзі з маёй хаты куды хочаш. Пятро вяртаецца не адзін. Вязе ён з сабою прыгожую багатую нявесту. «А бабу маю абрыдлую, – піша, – гані прэч!»

Нічога не ўзяла з сабою Анея. Як прыйшла ў гэтую хату ў адной беднай сукенцы, так і пайшла. У самае сэрца ўдарыла маладзіцу чорная вестка аб мужавай здрадзе. І пакутаю падалося жыццё Анеі, і суцяшэннем – смерць…

У той самы час заехаў на двор родны доўгачаканы госць. Кінулася да Пятра маці. Цалуе яго, абдымае, пра землі чужыя распытвае. Радуецца і Пятро. Толькі дзіўна яму, што не сустракае яго маладая жонка.

– Што з Анеяй, маці? – пытаецца вандроўнік. – Хіба захварэла мая любачка?

– Вой, не ўспамінай пра змяю, што на сэрцы ты прыгрэў! – адказвае старая. – Як пакінуў ты нас, дык пайшла твая Анея з хаты. Аб’явіўся ў яе каханак, з ім яна і збегла.

Падкасіліся ногі ў Пятра, пацьмянела ў вачах. Ледзь дайшоў ён да лавы, сеў, апусціў галаву:

– Анея… Анея… Што зрабіла ты са мною? Хіба не кахаў цябе? Хіба не шкадаваў? Ні разу без падарункаў з кірмашу не вяртаўся. Нікому пра цябе слова дрэннага не дазваляў сказаць. У далёкай Варшаве ні аб кім, акрамя цябе, і думаць не мог. Навошта падманула ты мяне?..

Бядуе Пятро, няўцям яму, што падманшчыцаю аказалася не жонка – родная маці. А тая ўжо святкуе перамогу: што пажадала, тое і зрабіла. Забылася нават, што не адна яна з сынам у хаце, што ўжо глядзяць на маладога мужа са шкадобаю вочы ціхмянай нахлебніцы, добрай Пятровай нянькі Хадоры.

– Не вер маці сваёй, Пятро! – раптам пачуўся Хадорын голас. – Перад прыездам тваім выгнала свякроў нявестку з хаты. Як табе пра здраду яе схлусіла, так і ёй пра тваю паведаміла. Пайшла тая, гаротная, не разбіраючы дарогі, прэч з горада, праз поле да ракі.

Кінуўся малады муж за жонкай сваёй. Па прымятай траве след яе шукае, па бліскучых, быццам раса, слязінках шлях пазнае. Скончылася поле. Выбег Пятро на луг ля ракі. Толькі сукенка Анеіна мільганула далёка перад ім і знікла ў хвалях.

Кінуўся Пятро за сваім каханнем, а ракаглыбокая, плынь хуткая. Да дна не дастаць, на плыву не ўтрымацца. І ў тузе незвычайнай закрычаў, застагнаў Пятро:

– Ці ёсць на свеце справядлівасць і дабро? Спыні вірлівую хаду сваю, рака! Высушы злую ваду да дна, сонейка! Апусціцеся, крутыя берагі! Вярніце мне маю любую!

І здарылася дзіва. Абмялела раптам паўнаводная рака. І выйшла з яе насустрач Пятру жывая Анея. У радасці вялікай прыціснуў муж жонку да грудзей, і ледзь чутна прагаварыла яна:

– Даруй мне, муж мой, што паверыла злым нагаворам і прыйшла сюды тапіць гора сваё ў рачных хвалях…

Узняў каханую на рукі Пятро і панёс праз луг і поле, праз брамы гарадскія,праз увесь горад. Цалуючы, шаптаў ён Анеі самыя прыгожыя словы:

– Любая мая, галубка ціхая! Не ты ў мяне, я ў цябе даравання павінен прасіць за ўсе слёзы, што давялося табе праліць, стаўшы маёй жонкай. Але гора праходзіць, і да людзей ідзе радасць. Даведайся, любая, твой муж быў удалым купцом. У Кракаве пабудаваў я прыгожы светлы дом. Усё ў ім належыць толькі табе. Кожная рэч чакае тваіх гаспадарлівых рук. Мая Анея, я ж прыехаў, каб забраць цябе адсюль…

У той жа вечар Анея і Пётр пакінулі родныя мясціны назаўжды. Рака ж, у якой ледзь не загінула маладая жанчына, так і не стала зноў паўнаводнай. Пераходзяць яе ўброд гусі. А імя ёй з тых часін – Баба.

Теги: архив  паданне  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.