Видео реклама

 

Падзея

З роду абаронцаў праваслаўя

З роду абаронцаў праваслаўя

З роду абаронцаў праваслаўя

У 1641 годзе, 370 гадоў таму, памерла княгіня Раіна Агінская, у дзявоцтве Валовіч, фундатарка, падзвіжніца праваслаўя, жанчына добрая і літасцівая. Яна нарадзілася ў цяжкі, неталерантны час, калі многія дзеля ўласных выгод і спакою здраджвалі веры бацькоў, іх мове і традыцыям. Аднак знайшла ў сабе моцы не патрапіць у шэрагі такіх людзей, iзасталася ў гісторыі дзякуючы сваёй непахіснасці.

Петрапаўлаўскі сабор у Мінску

Дакладная дата нараджэння Раіны Валовіч невядома, аднак можна меркаваць, што з’явілася яна на свет недзе ў 1560-х гадах, бо каля 1580-га была выдадзена замуж за падкаморага трокскага, праваслаўнага князя Багдана Мацвеевіча Агінскага. Хаця сярод Валовічаў тых часоў ужо некаторыя былі прыхільнікамі новамоднага рэлігійнага цячэння кальвінізму, бацька Раіны, па ўсім бачна, заставаўся ў праваслаўі. Вядома толькiiмя гэтага Валовіча– Рыгор, але больш ніякіх дакладнасцяў.

У часы, на якія прыпадае маладосць Раіны, жылі і дзейнічалі па меншай меры два Рыгоры Валовічы. Адзін, Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі, каштэлян новагародскі, стараста слонімскі, памёр у пачатку 1586 года. Другі, Рыгор Багданавіч, ваявода смаленскі, стараста мсцібаўскі, вялікакняжаскі пасол у Маскву ў 1563 годзе, дажыў да 1577 года. Сярод дзяцей Рыгора Багданавіча праславіліся Яраш, які быў каралеўскім сакратаром, і славуты дзяржаўны дзеяч Астафій – кальвіністы. Але ці даводзіліся яны братамі Раіне – цяжка сказаць.

З усіх Валовічаў найбліжэйшымі да Раіны па духу і ўчынкам сталіся стрыечныя сёстры, дочкі Дарафея Валовіча. Адна з іх, Ганна, жонка мінскага ваяводы Яна Абрамовіча, была такой набожнай і так дакладна прытрымлівалася ўсіх абрадаў праваслаўнай царквы, што нават муж-кальвініст з замілаваннем называў яе «мая руская прасфорніца». Другая кузіна, Фядора, таксама была жонкай кальвініста, ваяводы брэсцкага Крыштафа Зяновіча. Шлюбы паміж кальвіністамі і праваслаўнымі ў тыя часы здараліся даволі часта. Але праваслаўныя хрысціяне і хрысціяне-кальвіністы Рэчы Паспалітай ў другой палове ХVІ стагоддзя неўзабаве ператварылiся ў людзей гнаных.

Кароль Жыгімонт III Ваза, зацяты католік, выхаванец езуітаў, выношваў планы прымусовага акаталічвання краіны. Пасля трэба было чакаць і ўсеагульнага апалячвання. Першым крокам у гэтым накірунку стала заключэнне ў 1596 годзе Берасцейскай царкоўнай уніі. Заяўлялася, што саюз розных хрысціянскіх канфесій узмоцніць краіну. Але аказалася інакш. Праваслаўным, якія згадзіліся на ўнію, з усіх прызнакаў іх веры пакінулі толькі мову набажэнстваў. Уніяцкія храмы (ранейшыя праваслаўныя цэрквы) мусілі ператварыцца ў нейкі прыдатак да касцёлаў. Каталіцызм жа абвясцілі дзяржаўнай рэлігіяй.

Пачаліся ганенні за веру, якія закранулі таксама і пратэстантаў. Вышэйшыя дзяржаўныя пасады для некатолікаў сталіся забароненыя, амаль немагчыма стала патрапіць у магістрат. Праваслаўным гараджанам не выдавалі дазволаў на занятак тым ці іншым відам рамяства і нават гандлем. Каталіцкае і ўніяцкае духавенства нахабна захоплівала зямельныя ўладанні праваслаўных манастыроў і храмы. У сталіцы Вялікага княства Літоўскага трымаўся толькі Віленскі Свята-Троіцкі манастыр з брацтвам, незадоўга да таго ўтвораным пры ім. Старастай гэтага брацтва быў абраны муж Раіны, Багдан Агінскі.

Калі былі зачынены ці то пераведзены ва ўніяцтва ўсе праваслаўныя цэрквы Вільні, братчыкі вырашылі пабудаваць для патрэб гнаных адзінаверцаў новы храм, як быццам бы манастырскі, але праз дарогу ад абіцелі, на кавалачку зямлі, якая належала сёстрам Ганне і Фядоры Валовіч. Зроблена гэта было для таго, каб не даць магчымасць католікам адабраць храм – усё ж такі ўсе пабудовы на ўласнай магнацкай зямлі лічыліся ўласнасцю магнатаў, на якую нельга было рабіць замах.

Асвячэнне храма, названага Свята-Духавым, адбылося на пачатку1598 года. І суджана было яму стаць аплотам праваслаўя ў Вялікім княстве Літоўскім. Большасць віленскіх братчыкаў былі простымі гараджанамі, аднак сярод іх знаходзілася нямала і «…княжат, панят, сенатараў, рыцарства і іншых людзей усялякай кандыцыі». Прычым, калі спачатку да брацтва далучаны былі толькі вільняне, пазней у кола братчыкаў запісаліся праваслаўныя з іншых гарадоў. Караля непакоіла тое, што братчыкі добра арганізаваны і гэтак дружна трымаюцца. Некалькі разоў ён рабіў намаганні забараніць брацтвы. Аднак братчыкі папрасілі добраславення ў канстанцінопальскага патрыярха, калі той рушыў праз землі Рэчы Паспалітай у Маскву. Пасля гэтага лічылася, што сам патрыярх паўстаў на чале брацтва. А значыць, яго зачыненне вылілася б у міжнародны скандал. Аднак Свята-Троіцкі манастыр уніятам усё ж такі ўдалася «прыбраць да рук». У 1601 годзе ў яго сценах быў адкрыты ўніяцкі калегіюм. Але праваслаўныя манахі былі прыняты братчыкамі і, атабарыўшыся пры Свята-Духавым манастыры, сталі будаваць новую абіцель на землях сясцёр Валовіч.

Багдан і Раіна Агінскія разумелі, што выстаяць у барацьбе можна толькі пры ўмове пашырэння ў краіне дзеяння брацтваў. Таму ў 1812 годзе яны сталі ініцыятарамі стварэння пры мінскай Петрапаўлаўскай царкве Петрапаўлаўскага брацтва. Яно ўзнікла як шпітальнае, утрымлівала бальніцу. Хаця пры ім жа хутка ўзнікла і вучэльня па ўзору той, што адчынілася ў Вільні пры Свята-Духавым манастыры. Вельмі хутка брацтвамі пакрылася ўся тэрыторыя Беларусі. Брацтвы клапаціліся пра школы, выданне праваслаўнай духоўнай і навучальнай літаратуры – пры Віленскім і некаторых іншых узніклі друкарні.

«Брацкі» рух быў своеасаблівым рухам пратэсту супраць таго, што адбывалася ў краіне. Бо ўціск з кожным годам станавіўся ўсё большым. У 1620-х гадах на вальным (усеагульным) сейме ў Варшаве дэпутат ад Валыні Лаўрэнцій Дрэвінскі распавядаў: «Ужо ў вялікіх гарадах цэрквы запячатаны, царкоўная маёмасць раскрадзена, у манастырах няма манахаў, там зараз запіраюць скаціну. Дзеці паміраюць без хрышчэння. У Львове неўніят не можа прыпісацца да цэху… У Вільні цела праваслаўнага нябожчыка трэба вывозіць з гораду толькі ў тыя вароты, у якія вывозяць гной. Манахаў, не прыхільных да ўніі, ловяць і б’юць, хапаюць на дарогах і кідаюць у вязніцу…»

Уніяты, якія захапілі Свята-Троіцкі манастыр, павялі сапраўдную вайну з віленскімі братчыкамі і праваслаўнымі манахамі Свята-Духавай абіцелі, называючы іх бунтаўнікамі-налівайкаўцамі (усім яшчэ было памятнае казацкае выступленне ў абарону праваслаўнай веры атамана Налівайкі, якога ў 1597 годзе аддалі пакутніцкай смерці на галоўнай плошчы ў Варшаве). Не праходзіла дня, каб з Троіцкага манастыра не кідалі камянёў у праваслаўных, якія ішлі на набажэнства ў Свята-Духаўскую царкву. Аднойчы град каменнеў абрынуўся на дзяцей, вучняў брацкай школы – больш дваццаці шкаляроў пацярпела. У другі раз камень разбіў галаву самому настаяцелю Свята-Духавай абіцелі. У трэці раз каменнямі асыпалі карэту Раіны Агінскай, якая ехала на набажэнства разам з адзінаверкай, жонкай падкаморага віленскага. Але гэткія выпрабаванні толькі ўзмацнялі дух праваслаўных.

У 1625 годзе Багдан і Раіна ўзвядзеннем Троіцкай царквы распачалі будаўніцтва агульнажыційнага манастыра ў іншым сваім маёнтку – Кронах Ковенскага павета (цяпер мястэчка Круоніс нездалёк ад Каўнаса). Аўдавеўшы ў 1626 годзе, Раіна завершыла ўзвядзенне абіцелі і ў 1629 годзе перадала яму ў валоданне два сваіх маёнткі: Кроны і Войкгава, а таксама некалькі фальваркаў, якія набыла на свае ўласныя і на вылучаныя Багданам Агінскім па тэстаменце грошы. Умовай Раіны, пастаўленай перад манахамі і манахінямі, было непахіснае супраціўленне абіцелі пераводу ва ўніяцтва, падпарадкаванне Канстанцінопальскаму патрыярху, а таксама заснаванне пры абіцелі школы. 16 ліпеня 1633 года спецыяльным запісам Раіна Агінская дазволіла манахам Еўеўскага манастыра свабодна выкарыстоўваць дрэвы з яе гаю як для царквы, так і для іншых манастырскіх пабудоў. Вылучыла грашовую субсідыю на манастырскую школу. Пазней давала таксама грошы на набыццё фальварка для манастыра ў Еўі.

Бог паслаў княгіні Агінскай доўгае жыццё, яна памерла тады, калі ёй было ўжо каля васьмiдзесяцi. Застаючыся актыўнай і энергічнай да самай старасці, Раіна паказвала цудоўны прыклад для сваіх дзяцей, якія таксама праславіліся як абаронцы праваслаўя. Сыноў яе, Івана і Аляксандра,называлі «стаўпамі праваслаўнай веры». Яшчэ ў 1612 годзе яны падпісалі пратэст супраць пераводу праваслаўных ва ўніяцтва, неаднаразова выступалі ў судах, абараняючы правы адзінаверцаў, складалі петыцыі братчыкаў да караля і найвялікшых магнатаў Вялікага княства. Дочкі – Дарафея, Рута, Варвара і Апалонія, стаўшы панямі Печыхоўскай, Радзіцкай, Шэмет (Варвара і Апалонія выйшлі замуж за братоў Мельхіёра і Ежы Шэметаў), таксама, як і іх маці, прысвяцілі сваё жыццё абароне інтарэсаў праваслаўных ва ўмовах наступу Уніі. Толькі сын Самуэль Леў, цівун трокскі, перайшоў у каталіцтва, і гэта было найстрашнейшым ударам для Раіны Агінскай. Затое дачка Ганна – жонка Вільгельма Стэцкевіча– радавала маці больш за іншых сваёй непахіснасцю. Калі свякроў Ганны, Еўдакія Стэцкевіч, заснавала ў Мінску мужчынскі Петрапаўлаўскі манастыр, Ганна купіла суседні дом на гэтай тэрыторыі і фундавала жаночую праваслаўную абіцель. Пазней з сынам Янам Ганна Агінская-Стэцкевіч заснавала ў сяле Куцейкі Аршанскага павета Успенскі жаночы манастыр. Другі сын Ганны Багдан разам з жонкай Аленай Саламярэцкай пабудаваў мужчынскі Куцеінскі манастыр. Сям’я Стэцкевічаў заснавала яшчэ два вядомых манастыры – Буйніцкі мужчынскі і Баркулабаўскі жаночы. Яны сталі ачагамі культуры і асветы на Магілёўшчыне. Удзельнічалі Стэцкевічы і ў аднаўленні Сафійскага сабора ў Кіеве. Менавіта Багдан Стэцкевіч падтрымаў славутага патрыярха Пятра Магілу на Варшаўскім сейме ў 1632 годзе, калі замест памёрлага караля Жыгімонта IIIна прастол абіралі каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча. Пётр Магіла разам з прыхільнікамі сваімі, праваслаўнымі магнатамі, дабіўся прызнання легальнага існавання ў дзяржаве праваслаўнай царквы паралельна з уніяцкай. І гэты трыўмф справядлівасці давялося пабачыць Раіне Агінскай.

Храмы і абіцелі, узведзеныя Агінскімі і іх нашчадкамі… Многія з іх дзейнічаюць і сёння. Гэта лепшыя помнікі бясстрашным і моцным духам людзям.

Теги: архив  падзея  
 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.