Видео реклама

 

Сведкi часу

Артыфакт з Радзівілаўскага палаца

Артыфакт з Радзівілаўскага палаца

Большасць мастацкіх каштоўнасцяў, наяўнасцю якіх у мінулым так славілася Беларусь, страчана назаўжды. Што загінула пад час шматлікіх войнаў, паўстанняў, рэвалюцый, што знішчана пры «барацьбе з рэлігіяй як опіўмам для народу», а што і трапіла ў рукі шматлікіх захопнікаў ды «вызваліцеляў» з усходу ды захаду. 

Аднак час ад часу аб’яўляюцца, здаецца, страчаныя артыфакты. То ў старым напаўспарухнелым бабуліным куфры нашчадкі знаходзяць срэбраныя відэльцы з гербам графскага роду Чапскіх. То святару адной з вясковых цэркваў на Міншчыне парафіяне дораць Евангелле, якое не адно пакаленне належыла іх сям’і, і аказваецца, што гэта – шэдэўр, якiўжо больш чатырохсот гадоў лічыўся згінуўшым, – Слуцкае Евангелле. Аб дзівосным з’яўленні ў Мінскім антыкварна-аўкцыйным доме «Парагіс» старажытнага жаночага ювелірнага ўпрыгожвання – караляў полацкай княгіні – наш часопіс ужо пісаў (глядзі «ЖЖ» № 12 за 2009 г.). І вось той жа антыкварна-аўкцыйны дом парадаваў новай сенсацыйнай знаходкай. На гэты раз – карцінай.

Чалавек, які прынёс гэты твор мастацтва аўкцыёншчыкам, заўпэўнівае, што да восені 1939 года карціна знаходзілася ў нясвіжскім палацы Радзівілаў, але потым, перад самай акупацыяй Польшчы нямецкімі войскамі гаспадар замка прыняў рашэнне раздаць творы мастацтва простым людзям, каб хоць так схаваць іх ад ворагаў. І сапраўды, на парсуне прысутнічае герб Радзівілаў. Сюжэт жа, што сведчыць з надпіса, зробленага на латыні: ACAROLO V IMPERAT INSIGNIA DUCALIA INCO MITIIS IMPERII AUGUSTA VINDELICORUM NICOLAO IOANNIS FILIO TRANSFERUSTUR IN OLICAM ET NIESWIES DEFICIENTЕPROLE MASCULA NICOLAI SECUDI Ã.M.D.X.L.V. – прысвечаны атрыманню князем Мікалаем Радзівілам Чорным ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла Vкняжаскага тытула.

Карціну тут жа накіравалі на экспертызу ў Нацыянальны мастацкі музей Беларусі. Там яе з’яўленне назвалі сенсацыяй. Бо яна ніколі не траплялася на вочы даследчыкам. Аднак падзея, адлюстраваная невядомым мастаком ХVІІ стагоддзя на гэтым палатне, сапраўды пазнавальная. У 1547 годзе князь Мікалай Радзівіл Чорны быў накіраваны каралём Жыгімонтам Аўгустам у прыватны дыпламатычны ваяж за мяжу. Неабходна было высветліць у аўстрыйскага імператара Фердынанда І лёс часткі пасагу яго дачкі Элізабэт Габсбург, першай жонкі Жыгімонта Аўгуста, на той час ужо нябожчыцы. Тая частка так і не патрапіла да зяця аўстрыйскага манарха. Пытанне вырашалася доўга. Спачатку ў Вене. Пасля да разбораў вымушаны быў падключыцца імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі (аб’яднанне мноства германскіх дзяржаў) Карл V. Той запрасіў канфліктуючыя бакі ў сваю сталіцу Аўгсбург. Радзівіл з карысцю для сябе і сваіх сваякоў выкарыстаў гэту акалічнасць. Ён дабіўся ад Карла V, каб той падцвердзіў тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі, які быў у 1518 годзе дадзены прадстаўніку ганендзка-мядзельскай лініі рода Радзівілаў, брату яго бацькі Мікалаю. Тытул гэты быў страчаны пасля таго, як у 1548 годзе памёр апошні мужчына гэтай лініі. Цяпер жа германскі імператар перадаў тытул прадстаўнікам дзвюх іншых ліній рода Радзівілаў. Мікалай Чорны стаў называцца «князь Свяшчэннай Рымскай імперыі на Олыцы і Нясвіжы», яго стрыечны брат Мікалай Руды – «князь (той жа імперыі) на Біржах і Дубінках». Малодшы брат Чорнага Януш атрымаў той жа тытул, што і старэйшы. Заадно дыпламатычны Мікалай Чорны злаўчыўся здабыць яшчэ і графскія тытулы для гетмана польнага кароннага Тарноўскага (з якім збіраўся парадніцца, ажаніўшыся на яго пятнаццацігадовай дачцэ) ды былога свайго выхаванца – уладара Міра і яго наваколляў Юрыя Ільініча. А затым Радзівілу ўдалася дасягнуць пагаднення і з аўстрыйскім імператарам. Скапідом Габсбург вымушаны быў выплаціць польскаму каралю тое, што было абяцана.

Заўважым, што экспертам нецяжка было апазнаць Радзівіла ў цэнтры карціны. Бо вядома далёка не адна ягоная выява. Карл V, што стаіць побач з ім, мае ўсе імператарскія атрыбуты, і таксама апазнавальны. А пасля перакладу тэксту яны лёгка высветлілі, што атачэнне Карла складаюць не прыдворныя, а выбітныя асобы, якія ў свой час удзельнічалі ў яго выбранні імператарам, – архіепіскапы Майнца, Трыра, Кёльна, кароль Багеміі, кюрфюрст Саксоніі, маркграф Брандэнбурга і пфальцграф Рэймса.

Дарэчы, тое, што карціна не падробка, пацвердзілі і супрацоўнікі Інстытута фізікі імя Б. І. Сцяпанава Нацыяналанай акадэміі навук Беларусі. Паводле вынікаў хімічнага і лазерна-спектральнага аналізаў беларускія навукоўцы прыйшлі да высновы, што «твор мог быць напісаны ў прамежку паміж XVI IXVII стагоддзямі». Праўда, пакуль што не высветлена, хто мог быць аўтарам і заказчыкам карціны, – сам Мікалай Радзівіл ці яго нашчадкі, якім пажадалася ўпрыгожыць фамільную галерэю. Але ўсё гэта можа быць яшчэ даследавана і вызначана, калі карціна ўсё ж такі патрапіць у адзін з беларускіх музеяў. Хацелася б, каб знайшліся мецэнаты ці дзяржаўныя грошы, каб вярнуць яе ў адрэстаўраваны Нясвіжскі палац.

Каментарый з першых вуснаў

Дырэктар дома “Парагіс” Андрэй Пятровіч Бярэзін:

- У 2006 годзе выйшла кніга Вольгі Бажэнавай “Радзівілаўскі Нясвіж”. Праца над ёй вялася ў Нацыянальным гістарычным архіве, дзякуючы чаму нам цяпер вядома, што ў інвентарных спісах Нясвіжскага замка за 1834 год за нумарам адзін у пераліку каштоўнасцей пазначана работа пад назвай “Атрыманне княжаскага тытула Мікалаем Радзівілам Чорным ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла ў 1547 годзе”. Гэта дакладная назва. Скажу яшчэ, што фотаздымак работы быў дасланы ў Варшаву Эльжбеце Радзівіл, дачцэ апошняга гаспадара замка. Гэта зрабіў журналіст Глеб Лабадзенка. І яна ўспомніла нават, на якім месцы карціна вісела ў замку. Міністэрства культуры зацікаўлена ў тым, каб выкупіць работу для Нясвіжскага замка. У дадзены момант вядуцца перагаворы на гэтую тэму. Дарэчы, цяпер у замку няма ніводнай карціны-арыгінала тых часоў.

 

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.