Видео реклама

 

Асоба

Восеньская кветка Ягелонаў

Восеньская кветка Ягелонаў

У 1572 годзе Варшава праводзіла ў апошні шлях бяздзетнага караля Польскага, Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста. Каралеўская дынастыя Ягелонаў, да якой належаў Жыгімонт ІІ Аўгуст, абарвалася. У дзяржаве пачаўся смутны час бескаралеўя…

Аднойчы ў цішыню самотнага жытла «старой панны», сястры памёрлага манарха Ганны Ягелонкі ўварваліся сем шумных паноў з шаблямі на баку і зухавата закручанымі вусамі. Яны паведамілі здзіўленай жанчыне, што паны польскія ды літоўскія пасля доўгіх спрэчак і нязгод у пытанні аб тым, каму стаць цяпер іхнім уладаром, вырашылі, што ім павінен быць той, хто ажэніцца з каралеўнай Ганнай.

Ягелонка паставілася да пачутага скептычна. Ёй было ўжо пяцьдзесят гадоў. Тым не менш штосьці перашкодзіла каралеўне адмовіцца ад плана падданых адразу. І яна адказала:
– Што ж, калі паны так вырашылі, няхай так і будзе. Шукайце мне мужа!

Наіўная Ганна Ягелонка дрэнна ведала мужчын. Яна нават не ўяўляла, на якія ахвяры могуць пайсці некаторыя з іх, каб атрымаць карону. Праз два месяцы пасля размовы каралеўне прынеслі доўгі спіс кандыдатаў. Ганна Ягелонка чытала яго – і ў яе выцягваўся твар. Прынцы, герцагі, князі, маркграфы, свае і чужыя, каралеўскай крыві і без наяўнасці ў венах нават яе кроплі, прапанавалі апошняй з Ягелонаў сябе ў абмен на польскую карону і літоўскі вялікакняжацкі вянец, прызначаныя ёй у пасаг. Амаль усе прэтэндэнты на яе руку былі годныя ёй у сыны, а некаторыя – нават ва ўнукі. Позірк Ганны спыніўся на імені французскага прынца Анры Валуа.

Каралеўна Ганна ведала, што маці прынца Анры, каралева Францыі Катарына Медзічы, патрабавала не толькі ад падданых, але і ад уласных дзяцей безумоўнай пакорлівасці. Падазраваючы, што з такой валявой і энергічнай маці французскі прынц адчувае сябе няшчасным, Ганна разлічвала, што яны змогуць зразумець адзін аднаго, бо і сама Ягелонка лічыла сябе ахвярай матчынага дыктату. Імя маці каралеўны Ганны было Бона Сфорца. Як і Катарына Медзічы, яна была італьянкай.

Прадстаўніца сям’і ўладароў Мілана, у 1518 годзе Бона Сфорца стала жонкай караля Польскага, Вялікага князя Літоўскага Жыгімонта І Старога, якому нарадзіла чатырох дачок і сына. Усё дзяцінства і юнацтва Ганна Ягелонка правяла ў цяні гэтай неардынарнай асобы. Бона Сфорца хацела стаць галоўнай у дзяржаве і дабівалася гэтага ўсімі даступнымі ёй спосабамі, сярод якіх была і фізічная расправа пры дапамозе ядаў. Пагаворвалі, что ад атруты Боны памерлі дзве жонкі яе адзінага сына Жыгімонта Аўгуста.

Для не зразумелай нікому, акрамя яе самой, мэты каралева Бона зламала лёсы ўсіх сваіх дачок. Старэйшую Ізабэлу яна выдала ў дваццацігадовым узросце за старога і непрыгожага венгерскага караля Яна Заполію. Праз няпоўныя два гады венгерская каралева аўдавела і больш ужо ніколі замуж не выйшла. Малодшых дачок, Зоф’ю, Ганну і Катажыну, Бона, здаецца, наогул не збіралася ні за каго аддаваць, бо сістэматычна адмаўляла ўсім прэтэндэнтам, якія толькі з’яўляліся.

Няшчасныя дзяўчаты страсна марылі пра каханне і замужжа, але маці рашуча гасіла ўсе праяўленні іх дзявочага нецярпення. Толькі ў трыццацітрохгадовым узросце здолела атрымаць мужа, прынца Брауншвейгскага, Зоф’я Ягелонка. Дзеля гэтага яна пайшла на змову з братам і разрыў з маці. Катажына знайшла сваё шчасце ў Швецыі, калi ёй было ўжо трыццаць чатыры гады. І толькі таму, што маці ў гэты час не было побач – Бона, канчаткова пасварыўшыся з сынам, з’ехала ў Італію. Жыгімонт Аўгуст планаваў уладкаваць лёс і трыццацісямігадовай Ганны. Аднак каралеўна раптоўна захварэла на воспу, якая знявечыла яе, зрабіўшы сляпой на адно вока...

І вось непрыгожая, немаладая, стомленая жанчына раптоўна становіцца самай жаданай нявестай для дзесяткаў найзнатнейшых кавалераў...

Пасля дэталёвага абмеркавання ўсіх кандыдатаў у каралі на элекцыйным (гэта значыць выбарчым) сейме панства польскае ды літоўскае абвясціла сваім каралём Анры Валуа. Аднак прыезд французскага прынца не спраўдзіў чаканняў каралеўны Ганны. Насуперак усім яе таемным спадзяванням ён аказаўся абсалютна абыякавым да сваёй нявесты.

Паводзіны французскага прынца расчаравалі не толькі Ганну. Магнаты, якія шалёна агітавалі землякоў за Валуа, са здзіўленнем выявілі, што польская карона і літоўскі вялікакняжацкі вянец таксама яго не цікавяць. Выехаўшы з Парыжа ў Кракаў, прынц проста добрасумленна выканаў наказ сваёй матухны-каралевы. З дзяцінства гуляючы з «прыгожанькім сыночкам», як з лялькай, апранаючы яго ў дзявочыя сукенкі, нафарбоўваючы яму тварык і абвешваючы каштоўнымі ўпрыгожваннямі, Катарына Медзічы адвучыла Анры дзейнічаць па ўласнай волі. І цяпер, лагоднай усмешкай адказваючы на ліслівасць падданых, якія хвалілі ягоную знешнасць і тонкі густ, Анры пачынаў сумна разглядаць столь, калі ў яго прысутнасці абмяркоўваліся справы дзяржаўныя.

На шчасце, абставіны склаліся так, што Ягелонцы не давялося ісці пад вянец з Валуа. У ліпені 1574 года ён, даведаўшыся пра смерць старэйшага брата, караля Францыі, збег з Кракава і прыняў французскую карону. Польшча і Літва зноў апынуліся без караля.

Ад новых прэтэндэнтаў на прастол ужо не патрабавалі вянчацца з састарэлай каралеўнай. Ягелонка сумна праглядала новы спіс прэтэндэнтаў і раптам убачыла імя трансільванскага князя Стэфана Баторыя.
– Здаецца, у гэтага чалавека менш за ўсё шанцаў, – прагаварыла Ганна.
– Так, панна каралеўна, – адказалі ёй. – Але трансільванскі князь абяцае ў выпадку яго выбрання парадніцца з Ягелонамі, узяўшы шлюб з вамі.
– Якога ён узросту? – з хваляваннем спытала каралеўна. І сэрца яе пачало радасна біцца, бо Стэфан Баторый быў усяго на дзесяць гадоў маладзейшы за яе. Ягелонка разумела, што пры такой розніцы ва ўзросце муж і жонка могуць разлічваць на сямейнае шчасце.

Ганна вырашыла зрабіць усё магчымае, каб узвесці на прастол Стэфана Баторыя. Яна пісала па два-тры дзесяткі пісьмаў кожны дзень. Не аглядаючыся назад, траціла вялікія грошы, шчодра адорвала тых, хто абяцаўся ёй дапамагчы. Справамі міласэрнасці і дабрачыннасці заваёўвала любоў і павагу простага народа. У выніку вакол Ягелонкі ўтварылася моцная партыя падтрымкі. Складалася яна пераважна з дробнай шляхты. І, нягледзячы на тое, што магнаты схіляліся больш у бок германскага імператара Максіміліяна ІІ, на элекцыйным сейме большасцю галасоў каралём быў абраны Стэфан Баторый.

Вянчанне і каранацыя каралеўскай пары адбыліся 1 мая 1576 года ў Кракаве. Шчаслівая нявеста выглядала значна маладзейшай, чым была на самой справе. У чаканні жаніха Ягелонка зрабіла з сабою цуд. Касметыка, дыета, складаныя водныя працэдуры, здавалася, вярнулі ёй страчаную маладосць, а шчасце зрабіла яе такой прывабнай, якой яна не была нават у юнацтве. Калі кароль і каралева выходзілі з касцёла, народ, забыўшыся, што Ганне пяцьдзесят тры гады, сустракаў яе пажаданнямі: «Дзяцей вам, пані каралева! У год па аднаму!».

На жаль, дзяцей у Ягелонкі і Баторыя быць ужо не магло. Але каралю хапала тактоўнасці не завастраць на гэтым увагі. Хаця, як любому мужчыне, яму, безумоўна, хацелася мець спадчынніка.

Стэфан Баторый увайшоў у гісторыю Польшчы і Беларусі як моцны і справядлівы манарх. Дзяржаўныя справы адбіралі ў караля амаль увесь час. Таму ён, на жаль, не часта радаваў жонку сваёй прысутнасцю ў Кракаве. Або вайна, або сейм, або дыпламатычная сустрэча... Палітычная неабходнасць вымушала Баторыя шмат часу знаходзіцца ў Вялікім княстве Літоўскім. І ён абраў сваёй часовай рэзідэнцыяй замак у Гародні, які спецыяльна перабудавалі для яго.

У 1581 годзе нервы Ганны, якая моцна кахала мужа і раўнавала яго да ўсіх сваіх фрэйлін, здалі. Яна раптам заявіла, што хоча развесціся, бо кароль, пэўна, здраджвае ёй. Каб атрымаць доказы нявернасці Баторыя, Ганна падаслала да яго некалькі адданых ёй людзей. Ім трэба было толькі зафіксаваць наяўнасць у караля іншай жанчыны. Нават калі б гэта была служанка альбо сялянка і Баторый наведаў бы яе толькі аднойчы – развод быў бы непазбежным. На агульнае здзіўленне, Стэфан Баторый аказаўся незвычайна верным мужам. Упэўніўшыся ў гэтым, Ганна Ягелонка доўга маліла Бога дараваць ёй яе падазрэнні.

Каралева Ганна Ягелонка адышла ў нябыт у 1596 годзе, перажыўшы свайго караля на дзесяць гадоў. Разам з ёю ціха і непрыкметна згасла стагоддзе, якое ўвайшло ў гісторыю як «залаты век» мастацтва і культуры Беларусі і Польшчы.

Теги: асоба  ягелоны  
 
Iрына Маслянiцына, Мiкола Багадзяж

 
Rambler's Top100Размещение рекламы на сайтеПроизводство сайта - Студия Компас
Использование материалов с сайта возможно только при условии размещения активной ссылки на сайт.