Видео реклама

 

Асоба

Дзяучына з залатою грыунай

Дзяучына з залатою грыунай

Першае ўражанне ад гэтага партрэта звычайна не падманвае. На ім – апетая ў сагах, вершах паэтаў- рамантыкаў і гісторыка- прыгодніцкіх раманах «Герда з Гарда» («Дзяўчына з Русі») – унучка Рагнеды Елізавета. Менавiта ў гэтую, самую прыгожую з дачок князя Яраслава Мудрага меў няшчасце закахацца малады нарвежац Харальд, брат нарвежскага конунга Олафа Святога. Менавіта дзеля яе пайшоў ён па свеце ў пошуках славы, багацця і кароны.

Дзяучына з залатою грыунай У князя Яраслава, бы ў казцы, былі тры дачкі – Анастасія, Ганна і Елізавета. І, бы ў казцы, наш герой закахаўся ў самую прыгожую. Ён спрабаваў змагацца з сваімі пачуццямі, але нічога не атрымалася. І вось Харальд ідзе да Яраслава прасіць рукі князёўны Елізаветы. Яраслаў разгубіўся – і згоды даваць не хочацца, і адмовіць без прычыны цяжка, бо Елізавета запэўніла бацьку, што таксама кахае Харальда. Тады вялікі князь пайшоў на хітрасць. Ён задаў прэтэндэнту невырашальную задачу – каб той сам адмовіўся ад рукі князёўны. «Мы добра ведаем цябе, Харальд, і паважаем, – сказаў Яраслаў. – Аднак жывеш ты, як бяздомны бадзяга. Як аддаць за такога кіеўскую князёўну? Ідзі, здабудзь славу і карону, тады Елізавета – твая». Аднак, да здзіўлення Яраслава, нарвежац не адступіўся, а спешна сабраўся ў дарогу. На развітанне Харальд падараваў каханай залатую грыўну і папрасіў не здымаць яе з шыі, пакуль ён не вернецца. Дзе ж у той час можна было лягчэй за ўсё здабыць славу? Толькі там, дзе «арабы з нарманамі бой вядуць на зямлі і на моры», – у Міжземнамор’і. Харальд збірае сваіх землякоў, якія служылі ў Яраслава, і накіроўваецца шляхам, даўно вядомым для паўночных шукальнікаў прыгод, – «шляхам з варагаў у грэкі». Прыбыў ён у гэтыя самыя «грэкі», гэта значыць у Візантыю, у 1038 годзе. У той час Візантыйскай імперыяй правіў базілеўс Міхаіл ІV Пафлагонец, а дакладней, ягоная жонка, базіліса Зоя, якая мяняла мужоў бы пальчаткі. Малады нарвежац вельмі спадабаўся ёй. Харальда прызначылі кіраўніком усіх варагаў, што служылі ў Канстанцінопалі. У хуткім часе слава пра Харальда Суровага і яго вікінгаў разнеслася па ўсім Міжземнамор’і. Даведаліся пра іхнія подзвігі на Блізкім Усходзе, у Заходняй Еўропе, на Русі. Напачатку варагі захапілі і разрабавалі 80 арабскіх гарадоў. Бы ўраган пранесліся па берагах Паўночнай Афрыкі. Харальд, які да ўсяго іншага быў і паэтам- рамантыкам, уславіў гэтыя падзеі ў сваіх песнях. Закаханы юнак паэтычна апавядаў усяму свету, а заадно і Яраславу, пра сваё каханне і пра намаганні, якія ён прыкладае для таго, каб дабіцца сваёй каханай. А хутка кіеўскі князь атрымаў яшчэ адзін доказ сур’ёзнасці намераў Харальда: у Кіеў паплылі ладдзі з каштоўнасцямі – баявыя трафеі нарвежца. Харальд прасіў Яраслава стаць захавальнікам яго здабычы. Гэта быў вялікі давер! Сіцылійскія скарбы таксама трапілі ў Кіеў разам з працягам песні пра подзвігі Харальда і яго нязменнае каханне да Яраслаўны. Дзякуючы гэтай песні слава пра гордую і непрыступную дачку Яраслава Мудрага прагрымела па ўсёй Еўропе. Яраславу гэта было настолькі прыемна, што ён заказаў мастаку, які працаваў над фрэскамі ў нядаўна збудаванай Кіеўскай Сафіі, намаляваць там праслаўленую ў харальдавай песні «дзяўчыну з залатой грыўнай». Уласна кажучы, Яраслаў з самага пачатку задумваў пакінуць нашчадкам на сценах Сафіі выявы ўсіх членаў сваёй сям’і. Але намаляваць Елізавету з грыўнай на шыі – гэткае рашэнне з’явілася толькі цяпер... А Харальд накіраваўся ў Палясціну. Паводле сагі, усе гарады на шляху вікінгаў здаваліся без бою. Харальд наведаў Іерусалім, дайшоў да Іярдана, у якім выкупаўся, як гэта было прынята ў паломнікаў, пабываў на беразе Мёртвага мора… Вярнуўшыся ў сталіцу Візантыі – Канстанцінопаль, вікінгі даведаліся, што пляменнік іх правадыра Магнус, якога яны хлопчыкам пакінулі ў Кіеве, пасталеў і захапіў уладу ў Нарвегіі і Даніі. Большасць тут жа вырашылі вяртацца на радзіму. Аднак калі базіліса Зоя даведалася пра гэта, яе ахапіла ярасць. Безумоўна, базіліса не збіралася заставацца без такога войска, як вікінгі. Ды і Харальд ёй вельмі падабаўся. Зоя прызналася нарвежцу ў каханні і нават абяцала ўзвесці яго на візантыйскі прастол, папярэдне атруціўшы чарговага мужа – базілеўса Міхаіла V Калафата. Харальд адмовіў Зоі, прыгадаўшы пра сваё каханне да Елізаветы. Раз’юшаная Зоя абвінаваціла непакорнага ў крадзяжы. Харальда і двух яго паплечнікаў пасадзілі на самы верх высокай вежы. Над іх галовамі было толькі неба. Але варагі збеглі. Вязням перадалі вяроўку праз падкупленых вартаўнікоў. Нашы героі злезлі з вежы, дабраліся да паплечнікаў і ў тую ж ноч на двух караблях адплылі ў Чорнае мора. Яраслава Мудрага Харальд знайшоў у Ноўгарадзе. Князь сустрэў яго вельмі цёпла. Перш за ўсё ён вярнуў сваім гасцям усё тое, што яны перасылалі яму на захаванне. А потым зладзіў вяселле. Бо Харальд выканаў сваё абяцанне, здабыўшы і славу, і багацце. І ў гэты час усе ўжо ведалі, што пляменнік Магнус згодны падзяліцца з Харальдам уладай, зрабіўшы яго суправіцелем. Такім чынам, выходзячы замуж за Харальда, Елізавета станавілася каралевай.

Для сваёй рэзідэнцыі Харальд заснаваў горад і назваў яго Осла. У 1047 годзе памёр Магнус. Харальд стаў адзіным правіцелем дзяржавы. Але ў наступным годзе загрымелі зброяй датчане, бо імкнуліся вызваліцца ад залежнасці Нарвегіі. Працягвалася гэта барацьба не адзін год. Урэшце Харальд прымусіў датчан спачатку запрасіць літасці, а ў 1061 годзе падпісаць мірнае пагадненне з прызнаннем Харальда сваім правіцелем. Наогул жа марай для караля стала аднаўленне магутнай Варажскай імперыі Поўначы, якая склалася на пачатку ХІ стагоддзя і атрымала большую вядомасць як Імперыя Кнута Вялікага. У яе ўваходзілі землі Даніі, Нарвегіі, Англіі. Імперыя гэтая распалася пасля смерці яе заснавальніка Кнута. У 1066 годзе памёр англійскі кароль Эдуард Спаведнік. На прастол узыйшоў яго зяць, якога звалі гэтак жа, як і нарвежскага конунга, – Харальдам. Муж Елізаветы вырашыў авалодаць Англіяй. Восенню гэтага ж года выйшаў у мора магутны флот пад яго кіраўніцтвам. Конунг настолькі быў упэўнены ў сваёй перамозе, што ўзяў з сабою сям’ю. Праўда, высадзіў Елізавету з дачкамі і невялічкай аховай на востраў, што знаходзіўся нездалёк ад Англіі. А сам разам з войскам сышоў на бераг Туманнага Альбіёна.

25 верасня 1066 года варагі сустрэліся з войскам англа-саксонскага Харальда. Бітва была жорсткая. Рубіліся сякерамі і мячамі, калолі коп’ямі, рэзалі адзін аднаго нажамі. Перамога схілялася то на адзін бок, то на другі. У разгар бітвы ў горла нарвежскага караля трапіла страла… Смерць вырашыла вынік бітвы. Рэшткі варажскага войска пераправіліся на востраў, дзе знаходзілася Елізавета з дачкамі, і прывезлі цела іх мужа і бацькі. Сагі сцвярджаюць, што адна з дачок, Марыя, памерла ў тое ж імгненне, калі ўбачыла бацьку мёртвым... Несуцешная Елізавета павезла целы сваіх блізкіх дадому. На мачце дракара нацягнулі чорны ветразь, традыцыйны знак бяды. У душы яе пасялілася туга. Хронікі апавядаюць, што праз некалькі гадоў Елізавета выйшла замуж за конунга дацкага Свэна Эстрыдсана. Але зрабіла яна гэта дзеля дачкі Інгігерды. Пасля смерці Харальда нарвежцы выбралі новага караля, пра якога казалі, што ён, магчыма, пазашлюбны Харальдаў сын. І гэты кароль пачаў пагражаць Елізавеце і Інгігердзе расправай, калі яны застануцца ў Нарвегіі. Датчане, якія якраз у гэты час зноў узняліся на барацьбу за незалежнасць ад Нарвегіі, прапанавалі Елізавеце выйсці замуж за іх правадыра Свэна. Карыстаючыся імем Елізаветы як сцягам, Свэн перамог у барацьбе з нарвежцамі і стаў конунгам Даніі. Але Елізавета нядоўга жыла ў гэтым шлюбе. Аднойчы ў Кіеў прыехаў веснік, які моўчкі падаў братам Яраслаўны Евангелле на рускай мове. Гэта быў шлюбны падарунак Яраслава Мудрага дачцэ. Усе зразумелі, што Елізаветы больш няма…

Теги: асоба  дзяучына  
 
Iрына Маслянiцына, Мiкола Багадзяж

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.